Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз сувязі на чужой зямлі. Чаму захлынуўся наступ Расеі ва Ўкраіне


Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Харкавам. 16 сакавіка
Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Харкавам. 16 сакавіка

Расьсьледаваньне Рускай службы Радыё Свабода расказвае, якія сур’ёзныя праблемы з абароненай сувязьзю і з абменам дадзенымі паміж рознымі родамі войскаў сталі адной з прычынаў няўдач расейскага войска пры наступе на Ўкраіну.

«У нас няма сувязі, у нас ні рацый няма, нічога», — расказвае чарговы ўзяты ў палон расейскі салдат на адным са шматлікіх відэа, апублікаваных украінскім бокам з пачатку вайны з Расеяй.

«Тут сувязь не працуе, ні на каго выйсьці ня можам», — паведамляе прымацаваны да расейскай арміі афіцэр ФСБ свайму калегу па той бок мяжы.

Прайшло ўсяго тры тыдні ваенных дзеяньняў, а інтэрнэт ужо запоўнены фатаздымкамі танных кітайскіх рацый, якімі вымушаныя карыстацца расейскія вайскоўцы замест прафэсійнай тэхнікі, перахопамі размоваў расейскіх афіцэраў, якім даводзіцца тэлефанаваць адзін аднаму па звычайных тэлефонах, і сьведчаньнямі палонных, якія расказваюць, як не змаглі выклікаць падмацаваньне або знайсьці патрэбную дарогу з прычыны адсутнасьці камунікацыі з навакольным сьветам.

Як піша The New York Times са спасылкай на крыніцы ў войску ЗША, з чатырох расейскіх генэралаў, ужо забітых ва Ўкраіне, як мінімум адзін загінуў пасьля таго, як суперніку ўдалося засекчы яго месцазнаходжаньне — дзякуючы званку па неабароненай лініі.

Крыніца расьсьледвальніцкай групы Conflict Intelligence Team у адным з расейскіх злучэньняў, якія ўдзельнічаюць ва ўварваньні ва Ўкраіну, пацьвердзіла, што «расейскія вайскоўцы ў асноўным карыстаюцца рацыямі цывільнага ўзору і сотавымі тэлефонамі».

Нарэшце, яшчэ 26 лютага BBC апублікавала пераказ галасавых паведамленьняў, што трапілі ў рэдакцыю і якімі напярэдадні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну абменьваліся, як мяркуецца, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і намесьнік чачэнскай Расгвардыі Данііл Мартынаў. Мартынаў расказвае, што зьбіраецца «зматацца ў Маскву», каб узяць «чыстыя ўкраінскія сім-карты» і «спэцыяльныя спадарожнікавыя мадэмы».

Экспэрт, зь якім паразмаўляла Радыё Свабода, кажа, што праблема з сувязьзю паміж вайсковымі падразьдзяленьнямі і рознымі родамі войскаў стала адной з асноўных прычынаў, па якой ва Ўкраіне расейскі наступ на зямлі фактычна захлынуўся, а дзеяньні авіяцыі з часам сталі менш эфэктыўнымі.

Паспрабаваўшы разабрацца ў крыніцах гэтай праблемы, Радыё Свабода прыйшло да высновы, што ў праблемах расейскага войска з сувязьзю вінаватыя і карупцыя, і агульная тэхнічная адсталасьць войскаў, і фактар вайны на чужой зямлі, дзе ў руках суперніка знаходзяцца ня толькі сотавыя сеткі, але і дротавая сувязь, якая паказала сябе надзейным запасным каналам.

Наступ без «Азарта»

Вайна ў Грузіі ў жніўні 2008 году сярод іншага прадэманстравала катастрафічныя праблемы расейскага войска з сувязьзю. Некаторыя падразьдзяленьні фактычна былі пазбаўленыя магчымасьці камунікаваць з камандаваньнем, замест вайсковых рацый выкарыстоўваліся мабільныя тэлефоны і нават «фельдʼегерская пошта». Афіцэр штабу ВДВ аблятаў дэсантныя падразьдзяленьні на верталёце, высаджваўся і асабіста ставіў задачы.

Расейская армія ў Грузіі. Кастрычнік 2008
Расейская армія ў Грузіі. Кастрычнік 2008

Гэта праблема была прызнаная на афіцыйным узроўні. У 2009 годзе Яўген Мейчык, на той момант начальнік войскаў сувязі і намесьнік начальніка Генштабу, заявіў, што «пад кіраўніцтвам асабіста міністра абароны, па ўказаньні прэзыдэнта РФ былі цалкам перагледжаныя падыходы да арганізацыі ўсёй сыстэмы кіраваньня і, у прыватнасьці, сыстэмы сувязі». «Да канца 2011 году мы плянуем давесьці радыёстанцыю да кожнага вайскоўца, да кожнай баявой машыны», — дадаў генэрал.

На той момант асноўным комплексам вайсковай радыёсувязі тактычнага ўзроўню быў «Акведук», сямейства радыёстанцый Р-168, якое з пачатку 2000-х распрацоўваў варонескі НДІ сувязі (канцэрн «Созвездие»). Зрэшты, і гэтая сыстэма стала шырока паступаць у войскі ўжо пасьля вайны ў Грузіі — і пераважна ў войскі ВДВ.

Калі Мейчык абяцаў давесьці сувязь «да кожнага вайскоўца», ён меў на ўвазе менавіта «Акведук». Але пакуль рацыі сямейства Р-168 яшчэ «даходзілі» да салдат, міністэрства абароны вырашыла распрацоўваць зусім новую сыстэму тактычнай сувязі ўжо шостага пакаленьня, прычым ня ў звыклым для гэтага канцэрне «Созвездие», а на зеленаградзкім мікраэлектронным прадпрыемстве «Ангстрем», якое ня мела ніякага вопыту ў стварэньні радыёстанцый.

На форумах ваеннай тэматыкі можна сустрэць меркаваньне, што варонескія «Акведукі» у войсках ня любяць, але прычына, па якой новую распрацоўку даверылі зеленаградцам, можа быць больш празаічнай.

Саўладальнікам НПА «Ангстрем» быў Леанід Рэйман, з 2004 па 2008 год міністар сувязі, а з 2008 па 2010 год — дарадца прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзведзева.

З імем Рэймана было зьвязана нямала карупцыйных скандалаў, пры гэтым як былы чалец ураду і дарадца прэзыдэнта ён меў магчымасьць лабіяваць інтарэсы сваёй кампаніі. Стварэньне новай сыстэмы вайсковай радыёсувязі актыўна падтрымлівалі міністар абароны Анатоль Сердзюкоў (неўзабаве і сам, які апынуўся ў цэнтры буйнога карупцыйнага скандалу) і Дзьмітрый Рагозін, якога ў канцы 2011 году прызначылі намесьнікам старшыні ўраду, які курыруе ВПК.

Дзьмітры Мядзьведзеў, Сяргей Шойгу і Анатоль Сердзюкоў
Дзьмітры Мядзьведзеў, Сяргей Шойгу і Анатоль Сердзюкоў

У лютым 2012 году Сердзюкоў і Рагозін прыехалі ў Зеленаград, каб прыняць удзел у прэзэнтацыі першых узораў новай рацыі, якая атрымала назву «Азарт-П1» ці Р-187-П1 (літара «П» азначае партатыўную мадыфікацыю, у далейшым меркавалася дапоўніць сыстэму пераноснымі і вазімымі варыянтамі станцыі — яны дагэтуль так і ня створаныя). Вёў прэзэнтацыю Леанід Рэйман.

Выступаючы перад журналістамі, Рагозін узгадаў грузінскі канфлікт, падчас якога вайскоўцам даводзілася выкарыстоўваць для сувязі асабістыя мабільныя тэлефоны, а таксама сваю мінулую пасаду — прадстаўніка Расеі ў NATO.

«Ёсьць адно паняцьце ў NATO — „зробленыя ўрокі“. Вось прайшоў нейкі час, і мы выпрабавалі прыём самых розных частот — у тым ліку з мабільным тэлефонам. Гэтая сувязь працуе! (...) Калі хочам, умеем рабіць ня толькі па-эўрапейску, але нават, як казаў Чапаеў, „у сусьветным маштабе“», — пахваліўся віцэ-прэмʼер, трымаючы ў руках адзін зь першых узораў «Азарта» — прыбора, які нагадваў буйны мабільны тэлефон зялёнага колеру (пазьней у войсках іх празвалі «зялёнымі» кракадзіламі«) з вельмі доўгай, каля паўмэтра, антэнай.

