Паводле агенцтва AFP, Сі Цзіньпін сказаў, што падтрымлівае ўрэгуляваньне ўкраінскага крызісу празь перамовы.
Паводле дзяржаўнай тэлекампаніі CCTV, напярэдадні размовы Сі Цзіньпін адзначыў, што «сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны зьведала хуткія зьмены... Кітай падтрымлівае Расею і Ўкраіну ў вырашэньні праблемы шляхам перамоваў».
Падчас тэлефоннай размовы з Пуціным Сі Цзіньпін сказаў, што важна «адмовіцца ад мэнталітэту халоднай вайны, надаць важнае значэньне і паважаць разумныя інтарэсы бясьпекі ўсіх краін і сфармаваць збалянсаваны, эфэктыўны і ўстойлівы мэханізм эўрапейскай бясьпекі шляхам перамоваў».
Расейскія войскі пачалі поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, наносячы ўдары з паветра і адпраўляючы войскі ўглыб краіны пасьля таго, як некалькі тыдняў дыпляматычных намаганьняў не змаглі ўтрымаць Пуціна ад пачатку ваеннай апэрацыі.
Пэкін заняў асьцярожную дыпляматычную пазыцыю стасоўна крызісу і адмовіўся назваць яго «ўварваньнем» або асудзіць дзеяньні Расеі, свайго блізкага хаўрусьніка.
Паводле кітайскіх СМІ, Пуцін выклаў прычыны, зь якіх Расея пачала «адмысловую ваенную апэрацыю», і сказаў Сі Цзіньпіну, што NATO і ЗША «доўгі час ігнаравалі разумныя асьцярогі Расеі ў галіне бясьпекі».
Ён таксама сказаў Сі Цзіньпіну, што Расея гатовая правесьці перамовы «на высокім узроўні» з Украінай.
У ходзе эскаляцыі крызісу Кітай быў змушаны ўраўнаважваць свае цесныя сувязі з Расеяй і значныя эканамічныя інтарэсы ў Эўропе.
І падыход Масквы, як піша AFP, рэзка кантрастуе з даўняй дэкляраванай Кітаем замежнапалітычнай пазыцыяй аб неўмяшаньні ва ўнутраныя справы іншых краін.
Сі сказаў, што Кітай «гатовы працаваць з усімі бакамі ў міжнароднай супольнасьці, каб адстойваць агульную, усеабдымную, сумесную і ўстойлівую канцэпцыю бясьпекі і цьвёрда абараняць міжнародную сыстэму, у аснове якой ляжыць Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў», паведамляе CCTV.