Ваенныя дзеяньні Расеі супраць Украіны пачаліся 24 лютага прыкладна ў 4.30 беларускага часу. Яны закранулі ўсю тэрыторыю Украіны — ад Харкава і Марыюпаля да Луцку, Львова і Івана-Франкоўску.
Амаль адразу пасьля нападу Расеі ўкраінская Памежная служба распаўсюдзіла відэазапіс, на якім бачна, што танкі і іншая вайсковая тэхніка трапляюць на ўкраінскую тэрыторыю зь Беларусі. СМІ апублікавалі запіс з камэры відэаназіраньня, усталяванай на памежным пункце пропуску Сянькоўка — Весялоўка. На ім відаць калёна вайсковай тэхнікі без апазнавальных знакаў.
Цягам дня ўкраінскія і міжнародныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра абстрэлы ўкраінскіх вайсковых аб’ектаў, разьмешчаных ля Луцку. Таксама ў інтэрнэце зьявіліся відэазапісы праезду калёны танкаў праз украінскі горад Любомль, які знаходзіцца непадалёк ад Берасьця.
Бліжэй да сярэдзіны дня 24 лютага ўкраінскія памежнікі распаўсюдзілі заяву, згодна якой вайсковы гелікоптэр без апазнавальных знакаў з боку Беларусі атакаваў украінскую тэрыторыю ля памежнага пункту пропуску «Славуціч».
У другой палове дня афіцыйны прадстаўнік Узброеных сілаў Украіны паведаміў, што расейскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі ля пункту пропуску «Вільча», у выніку чаго завязаўся бой. У дадатак стала вядома, што зь беларускай тэрыторыі Ўкраіну абстрэльваюць у паўднёва-заходнім кірунку балістычнымі ракетамі. Пра гэта заявіў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.
Пра непасрэдны ўдзел у нападзе на Ўкраіну беларускіх вайскоўцаў на вечар 24 лютага нічога не вядома. Як паведамілі Свабодзе інфармаваныя крыніцы, прынамсі ў некалькіх вайсковых частках Беларусі асабовы склад перавялі з пастаяннага месца дысьлякацыі ў памежныя з Украінай раёны. Так адбылося з вайскоўцамі зь менскага Ўручча і барысаўскіх Печаў.
Акрамя гэтага, Свабода атрымала каля дзясятка паведамленьняў ад жыхароў памежных з Украінай раёнаў Беларусі, якія пацьвярджаюць прысутнасьць там расейскіх войскаў і іх перамяшчэньне ў бок Украіны.
«Бліжэйшы пункт спрошчанага пропуску ў вёсцы Дзеравіны (тэрыторыя Ўкраіны. — РС), — расказалі Свабодзе відавочцы. — Знаёмыя зь Церахоўкі (Беларусь. — РС) кажуць, што танкі зь беларускага боку прайшлі празь вёску.
Каля 5 танкаў засталося ў Дзеравінах. Мясцовы памежны кантроль разагналі. Кажуць, што мірных чапаць ня будуць, а больш за 70 танкаў зьехалі, з словаў саміх вайскоўцаў, у бок Данбасу».
Бліжэй да вечара 24 лютага зьявілася паведамленьне аб прарыве ўкраінскай мяжы ў раёне Чарнобыльскай зоны з боку Беларусі. Гэта пацьвердзілі намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле іх, расейскія вайскоўцы спрабуюць захапіць Чарнобыльскую АЭС.
Сьледам за Зяленскім пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім напісаў у Фэйсбуку са спасылкай на афіцыйныя ўкраінскія крыніцы, што, «на жаль, Беларусь далучылася да дзеяньняў Расеі супраць Украіны».
«Хоць беларускія ўлады маўчаць. З тэрыторыі Беларусі папаўзьлі „зялёныя чалавечкі“, паляцелі ракеты (расейскія), якія былі ў Беларусі нібы для абароны, пайшла „зялёная“ (без апазнавальных знакаў) тэхніка. Напаўшы на Украіну, Расея аб’явіла вайну славянскаму сьвету. Усе славянскія дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора і Балканаў (акрамя Беларусі) асудзілі дзеяньні Крамля. Думаю гэта памылка так званага „русского мира“ і яго прыхільнікаў, і кошт гэтай памылкі будзе высокім для ўсіх нас. І забудзьцеся пра „братэрскія“ народы. Расея зрабіла ўсё, каб забіць гэтае „братэрства“ надоўга».
Пра тое, што расейскія войскі напалі на Ўкраіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, расказалі і некалькі палонных расейскіх салдат.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.