Сердзюкоў паабяцаў, што 2500 «Азартаў» паступяць у войскі ўжо ў тым жа 2012 годзе, а ў «Ангстреме» падкрэсьлілі, што новая радыёстанцыя цалкам сабраная з кампанэнтаў расейскай вытворчасьці.

Па сваіх заяўленых тэхнічных характарыстыках рацыя «Азарт» сапраўды была перадавой. Яна магла працаваць і як аналягавы, і як лічбавы сродак сувязі, была сумяшчальная з усімі наяўнымі вайсковымі радыёстанцыямі, мела добрую крыптаграфічную абароненасьць, была здольная паводле адмысловага альгарытму зьмяняць частату злучэньня 20 тысяч разоў за сэкунду (так званая тэхналёгія ППРЧ, якая забясьпечвае абарону ад падаўленьня сыгналу радыёэлектроннымі сродкамі суперніка), мела ўбудаваны навігатар, нарэшце, была створаная згодна з сучаснай ідэалёгіяй праграмна вызначанай радыёсыстэмы.

Пры гэтым некаторыя функцыі для прыбора, якім меркавалася забясьпечыць кожнага салдата перадавой, выглядалі залішнімі. Напрыклад, магчымасьць падлучацца да WI-FI або каляровы вадкакрысталічны экран. Рацыя атрымалася складанай ва ўпраўленьні і наладцы, ды і каштавала вельмі дорага — паводле аднаго зь першых тэндэраў, амаль 10 тысяч даляраў па курсе таго часу.

Заявы аб тым, што «Азарт» цалкам зроблены ў Расеі, напэўна былі перабольшаньнем: у рацыі быў устаноўлены працэсар распрацоўкі «НПА ЭЛВИС», выраблены па праектнай норме 65 нанамэтраў. Вытворчых ліній для стварэньня мікрачыпаў паводле гэтай нормы ў Расеі на той момант проста не існавала.

Радыёстанцыя Р-187П1 «Азарт»
Радыёстанцыя Р-187П1 «Азарт»

Анатоль Сердзюкоў абяцаў, што першыя тысячы новых рацый «Азарт» патрапяць у войскі ўжо на працягу 2012 году. Насамрэч, летам 2012 году сыстэма толькі прайшла дзяржаўныя выпрабаваньні, якія былі прызнаныя пасьпяховымі. У канцы году зьявіліся абяцаньні паставіць у войскі партыю першых «Азартаў» у наступным, 2013 годзе — затое адразу 23 тысячы прыладаў. Яшчэ праз паўгода зьявілася новая заява: «Азарты» павінны паступіць у войскі вось-вось, да канца лета 2013 году. Увесну 2014 году высьветлілася, што «Азарты» выкарыстоўваліся для сувязі на Алімпійскіх гульнях у Сочы, пры гэтым зьвестак аб паступленьні радыёстанцыі ў войскі хоць у нейкім абʼёме, ня кажучы аб абяцаных 23 тысячах, не было.

На радыёфорумах у інтэрнэце абмяркоўвалася, што Сердзюкову з Рагозіным паказалі не гатовую распрацоўку, а адзінкавыя макеты, далёкія ад сэрыйнай прадукцыі. Хоць знайсьці падрабязнай інфармацыі аб фактычных пастаўках «Азартаў» у ВС РФ Радыё Свабода не ўдалося, мяркуючы па ўскосных дадзеных, першыя некалькі тысяч новых рацый паступілі ў войскі толькі ў 2014-2015 гадах (да лютага 2015 году — усяго толькі 2000) — адначасова з падзеямі ў Крыме і Данбасе і з пачаткам расейскай вайсковай апэрацыі ў Сырыі.

«Ня дай бог, да ворага патрапіць!»

Разам з гэтым пачалі зьяўляцца і водгукі аб досьведзе выкарыстаньня «Азартаў». Многія зь іх зьмешчаныя на найбуйнейшым расейскім радыёфоруме Radioscanner.ru. Радыё Свабода ня можа незалежна пацьвердзіць іх сапраўднасьць.

Шэраг пастоў пра «Азарты» напісаны карыстальнікам «Домовенок Кузя», які прадставіўся на форуме як ураджэнец Данецкай вобласьці, які ваяваў на баку фармаваньняў «ДНР». Ён апісваў Р-187 як занадта дарагую і складаную станцыю, якая мала пасуе для баявых дзеяньняў на перадавой — нават пры наяўнасьці радыёстанцый у падразьдзяленьні камандзіры не давяралі іх салдатам.

Ваенны экспэрт Уладзімір Арлоў так апісваў вопыт выкарыстаньня «Азартаў» у Сырыі:

«Расейскія войскі сувязі ў Сырыі прысутнічаюць і яны сапраўды забясьпечваюць надзейную сувязь і перадачу дадзеных, але толькі ў межах авіябазы Хмэймім і порту Тартус, а далей прывітаньне маім любімцам з кампаніі „НПА Ангстрем“ зь іх бюджэтным Р-187 „Азарт“ і рэжымам TETRA, бо па-за пунктамі базаваньня ўзброеных сіл Расеі ў Сырыі ўсе карыстаюцца мабільнымі тэлефонамі і кітайскімі „балалайкамі“ („балалайкамі“ або „бакланафонамі“ называюць кітайскія грамадзянскія рацыі маркі Baofeng. — РС), якія працуюць у дыяпазонах сырыйскай транкінгавай сувязі».

Табліца пазыўных службовых асобаў гаўбічнага артылерыйскага дывізіёна для выкарыстаньня з радыёстанцыяй Baofeng, трафэй украінскай арміі, сакавік 2022 году:

З часам пачалі выяўляцца ня толькі ідэалягічныя, але і тэхнічныя праблемы «Азарту». Нягледзячы на заяўленую магчымасьць выкарыстаньня навігацыі, яна аказалася малазручнай. Мапы ў радыёстанцыю можна было загружаць толькі ў спэцыяльным фармаце, прычым выкарыстоўваліся не актуальныя мапы, даступныя мінабароны РФ, а ўчасткі самых звычайных мапаў «Яндэкса» — такім, як аказалася, было тэхнічнае заданьне заказчыка зь меркаваньняў сакрэтнасьці.

Многія рацыі проста пераставалі ўключацца або ўваходзілі пасьля запуску ў «вечны цыкл» самаправеркі. Нарэшце, эфэктыўная адлегласьць, на якой «Азарты» былі здольныя ўсталяваць сувязь, аказалася ў баявых умовах адносна невялікай.

«Пару месяцаў таму быў у гасьцях у ваенных сувязістаў — з 8 штабных азартаў жывы апынуўся адзін, ды і да таго не змаглі знайсьці жывую батарэю. Астатнія або ў прынцыпе не ўключаліся, або не праходзілі самаправерку і ішлі ў рэбут, і так па коле. Ды і праблему перавышэньня [„Азартаў“] кітайскімі калатушкамі згадвалі, мясцовы вайсковы генэралітэт ходзіць з ЛІЧБАВЫМІ бао ДМ-5р (яны ж, прабачце, ня лохі, каб з аналягавай хадзіць — і пофігу, што ва ўсіх астатніх афіцэраў клясычныя аналягавыя Бао). За дзяржаву крыўдна», — пісалі на форуме Radioscanner.ru ў лютым 2021 году.

Ваенныя «Азарты» сталі ўсё часьцей прадавацца на сайтах накшталт «Авито» ці meshok.ru па кошце ад 30 да 70 тысяч расейскіх рублёў за штуку. Разам з тым афіцыйныя закупачныя цэны на «Азарты» ня падалі. У адным з апошніх тэндэраў на іх закупку, які можна знайсьці на сайце Дзяржзакупак, размова ідзе аб пастаўцы 7 камплектаў Р-187-П1 за 10 мільёнаў рублёў у 2019 годзе, гэта значыць больш чым па мільёне рублёў за штуку.

Набытую прыкладна за такія ж грошы радыёстанцыю спрабавалі вывезьці з Расеі кантрабандай. У пачатку 2021 году ў Прэсьненскім судзе Масквы разглядалася справа аб кантрабандзе «Азартаў». Паводле дадзеных сьледзтва ў 2017 годзе, грамадзянін Францыі і Паўночнай Македоніі Тоні Стэфаноўскі спрабаваў набыць два камплекты Р-187 за $30 тысяч, каб праз былога супрацоўніка аховы прэзыдэнта Баўгарыі перадаць заказчыку — прэзыдэнту прыватнай амэрыканскай ахоўнай фірмы АG Global Inc. Джорджу Олвэну. Олвэну «Азарты» нібы спатрэбіліся для забесьпячэньня добрай сувязі пры паляваньні ў саване. Стэфаноўскі дамовіўся аб набыцьці рацый са сваім знаёмым, адстаўным расейскім спэцназаўцам Аляксеем Пяровым. Пяроў зьвярнуўся ў ФСБ, і Стэфаноўскага затрымалі пры перадачы грошай.

У 2019 годзе ваеннае ўпраўленьне СК РФ пачало расьсьледаваньне, якое датычыцца паставак «Азартаў» у расейскую армію. Фігурантамі сталі некалькі чалавек, у тым ліку начальнік войскаў сувязі, намесьнік начальніка Генштабу ВС РФ генэрал-палкоўнік Халіл Арсланаў. Згодна з дадзенымі сьледзтва, пры сумарным абʼёме закупак «Азартаў» у войсках на 18 млрд рублёў магло быць скрадзена 6,5 млрд — дзякуючы штучнаму завышэньню коштаў станцый.

Яшчэ адзін фігурант справы, былы начальнік 1-га ўпраўленьня галоўнага ўпраўленьня сувязі (ГУС) Мінабароны РФ генэрал-маёр Аляксандар Аглоблін заключыў угоду са сьледзтвам і даў паказаньні, заявіўшы, што радыёстанцыі фактычна ў гатовым выглядзе закупляліся ў Кітаі, у Расеі адбывалася толькі канчатковая зборка з дабаўленьнем некаторых камплектуючых, што дазваляла істотна эканоміць на вытворчасьці. Такую ж вэрсію прыводзілі іншыя фігуранты, напрыклад былы дырэктар яраслаўскага радыёзавода (які стаў адным з вытворцаў «Азарта») Сяргей Якушаў.

У НПА «Ангстрэм» прызнавалі супрацоўніцтва з азіяцкімі кампаніямі, падкрэсьліваючы, што галоўныя элемэнты «Азартаў», а менавіта працэсары і праграмнае забесьпячэньне, распрацаваныя ў Расеі. Вэрсію, што Р-187 амаль цалкам кітайская, у кампаніі назвалі абсурднай.

Халіл Арсланаў
Халіл Арсланаў

Зыходзячы з дадзеных аб 18 мільярдах рублёў, выдзеленых на закупку «Азартаў» для расейскай арміі, і з прыблізнага кошту ў 300 тысяч рублёў за камплект, можна груба ацаніць агульную колькасьць закупленых Р-187 у 60 тысяч штук — і гэта напэўна завышаная ацэнка.

Улічваючы сьведчаньні аб тым, што многія «Азарты» аказваюцца непрацоўнымі, рэальная колькасьць гэтых станцый, якія фактычна выкарыстоўваюцца ў арміі, хутчэй за ўсё, нашмат ніжэй. Іх відавочна не хапіла б для ўзбраеньня групоўкі войскаў, якая ўдзельнічае ў вайне ва Ўкраіне (пры гэтым «Азарты» можна ўбачыць на некаторых фатаграфіях узятых ВСУ трафэяў).

Распачатая пры Анатолі Сердзюкове праграма пераўзбраеньня арміі супэрсучасным новым сродкам сувязі правалілася, няма нічога дзіўнага, што многія расейскія салдаты і афіцэры на перадавой карыстаюцца звыклымі грамадзянскімі «бакланафонамі».

Расейскае трафэйнае абсталяваньне, уключна з рацыяй «Азарт», захопленае ўкраінскімі вайскоўцамі падчас баявых дзеяньняў
Расейскае трафэйнае абсталяваньне, уключна з рацыяй «Азарт», захопленае ўкраінскімі вайскоўцамі падчас баявых дзеяньняў

Хто ў лес, хто па дровы

Ня толькі недахоп сучасных абароненых сродкаў камунікацыі, але і збольшага выкліканая гэтым дрэнная каардынацыя паміж рознымі відамі войскаў — адны з асноўных прычын таго, што расейскі наступ на ўкраінскай тэрыторыі хутка захлынуўся, лічыць Станімір Добрэў, незалежны ваенны экспэрт, спэцыяліст па тэлекамунікацыях, магістар навук Шэфілдзкага ўнівэрсітэта. У інтэрвію Радыё Свабода Добрэў растлумачыў, чаму перадавыя расейскія атрады ў першыя дні вайны часта заставаліся бяз сувязі і як гэта можа сьведчыць аб тым, што расейскае камандаваньне сапраўды разьлічвала на вокамгненную апэрацыю па захопе Ўкраіны.

«Яшчэ да пачатку расейскай апэрацыі мы бачылі мноства тэхнікі, якая выкарыстоўваецца для абароненай перадачы інфармацыі, напрыклад, рухомыя радыёрэлейныя станцыі Р-419 або антэнны модуль Р-431. Але паколькі Расея адпраўляе ўглыб украінскай тэрыторыі батальённыя тактычныя групы, створаныя з узбраеньняў самых розных гадоў выпуску, ад танкаў з 80-х гадоў да больш сучаснай тэхнікі, пры наладцы сувязі даводзіцца арыентавацца на мінімальныя магчымасьці старога абсталяваньня. Калі ў вас у калёне ёсьць старая тэхніка і новая, то каб мець сувязь з усімі машынамі, вам давядзецца «апускацца» да самага нізкага ўзроўню і выкарыстоўваць старыя радыёстанцыі з перадусталяванымі неабароненымі каналамі.

Я чакаў чагосьці падобнага да пачатку вайны, але не ў такой ступені. У гэтых радыёстанцый невялікі радыюс дзеяньня, каля 4 кілямэтраў, а расейскія батальённыя тактычныя групы адразу зайшлі на значна большую адлегласьць ад мяжы. Пры гэтым мы ня бачылі, каб разам зь імі ішла тэхніка, якая можа забясьпечыць абароненую сувязь з камандным пунктам. Звычайна гэта некалькі машын-рэтрансьлятараў, па дарозе трэба ставіць новыя вышкі сувязі, але мы бачылі іх толькі на мяжы з Украінай.

Нават калі б разам з войскамі ўглыб ішлі рэтрансьлятары, засталася б яшчэ адна праблема: вам патрэбныя дасьведчаныя апэратары, якія ўмеюць усталёўваць ключы шыфраваньня. Калі вы змушаны прыцягваць да апэрацыі нават салдат тэрміновай службы, такіх спэцыялістаў можа проста не хапаць. Трэба таксама ўлічваць, што ў першыя дні расейскія войскі перасоўваліся вельмі хутка, і сувязісты маглі проста не пасьпяваць за такім тэмпам: бо трэба ня проста ўсталяваць рэтрансьлятар, трэба знайсьці для яго падыходзячае месца, каб ён не патрапіў у радыёцень, і гэтак далей. Ускосна гэта сьведчыць аб тым, што расейскія наступальныя групы войскаў не разьлічвалі доўга заставацца ў дарозе. Акрамя таго, дадзеныя, якія перадаюцца па расейскім абсталяваньні для абароненай ваеннай сувязі, выпушчаным да 2000-х гадоў, цяпер могуць быць дэшыфраваныя з дапамогай больш сучаснай тэхнікі літаральна ў рэжыме рэальнага часу».

Па словах Добрэва, на гэтыя праблемы наклалася яшчэ адна: недастатковая ўкаранёнасць у расейскім войску сучаснай аўтаматызаванай сыстэмы кіраваньня войскамі (АСК).

«У ЗША стандартам цяпер зьяўляецца сыстэма Blue force tracking. На кожным абʼекце вашага войска, які рухаецца, устаноўлены GPS-трэкер, і вы можаце бачыць на адным экране ўсе іх перамяшчэньні. Праблема ў тым, што да 2020 году ў расейскіх сухапутных войсках плянавалася аснасьціць падобнай сыстэмай толькі 45 брыгад, але і гэтай задачы Расея не дала рады. Яшчэ горш ідзе справа з каардынацыяй паміж сухапутнымі войскамі і авіяцыяй. Аналягічная сыстэма для ваенна-касьмічных сіл Расеі, „Перспектива-АСУ“, па-ранейшаму толькі распрацоўваецца. У ПДВ — свая АСК, „Андромеда -Д“. Яна шырэй за ўсё распаўсюджаная і выкарыстоўваецца даўно, таму што ў ПДВ у гэтым сэнсе як у элітных войскаў заўсёды быў прыярытэт. Нармальная каардынацыя паміж гэтымі сыстэмамі ў расейскай арміі не заўсёды працуе».

Дрэнная арганізацыя і каардынацыя дзеяньняў ВКС, кажа Добрэў, гэта наогул адна з асноўных праблем расейскай арміі, у якой наглядна выяўляецца яе адсталасьць.

«У пачатку вайны расейская авіяцыя дзейнічала даволі пасьпяхова, таму што пазыцыі праціўніка былі ёй добра вядомыя. Цяпер гэта ўжо не заўсёды працуе. Апублікаваныя ў інтэрнэце дакумэнты, захопленыя ў палонных расейскіх пілётаў, паказваюць, што ВКС дзейнічаюць па-старому: зьдзяйсьняюць вылет, накіроўваюцца ў зададзены раён, пілёты працуюць па загадзя выдадзеных цэлях, затым вяртаюцца на базу. Калі раптам на зямлі нейкаму расейскаму падразьдзяленьню спатрэбіцца падтрымка з паветра або цэль, напрыклад, сыстэма СПА, пасьпела зьмяніць сваё месцазнаходжаньне, то пілёт пра гэта можа проста не даведацца праз адсутнасьць апэратыўнай сувязі зь зямлёй.

Гэта павінна быць плятформа, якая забясьпечвае сталы абаронены абмен дадзенымі, прычым ня толькі галасавымі. Адсутнасьцю ў расейскіх вайскоўцаў такой плятформы ўкраінскае войска, мяркуючы па ўсім, нядрэнна навучылася карыстацца, пасьпяваючы хутка перасоўваць патэнцыйныя цэлі зь месца на месца. З падобнымі праблемамі сутыкалася і амэрыканскае войска падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы».

Абломкі расійскага Су-34, зьбітага над Харкавам 8 сакавіка
Абломкі расійскага Су-34, зьбітага над Харкавам 8 сакавіка

Ня ўсё ў парадку з абароненай сувязьзю і ў расейскіх спэцслужбаў, чые супрацоўнікі таксама знаходзяцца цяпер ва Ўкраіне.

8 сакавіка кіраўнік Bellingcat Хрыста Грозеў напісаў у твітэры аб тым, як Службе бясьпекі Ўкраіны ўдалося перахапіць размову двух афіцэраў ФСБ, у тым ліку аднаго прымацаванага да 41-й агульнавайсковай арміі. У гэтай размове яны абмяркоўвалі сьмерць расейскага генэрал-маёра Віталя Герасімава.

«Дзіма, па эраўскай ня можам выйсьці на сувязь?» — «Ды тут сувязь не працуе, ні на каго выйсьці ня можам», — адказвае «Дзіма».

«Эра» — гэта абаронены смартфон для вайскоўцаў, з помпай прадстаўлены ў канцы 2021 году. Праблема ў тым, піша Грозев, што для працы яму патрэбная сотавая сетка 3G або 4G, а многія вышкі сотавай сувязі былі зьнішчаныя падчас бамбёжак і абстрэлаў расейскімі вайскоўцамі. Але навошта? У Станіміра Добрэва ёсьць тлумачэньне.

«Сотавыя сеткі па-ранейшаму кантралююцца Ўкраінай, а значыць, для ўкраінскіх вайскоўцаў яны па-ранейшаму застаюцца адносна абароненым ад праслухоўваньня сродкам сувязі. Украіна зьняла ўсе абмежаваньні на ўнутраны роўмінг. Фактычна любы ўкраінец з сотавым тэлефонам зараз можа выступаць як інфарматар сваёй арміі аб перамяшчэньнях расейскіх войскаў.

Акрамя таго, ва ўмовах адсутнасьці адмысловых абароненых вайсковых сродкаў сувязі шматлікія салдаты і афіцэры паддаюцца спакусе выкарыстаць звычайныя тэлефоны — яны проста дастаюць украінскія сім-карты і тэлефануюць у Расею, дазваляючы ўкраінскім вайскоўцам і разьведцы ня толькі лёгка перахапляць зьмест размоваў, але і вызначаць месцазнаходжаньне таго, хто тэлефануе. Ва ўкраінскай арміі, у сваю чаргу, ёсьць яшчэ адна перавага — гэта звычайная дротавая тэлефонная сувязь, якую расейцам вельмі складана вывесьці са строю артылерыйскімі або бомбавымі ўдарамі або падключыцца да яе».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG