Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці хочуць расейцы вайны? Тлумачыць намесьнік галоўнага рэдактара Carnegie.ru

Украіна і заходняя частка Расеі на мапе
Украіна і заходняя частка Расеі на мапе

Якіх мэтаў Расея можа дасягнуць вайной з Украінай? Калі вайна будзе, то які характар яна будзе мець? Якія палітычныя наступствы для Крамля будзе мець адмова ад вайны, адвод войскаў? Ці можа ўмацаваньне вайсковага кантролю над Беларусьсю быць рэальнай мэтай цяперашняй эскаляцыі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, намесьнік галоўнага рэдактара сайту Carnegie.ru Максім Самарукаў.

Самарукаў

Максім Самарукаў
Максім Самарукаў
  • Стаўкі Пуціна ў цяперашнім крызісе не такія высокія, як у Хрушчова падчас Карыбскага крызісу.
  • Перавага пазыцыі Расеі ў цяперашняй сытуацыі ў тым, што яна нічога пэўнага не абяцала. Яна сказала, што ёсьць нашыя патрабаваньні, што на адмову магчымы «вайскова-тэхнічны адказ» і ёсьць нашыя войскі, якія перасоўваюцца па нашай і беларускай тэрыторыі і па Чорным моры. Так супала. А ваяваць мы не зьбіраемся.
  • Калі адказ на яе ўльтыматум наконт бясьпекі будзе сьціплы, у Расеі ёсьць значна больш варыянтаў адказу, чым вайна з Украінай.
  • Зараз, каб пачалася вайна, аднаго стрэлу ў Данбасе недастаткова. Страляюць там увесь час з 2014 году. Каб правакацыя выклікала вайну, трэба, каб адзін з бакоў быў зацікаўлены ў вайне. Зараз, калі верыць афіцыйным заявам, гэтага ня хоча ані ўкраінскі, ані расейскі бок. Для таго каб гэта перарасло ў вайну, патрэбны вельмі маштабны наступ Украіны, на які будзе дадзены яшчэ больш маштабны адказ.
  • Калі вы выставілі ўльтыматум і яго не задаволілі, то вы павінны рабіць нешта яшчэ. Высокая ўпэўненасьць у вайне, якая існуе на Захадзе, выклікана тым, што ўльтыматум у сьнежні быў надзвычай нерэалістычны.
  • Але мне здаецца, што ёсьць іншыя варыянты. Гэты ўльтыматум даў Расеі даволі шмат. Упершыню за 30 гадоў пачаліся новыя перамовы паміж РФ і ЗША аб архітэктуры бясьпекі ў Эўропе. У ЗША ўсур’ёз абмяркоўваюць іншыя заклапочанасьці Расеі. Тое, што Расея вярнулася на такі ўзровень размовы, — гэта можна «прадаць» як перамогу.
  • Вайскова-палітычны блёк, калі бачыць, што лідэр увязваецца ў авантуру, а потым вымушаны прынізьліва адступаць, рэагуе так, як на адступленьне Хрушчова пасьля Карыбскага крызісу. Менавіта гэтаму блёку можна «прадаць» аднаўленьне перамоваў з ЗША як посьпех.
  • Вучэньні, у тым ліку і ў Беларусі, — інструмэнт ціску на Захад. Каб ЗША зразумелі, што ўсё сурʼёзна, што могуць быць вельмі прыніжальныя для іх наступствы. Таму на пункты ўльтыматуму трэба адказваць сурʼёзна.
  • На 16-га прызначаная вайна. Так Крэмль не працуе. Ён нападае тады, калі ніхто не чакае.
  • У расейскай арміі няма ніякай неабходнасьці прыцягваць да ваеннай апэрацыі беларускае войска. Гэта лішнія клопаты, пытаньні каардынацыі. У Казахстане ў межах апэрацыі АДКБ беларускі ўдзел быў сымбалічны. Гэта заўсёды прыемна. Дарэчы, амэрыканцы таксама ня любяць прыцягваць для баявых дзеяньняў саюзьнікаў. Для сымбалізму — часам прыцягваюць. Але ваююць яны самі. Спадзявацца на саюзьнікаў, калі невядома, на што яны здольныя, — гэта лішнія рызыкі.
  • Наконт анэксіі Беларусі як мэты — гэта наўрад ці. Але «асваеньне» тэрыторыі Беларусі расейскім войскам — гэта адзін з найбольш імаверных «вайскова-тэхнічных адказаў» на адхілены ўльтыматум Масквы. І гэта — прамая пагроза бясьпецы саюзьнікаў ЗША, найперш Нямеччыне.
  • У новага ўраду Нямеччыны вельмі адрозныя ад ЗША пазыцыі наконт гіпатэтычнай вайны з Украінай. Яны не гатовыя нават у выпадку вайны спыняць «Паўночны паток-2». Брытанскія самалёты з вайсковымі грузамі для Ўкраіны вымушаныя аблятаць Нямеччыну. Нямеччына адмаўляецца прадаваць зброю Ўкраіне.
  • Я ня думаю, што Расея прызнае незалежнасьць ДНР і ЛНР. Бо гэта азначае выйсьці зь Менскіх пагадненьняў, пахаваць іх канчаткова. Цяпер Менскія пагадненьні нявыгадныя найперш Украіне, гэта інструмэнт ціску на Ўкраіну. Расея ўвесь час падкрэсьлівае, што Ўкраіна не выконвае гэтыя пагадненьні. Гэтыя пагадненьні — пастка, у якую завабілі ўкраінскае кіраўніцтва. І адмовіцца ад гэтых дыпляматычных дасягненьняў дзеля прызнаньня ДНР і ЛНР — не, гэта лухта.
  • З пунктаў расейскага дыпляматычнага ўльтыматуму, выстаўленага Захаду ў сьнежні летась, невыканальна нічога, акрамя Менскіх пагадненьняў. Візыты Макрона і Шольца ў Маскву, новая сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні дарадцаў — гэта ўсё сьведчыць пра тое, што гэты пункт ультыматуму ўсё ж рэалістычны.
  • Украінская палітычная эліта адкрыта кажа, што Захад напампоўвае ваенную пагрозу, каб прымусіць Кіеў пайсьці на саступкі Расеі.
  • Расея за апошнія 10 гадоў вяла тры вайны. Гэта ўсё былі войны непрацяглыя, зь мінімальнымі стратамі. Расея навучылася ня ладзіць Афганістан і першую чачэнскую вайну. У Грузіі, ва Ўкраіне і Сырыі было ўсё зроблена хутка і пры мінімальных выдатках.
  • Цяперашняя вайна з Украінай, калі яна і будзе, гэта будзе не вайна-акупацыя, а вайна-экзэкуцыя. За некалькі дзён зьнішчаецца баявы патэнцыял украінскай арміі, і ўсё. Мы паказваем Захаду, што нашы ўльтыматумы — гэта сурʼёзна. Калі вы не зразумелі зь першага разу, мы вам прадэманструем сілавое дзеяньне. І пасьля вернемся да абмеркаваньня нашага ўльтыматуму. І сэнс апэрацыі — паказаць, што браць Украіну ў NATO — гэта можа дорага абысьціся.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG