10 кітайскіх юаняў, паводле Нацбанку, цяпер каштуюць 5,1 беларускага рубля. Яшчэ 16 сакавіка, пасьля заяваў Лукашэнкі, беларуская валютна-фондавая біржа анансавала таргі кітайскім юанем. Пасьля біржа адсправаздачылася, што таргі юанем пасьпяхова стартавалі і адбылося 10 угод.
Напрыклад, 23 сакавіка па далярах адбылося 63 угоды, па эўра — 29, па юанях — толькі адна.
«Валюце давяраюць, калі ведаюць, што яна карыстаецца попытам»
На думку эканаміста Дзьмітра Крука, у выпадку нястачы даляраў і эўра юанем могуць пачаць карыстацца.
«Нельга сказаць, што няма ніякіх шанцаў, але гэта будзе не дабраахвотны выбар. Калі будзе дэфіцыт гатоўкі і безнаяўных праз санкцыі, праз пагаршэньне гандлёвага балянсу і ўзьнікне дэфіцыт традыцыйных валютаў, то юань можа стаць для кагосьці выбарам», — кажа Дзьмітры Крук.
Але для хаджэньня юаня ў Беларусі мусіць супасьці шэраг фактараў:
«Нейкай валюце давяраюць, калі ведаюць, што яна карыстаецца попытам, што пасьля гэты юань можна будзе прадаць. Аднамомантна такое не адбываецца. Таксама патрэбен доступ да юаняў. Таму пытаньне: ці будзе іх прыток за кошт гандлю, бо нават калі ён будзе, ён будзе невялікі. Каб задаволіць попыт на юані, калі ён раптам узьнікне, патрэбныя дамовы зь кітайскімі банкамі. Незразумела, ці такія дамовы ёсьць», — тлумачыць Дзьмітры Крук.
Паводле эканаміста Аляксея Харкевіча, адмовіцца ад нейкай звыклай валюты ў адзін момант нельга.
«Даляры забясьпечаны доступам да амэрыканскіх тэхналёгій, абаронены амэрыканскай дзяржавай, ёсьць давер да гэтай валюты. Адмовіцца ад іх у адзін момант нельга», — кажа Аляксей Харкевіч.
Што да пераходу з даляраў да юаня, то на думку эканаміста Аляксея Харкевіча, гэта «нерэальны жэст».
«Зь юанем у Эгіпет не паедзеш»
Для большасьці беларусаў даляры і эўра доўгі час былі асноўным сродкам ашчаджэньня грошай. Памер арэнды за жыльлё беларусы мераюць у далярах.
«Адмовіцца ад даляраў нельга. Калі чалавек едзе ў Эгіпет, то туды не паедзеш з юанем ці зь беларускім рублём. Юанямі можна разьлічвацца толькі ў тых краінах, дзе яны зьяўляюцца сродкам плацяжоў. Беларусь далёка ад Кітаю, у Беларусі шмат суседзяў, апроч Расеі. Рэальных падставаў для хаджэньня юаняў у Беларусі няма, і яны ня хутка зьявяцца», — мяркуе Аляксей Харкевіч.
«Расейскі рубель яшчэ менш пэрспэктыўны, чым юань»
Што да пераходу на расейскі рубель, то Аляксей Харкевіч прыводзіць прыклад, што расейскія банкі і так адключаюць ад міжнародных сыстэм.
«Ва ўмовах заслоны і ізаляцыі нешта мусіць выкарыстоўвацца для абмену таварамі. Можна яшчэ, як у дзяцінстве, лапухамі разьлічвацца. Эквівалент абмену таварамі мусіць быць. Можна ў такой сытуацыі і расейскі рубель выкарыстоўваць. Калі параўноўваць юань і расейскі рубель, то лепш, вядома, юань, бо ён хаця б інтэграваны ў міжнародную сыстэму, а інтэграцыя расейскага рубля пад вялікім пытаньнем», — гаворыць Аляксей Харкевіч.
Паводле Дзьмітрыя Крука, пэрспэктывы расейскай валюты сумныя, ёсьць вялікая ступень няпэўнасьці з курсам.
«Вялікая рызыка, нельга прадказаць, што будзе далей адбывацца з курсам расейскага рубля. Вядома, калі зусім іншых опцый ня будзе, то хтосьці, магчыма, зробіць выбар на карысьць расейскага», — мяркуе Дзьмітры Крук.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.