Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка загаварыў пра магчымасьць блякаваньня сацсетак


Нарада Аляксандра Лукашэнкі аб пытаньнях дзейнасьці СМІ. 25 сакавіка 2022
Нарада Аляксандра Лукашэнкі аб пытаньнях дзейнасьці СМІ. 25 сакавіка 2022

Забарона недзяржаўных мэдыя не змагла радыкальна памяняць сытуацыю на карысьць уладаў. Спроба заблякаваць сацыяльныя сеткі, пра магчымасьць якой Аляксандар Лукашэнка заявіў 25 сакавіка, мала што зьменіць.

Калі ў краіне разгараецца эканамічны крызіс, абвальваецца абменны курс рубля, нарастае дэфіцыт валюты і тавараў у крамах, спыняюцца вытворчасьці, то якая самая важная тэма павінна абмяркоўвацца кіраўніцтвам дзяржавы? Правільна, вы ўгадалі: аб бягучых пытаньнях дзейнасьці СМІ. Нарада на гэтую тэму адбылася 25 сакавіка ў Лукашэнкі. Што ў каго баліць...

Лёгіка тут відавочная. Калі ў краіне цяжкая сытуацыя, то трэба ўзмацніць кантроль над СМІ, інфармацыйнымі рэсурсамі. Каб даводзіць людзям, што чорнае — гэта белае, а тое, што яны бачаць на ўласныя вочы, — няпраўда. І гэтак далей.

Не выпадкова Лукашэнка выдаў хвалебны сьпіч прапагандзе. У яго ёсьць асабісты жыцьцёвы досьвед яшчэ савецкіх часоў, калі ідэалёгія, прапаганда выконвалі важную ролю ў існаваньні камуністычнага рэжыму. Дый досьвед 1990–2000-х гадоў вельмі пераканаўча дэманстраваў простую рэч: у каго манаполія на мэдыя, той і дамінуе ў палітыцы. Ягоная настальгія па тым пэрыядзе зразумелая.

Але тыя часы беззваротна мінулі. Сьвет уступіў у эпоху інтэрнэту. А неразваротлівая дзяржаўная прапаганда ня можа пасьпяхова функцыянаваць ва ўмовах канкурэнцыі. Дыскутаваць з апанэнтамі, спрачацца з дапамогай аргумэнтаў афіцыйныя мэдыя ня здольныя паводле самой сваёй прыроды. Лукашэнка, кажучы пра інтэрнэт, быў вымушаны прызнаць: «...Гаварыць, што наша інфармацыя дамінуе, што мы там перамагаем, пакуль, напэўна, заўчасна».

Адзіны вядомы ўладам спосаб дзеяньня ў гэтых умовах даўно вядомы, ён немудрагелісты і зводзіцца да простага, як аглобля, мэтаду: заткнуць рот апанэнту, карыстаючыся мэханізмам дзяржаўнага прымусу. Уласна кажучы, увесь пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі — гэта гісторыя змаганьня зь незалежнымі мэдыя з дапамогай рэпрэсій. Пасьля 2020 году ўлады, здаецца, забаранілі ўсё, што толькі можна. Цяпер на парадак дня пастаўлена пытаньне пра забарону сацыяльных сетак, YouTube і інш. Здаецца, гэтая тэма і была галоўнай на нарадзе.

І тут стаўка робіцца на падтрымку Расеі, у якой большыя магчымасьці блякаваньня інтэрнэту. Не выпадкова Лукашэнка адзначыў, што «разьвіваць трэба свае рэсурсы, у тым ліку і разам з расейцамі».

Але праблема тут вось у чым. Тое, што добра працуе ў Расеі, у Беларусі не дае вялікага эфэкту. У РФ грамадзтва пераважна давярае дзяржаўным тэлеканалам. Што спрычынілася да масавай падтрымкі вайны супраць Украіны. У Беларусі давер да дзяржаўных мэдыя непараўнальна меншы. І забарона недзяржаўных СМІ не змагла радыкальна памяняць сытуацыю. Мяркую, чарговая спроба заблякаваць сацыяльныя сеткі мала што зьменіць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG