Расейскія войскі больш як месяц сваёй акупацыі Чарнобыльскай АЭС і зоны адчужэньня знаходзіліся ў найбольш небясьпечным месцы з пункту гледжаньня радыяцыйнага заражэньня і атрымалі гадавую дозу апраменьваньня.
У 1986 годзе на гэты ўчастак выпала найбольш радыяактыўнага пылу, а ў 2020-м лес амаль цалкам згарэў у маштабных пажарах. За апошнія паўтара года радыяактыўны пыл асеў, але па ўмовах радыяцыйнай бясьпекі на гэтую тэрыторыю нельга заходзіць.
Калі расейскія салдаты пачалі акопвацца ў радыяцыйным лесе, дакладна невядома. У зону адчужэньня і на Чарнобыльскую АЭС яны зайшлі 24 лютага. На здымку, зробленым са спадарожніка 26 лютага, лягеру ў Рудым лесе яшчэ не было.
Лягер, хоць і ня зь вельмі дакладнымі межамі, ужо відаць на здымку ад 16 сакавіка.
На іншых спадарожнікавых здымках, зробленых 28 і 29 сакавіка, відаць, што побач зь лягерам, які стаў месцам сталага знаходжаньня для расейскіх салдатаў, былі пажары. Па характары ўзгараньня было падобна, што гарыць сухая трава. Нават такія невялікія пажары выклікаюць павелічэньне радыяцыйнага фону.
Калі меркаваць па здымку са спадарожніка за 29 сакавіка, зробленым на наступны дзень пасьля пажару, дрэвы і трава на тэрыторыі лягера і вакол яго амаль поўнасьцю выгаралі.
Сябра грамадзкай рады пры Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны для кіраваньня зонай адчужэньня Яраслаў Емяльяненка, камэнтуючы відэазапіс, сказаў, што, мяркуючы па месцы знаходжаньня акопаў, расейцы атрымалі максымальна магчымую дозу апраменьваньня, бо ў гэтай мясцовасьці ўзроўні і на паверхні глебы вельмі высокія.
«А што там было на глыбіні некалькіх мэтраў, нават складана ўявіць. Яны ня проста выкапалі бліндажы на заходнім сьледзе радыяцыйнага забруджаньня. І ня проста трымалі там абарону, а жылі там!» — сказаў Яраслаў Емяльяненка.
Кіраўнік Міністэрства аховы навакольнага асяродзьдзя Ўкраіны Руслан Стрылец мяркуе, што расейцы абралі гэтае месца паблізу Чарнобыльскай АЭС для свайго лягера, каб пазьбегнуць магчымых абстрэлаў з боку ўкраінскай арміі і такім чынам захаваць сябе і сваю вайсковую тэхніку.
«Неразуменьне (небясьпекі) прывяло да таго, што яны проста акапаліся ў Рудым лесе, атрымалі велізарнае апраменьваньне. Спэцыялісты кажуць, што за двое сутак знаходжаньня ў Рудым лесе чалавек атрымлівае апраменьваньне, якое можна параўнаць з гадавой дозай, то бок фактычна ўсе тыя, хто там знаходзіўся, сёньня яны сьмяротнікі, якія ня маюць шанцаў на далейшае жыцьцё», — патлумачыў Руслан Стрылец.
Расейцы захапілі закрытую Чарнобыльскую атамную электрастанцыю ў першы дзень вайны, 24 лютага. Больш як за месяц яны дазволілі толькі адну частковую зьмену пэрсаналу, а ў канцы сакавіка пачалі штурмаваць Славуціч — горад-спадарожнік станцыі.
Горад Славуціч удалося адстаяць, а расейцы пачалі акопвацца і ствараць фартыфікацыйныя збудаваньні ў найбольш небясьпечным у зоне адчужэньня месцы — у Рудым лесе, на які ў 1986 годзе выпала найбольш радыяактыўнага пылу.
Увечары 31 сакавіка расейцы вырашылі пакінуць тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Дакладна невядомая колькасьць вайсковай тэхнікі, якую Расея перакідала зь Беларусі на ўкраінскую тэрыторыю зоны адчужэньня і станцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў