Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзякуючы вайне ва Ўкраіне рэжым зламае сабе шыю». Аляксандар Няўзораў пра вайну ва Ўкраіне, Пуціна і сваю крымінальную справу


Аляксандар Няўзораў
Аляксандар Няўзораў

Сьледчы камітэт РФ 22 сакавіка ўзбудзіў крымінальную справу ў дачыненьні да публіцыста Аляксандра Няўзорава па артыкуле аб «фэйках пра расейскае войска».

Журналіста, якога лічаць адным са «слупоў» расейскай журналістыкі 90-х, абвінавачваюць у тым, што той на сваім ютуб-канале апублікаваў «заведама ілжывую інфармацыю аб наўмысным абстрэле Ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі радзільнага дома ў горадзе Марыюпалі».

«Публікацыі суправаджаліся несапраўднымі фатаграфіямі пацярпелых ад абстрэлу мірных грамадзян. Крыніцамі распаўсюджваньня гэтых малюнкаў зьяўляюцца ўкраінскія СМІ», — заявілі ў Сьледчым камітэце. Па новым «законе аб фэйках» Няўзораву пагражае да 15 гадоў турмы — калі ён вернецца ў Расею. Цяпер ён за мяжой.

У інтэрвію карэспандэнту «Настоящего времени» Ігару Сяўругіну Няўзораў заявіў, што бачыў украінцаў у баі яшчэ ў чачэнскую вайну і ўжо тады разумеў, «што гэта нейкі зусім улётны народ», і не сумняваецца ў тым, што Расея вайну ва Ўкраіне прайграе.


— Ці выходзіў на вас нехта са Сьледчага камітэту?

— Не. Пакуль на мяне ніхто не выходзіў. Але на мяне тут у пустыні хрэн выйдзеш, тут на мяне ў асноўным выходзяць вярблюды, козы.

— Гэта ў Ізраілі ў вас так?

— Гэта непадалёк.

— Як вы пачулі з вуснаў Пятрэнкі (прадстаўніка Сьледчага камітэту. — НВ), яны вас шукаюць. Вы плянуеце ўвогуле вяртацца ў Расею?

— Я наогул, шчыра кажучы, вядома, пляную вяртацца ў Расею. Але тут узьнікае такі абсалютна дурны выбар: так, я вельмі люблю цярновыя вянкі, я вельмі люблю ўсякія пакутніцтвы. Але, на жаль, гэта будзе зараз выглядаць крышку другасна пасьля Навальнага. І ёсьць яшчэ адна праблема: калі я застаюся тут, то я захоўваю здольнасьць гаварыць і ўсё ж уносіць свой уклад у тое, каб гэтая вар’яцкая злачынная шызафрэнічная вайна скончылася. Але калі я апынаюся ў Расеі, зразумела, што з камэры я буду толькі маўчаць. Трэба мне разабрацца, што ў маіх пачуцьцях мне даражэй: ці то магчымасьць прыгожа скончыць свае дні, ці ўсё ж яшчэ ім папсаваць...

— Вы апублікавалі адкрыты ліст кіраўніку Сьледчага камітэту Бастрыкіну, у ім прапануеце закрыць сваю справу. Па-першае, навошта вы яго напісалі? Ці сапраўды вы разьлічваеце на адказ ці нейкую рэакцыю ад яго?

— Што значыць навошта? Цяпер з 40 тысяч журналістаў у Расеі прыкладна 10-15-20, яшчэ цалкам не зарослыя пуцінскім мохам, глядзяць на мяне і мяркуюць, гадаюць, а кім жа ім быць? Ці быць ім сапраўды журналістамі, якія атрымліваюць заслужаную, хай не заўсёды адназначную, хай не заўсёды стэрыльную, але тым ня менш славу, ці ператварацца ім у нейкае такое дробнае рэдакцыйнае гаўняцо, у пыл, у мэблю, якая гатовая інфармацыйна абслужыць любога начальніка, любое начальніцкае мурло. Вось яны думаюць, з каго ім рабіць жыцьцё. І зразумела, што за ўсёй гэтай гісторыяй у першую чаргу назіраюць менавіта яны.

Яны разумеюць, што зараз час, які прапануе цаной вялікай адвагі і вялікіх рашэньняў зрабіць дзіўную карʼеру, дзіўнае імя ў гэтай прафэсіі, але — так, вядома, цаной стратаў. І для таго, каб яны не гублялі са мной сувязь, я, па сутнасьці, гэты ліст і напісаў. Плюс я ўвогуле ведаю Бастрыкіна і ўпэўнены, што ён гэтую справу ўзбуджаў без усялякага задавальненьня, разумеючы, што ён заплямліваецца ў стагодзьдзях як інквізытар, яго ня вельмі задавальняе гэтая роля. Гэта вельмі далёка ад ягоных уяўленьняў пра сябе самога і пра сваё амплюа.

— Я б хацеў працягнуць гэтую тэму. Вы сказалі, што ў вас былі нейкія дамоўленасьці з Крамлём з 2014 году аб нейкім «карэктным» асьвятленьні навінавых падзеяў. Гэта так?

— Не аб «карэктным», не скажайце. Не, была дамоўленасьць аб тым, што я, скажам так, максымальна працую на траціну свайго патэнцыялу, бо Крэмль добра ведае, што я магу нарабіць у эфірах. І за гэта яны ня соваюць нос увогуле ў мае справы. Але я кажу тое, што я лічу патрэбным, тады, калі я лічу патрэбным, не арыентуюся ні на кога, ні з кім не ўзгадняючы і пасылаючы гэты вялікі рускі цэнзурны ваенны карабель на той самы...

— А хто з бакоў, наогул чаму, я так разумею, Расея ў асобе гэтых дамоўленасьцяў зь людзьмі, у якіх былі, чаму яны парушылі гэтыя ўмовы?

— Таму што ў іх цяпер цалкам едзе дах. Яны разумеюць, што прайграюць па ўсіх франтах дзякуючы прапагандзе, дзякуючы трызьненьню. Трызьненьне, як ні дзіўна, часам вельмі гаючая рэч, вельмі патрэбная рэч. І калі б увесь дзяржаўны апарат ня быў бы нагэтулькі лухтаносны, дык, напэўна, ім было б складаней зараз хлусіць і выкручвацца. Але мы бачым, што яны абсалютна любое трызьненьне прымудраюцца выказаць і любое трызьненьне прымудраюцца працягнуць у масы. А масы ўдзячныя, таму што масам чым больш лухты, тым лепш.

— Але цяпер па вялікім рахунку, я ня ведаю, правільна гэта ці карэктна гэта казаць, у вас рукі разьвязаныя? Гэта значыць, калі яны ўзбуджаюць на вас крымінальную справу — і, адпаведна, ні аб якіх дамоўленасьцях гаворкі быць ня можа? Як вы будзеце спрабаваць пераконваць людзей, частку грамадзтва, упэўненых у тым, што гэтая так званая спэцыяльная апэрацыя — гэта правільна?

— Іх немагчыма пераканаць. Трэба разумець, што, па-першае, іх думка насамрэч нічога ня значыць.

Я бачыў гэтых людзей у 1991 годзе, я бачыў гэтых людзей у 1993 годзе, я ведаю, да якой ступені гэтыя масы інэртныя, пустагаловыя і пазбаўленыя найменшых уяўленьняў пра дабро, зло, праўду, вайну. Вось ім вельмі падабаецца, што цяпер у гэтую хвіліну яны зьяўляюцца часткай вялікай злоснай магутнай зграі, якой баіцца ўвесь сьвет. Яны жывуць гэтым страхам, які яны выклікаюць у чалавецтва. І гэта іх цалкам задавальняе.

Іншая справа, што гэтая эмоцыя, яна ня можа быць даўгавечнай. Мы вось зараз бачым гэты прапуцінскі мітынг у «Лужніках». Ён быў своеасаблівага роду наркотыкам, які неабходны Пуціну, які неабходны верхаводам, скажам гэтак, сёньняшняга рэжыму маладзейшым, чым Пуцін. Вось яны атрымалі няхай і фальшывы, няхай і куплены, няхай і сагнаны, але ўсё роўна набор пачуцьцяў і эмоцый, якія ім так неабходныя. І трэба сказаць, што гэтая цёмная публіка заўжды будзе прапаноўваць рэжыму сябе і свае пачуцьці. Так, яна будзе пры гэтым і грошыкі за гэта хацець, і сьцягі будзе потым кідаць у вёдры ждля сьмецьця. Але Расея, на жаль, заўсёды арыентаваная на тое, каб у ёй перамагло зло.

— Цяпер ёсьць такія два сьцьвярджэньні: трэцяя сусьветная вайна ўжо ідзе, і грамадзянская вайна ў Расеі ўжо ідзе. Якое зь іх бліжэйшае да ісьціны, як вам здаецца?

— А ніводнае ня блізкае, таму што грамадзянская вайна ў Расеі не ідзе, ня цешце сябе. У Расеі ўсё роўна вельмі няшмат людзей, якія думаюць. І гэтыя людзі, якія думаюць, маюць вельмі малы на дадзены момант уплыў. Ён так, узрастае, але ўзрастае павольна, зноў-такі з прычыны баязьлівасьці расейскай прэсы, праз тое, што не існуе ніводнага сродку масавай інфармацыі, які мог бы структуравана і штодня тлумачыць усім, што ёсьць што, а ў тых нямногіх людзях падтрымліваць інтэлектуальны і палітычны аптымізм. Апошні такі орган — «Новая газета», але, мяркуючы па ўсіх прыметах, і яе могуць зараз прыдушыць сапраўды гэтак жа, як яны зраўнялі зь зямлёй «Рэха Масквы».

Усе вось гэтыя адзіночныя разавыя, тыднёвыя выступленьні мае ці каго яшчэ — гэта выдатна. Але патрэбная сыстэма падачы інфармацыі, і вы як рэгулярная праграма разумееце гэта ня горш за мяне. Галоўнае было — зьнішчыць сыстэмы, галоўнае было — паказаць, што рэжым ня спыніцца ні перад якімі імёнамі, ні перад чыёй значнасьцю і вядомасьцю. Яны хочуць паказаць, што рэжым бязьлітасны і ўсіх, хто драбнейшы, чым я, ён проста будзе перакусваць, не задумваючыся, у два прыёмы.

— Вы ў канцы студзеня, адказваючы на пытаньне аб магчымай вайне ва Ўкраіне, казалі: «Пуцін можа рызыкнуць, але гэта яго апошняя карта». Як мы бачым, Пуцін рызыкнуў. Але зараз, празь месяц вайны, вы па-ранейшаму ўпэўненыя, што карт у яго больш не засталося?

— Вядома. І менавіта дзякуючы гэтай вайне, як бы яна ні скончылася, рэжым, безумоўна, зломіць сабе шыю, ніколі рэжым ня ўбачыць перамогі, бо гэта нават ня пірава перамога. Гэта ў любым выпадку паражэньне. Такой цаной, цаной поўнага спусташэньня ўласнай краіны, цаной праклятасьці ва ўсім сьвеце, праклятасьці на шмат пакаленьняў, такой цаной войны выйграныя нікому не патрэбныя. Гэта ўжо аўтаматычны пройгрыш. Гэта значыць, у Пуціна ў кішэні надзейна і моцна прайграная вайна.

— А ці зразумее гэта, як любяць выказвацца некаторыя палітолягі, «глыбінны народ»? І калі ён гэта зразумее?

— Зразумее, безумоўна, і ў нас яшчэ будзе вялікая праблема: як усіх гэтых адзамбаваных, баязьлівых, пакорлівых, паслухмяных, тупых, шызафрэніруючых ратаваць ад гневу натоўпаў, не даваць іх вешаць і мучыць. Вось гэта будзе сурʼёзная праблема. Гэта прыйдзецца рабіць, таму што я падазраю, што тая невялікая колькасьць цывілізаваных людзей у Расеі не хацелі б саўдзельнічаць у тым, што народ будзе рабіць зь сёньняшнімі гіпнатызёрамі, зь сёньняшнімі прапаведнікамі вайны, а несумненна — будзе.

— У вас ёсьць уяўленьне аб тым, што Пуцін будзе рабіць далей і што будзе рабіць ягонае асяродзьдзе?

— У мяне таксама адказу няма. У яго шмат варыянтаў. У яго ёсьць прапанаваны «Масяняй» варыянт, па-мойму вельмі прыгожы. «Масяня» прапануе яму кароткі самурайскі меч для так званага харакіры, хтосьці прапануе парабэлум, хтосьці прапануе кольт, хтосьці прапануе люгер, хтосьці прапануе Smith & Wesson — гэта значыць, варыянтаў вельмі шмат, вось такіх вось варыянтаў гонару. А варыянты бязбожнасьці — гэта чырвоныя кнопкі, ядзерныя ракеты. Усе разумеюць, што мы палаем у полымі, чакаць ад яго нейкіх праяў гонару і мужнасьці, я думаю, зусім бессэнсоўна.

— Я думаю, што вы, напэўна, сёньня чыталі навіну пра Шайгу, пра яго зьнікненьне, што не зьяўляецца ён даволі доўга на публіцы. Як адрэагавалі?

— Так, я чытаў. Я ніяк пакуль не рэагую, таму што я разумею, што Шайгу пры ўсіх ягоных дзікіх недахопах і ня менш дзікіх добрых якасьцях — абсалютна дэкаратыўная фігура. Ён быў прызначаны сябрам, не забывайце, што міністар абароны — гэта заўсёды істота абавязкова бясшкодная, таму што з усіх астатніх структурных кіраўнікоў дзяржавы ён адзіны мае магчымасьць заўсёды зьнесьці прэзыдэнта, арыштаваць яго і зрабіць зь ім усё што заўгодна. Сілы яго занадта вялікія, і яны пераўзыходзяць магчымасьці любога прэзыдэнта. Таму, вядома ж, да падбору міністра абароны вельмі трапяткі, вельмі пільны падыход. Вось падабралі Шайгу. Ён ня зможа быць самастойнай фігурай ні са знакам «плюс», ні са знакам «мінус».

— У адным са сваіх відэа, хоць я думаю, што не ў адным, вы прадказваеце хуткае падзеньне пуцінскага рэжыму. Не пытаюся ў вас, калі гэта будзе. Але хацеў бы вас спытаць, да чаго гэта будзе падобна? Як ён упадзе?

— Мы ж усе народжаныя ў гэтыя неверагодныя, неймаверныя фатальныя дні, мы зараз маем магчымасьць атрымаць зусім неацэнны ўрок гісторыі, калі застанемся жывыя. Мы будзем мець магчымасьць назіраць працэсы не ў радках пыльных кніг, не ў дурных пастановачных кінафільмах, мы ўбачым, як гэтае жыцьцё, з чаго ў рэчаіснасьці гэтая гісторыя складаецца. Пакуль гэта дэтэктыў. Пакуль мы ня ведаем, і ніхто, я падазраю, ня ведае канца. Прадказваць можна, але любое прадказаньне будзе ў той ці іншай ступені недакладнае і спэкулятыўнае.

— Як вам здаецца, што будзе з Украінай?

— Украіна будзе выдатнай камфортнай дзяржавай, якая на вельмі шмат гадоў стане ўзорам для ўсёй Эўропы. У Эўропе ўсё добра з пракладкамі, манпансье, цудоўнай гарбатай і найлепшай у сьвеце макаронаю. Але той самы баявы дух, жаданьне за сваю свабоду перагрызьці горла, вельмі эўрапейскае жаданьне, я б сказаў, такое, як быццам яно прыйшло зь мінулых стагодзьдзяў, вельмі чыстае і вельмі бліскучае жаданьне свабоды і гатоўнасьць за гэтую свабоду паміраць зробіць Украіну, несумненна, адной з самых аўтарытэтных краінаў сьвету.

— Як думаеце, Эўропа не чакала такой сьмеласьці ад украінскага народу, ад украінскай улады?

— Акрамя мяне, ніхто не чакаў, і вы, напэўна, таксама. Проста ў адрозьненьне ад вас ад усіх я бачыў украінцаў у баі, прычым я быў на другім баку. Я быў у іх у прыцэле, і яны ў мяне. І я бачыў, як яны сябе паводзяць. А мой досьвед дазваляе мне падсумоўваць і ацэньваць даволі правільна, як той казаў, той чалавечы патэнцыял. Гэта было на чачэнскай вайне, дзе ваявалі батальёны яшчэ УНА-УНСО. Але, апроч нацыяналістычных батальёнаў, там былі і батальёны добраахвотнікаў, якія клалі свае галовы за Чачню, клалі адважна і клалі незвычайна вынікова. І па стылі іх бою, па асаблівасьцях допытаў палонных і параненых мне таксама даводзілася гэта ўсё бачыць, я разумеў, што гэта нейкі зусім улётны народ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG