Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: напад Расеі на Ўкраіну можа пачацца «ў любы час»

Джэйк Саліван выступае на брыфінгу ў Белым доме 11 лютага
Джэйк Саліван выступае на брыфінгу ў Белым доме 11 лютага

Агрэсія Расеі супраць Украіны можа адбыцца ў любы дзень і, хутчэй за ўсё, пачнецца з паветранага ўдару, заявіў у пятніцу дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван, паведамляе «Голос Америки» са спасылкай на Reuters.

Выступаючы на прэс-брыфінгу ў Белым доме, Саліван сказаў, што ўсе амэрыканцы, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ва Ўкраіне, павінны пакінуць краіну ў бліжэйшыя 24–48 гадзін, бо расейская паветраная атака ўскладніць іх выезд.

Паводле слоў Салівана, расейскае ўварваньне «можа пачацца ў любы момант», у тым ліку падчас зімовых Алімпійскіх гульняў у Пэкіне.

«Мы па-ранейшаму назіраем прыкметы эскаляцыі з боку Расеі, у тым ліку прыбыцьцё новых сіл да ўкраінскай мяжы, — сказаў Саліван, зьвяртаючыся да журналістаў. — Уварваньне можа пачацца ў любы час, калі Ўладзімір Пуцін вырашыць аддаць загад аб гэтым. Яно можа пачацца падчас Алімпійскіх гульняў, нягледзячы на мноства меркаваньняў, што гэта адбудзецца толькі пасьля Алімпіяды».

Саліван дадаў, што ў Белым доме ў хуткім часе чакаюць тэлефоннай размовы паміж прэзыдэнтам Джо Байдэнам і расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным. Расейскае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости са спасылкай на Крэмль паведаміла, што гутарка Байдэна з Пуціным можа адбыцца ў суботу, 12 лютага.

Па словах Салівана, саюзьнікі дасягнулі «выбітнага ўзроўню адзінства» перад абліччам расейскай пагрозы. Калі Масква вырашыць уварвацца ва Ўкраіну, яе ўплыў «зьменшыцца», папярэдзіў дарадца прэзыдэнта.

«Што б ні здарылася, Захад больш згуртаваны, чым калі-небудзь, NATO стала мацнейшым», — запэўніў журналістаў Джэйк Саліван.

Па словах Салівана, застаецца незразумелым, ці аддаў Пуцін канчатковы загад аб пачатку ўварваньня.

«Мы пакуль не атрымлівалі якіх-кольвек дакумэнтаў, якія гавораць аб тым, што [Пуцін] прыняў канчатковае рашэньне, што быў аддадзены загад [аб уварваньні ва Ўкраіну]», — сказаў ён.

Паколькі на мяжы з Украінай цяпер сканцэнтравана 100 тысяч вайскоўцаў, расейскае ўварваньне можа прывесьці да захопу вялікіх участкаў тэрыторыі Ўкраіны, а таксама буйных гарадоў, уключна з Кіевам, папярэдзіў дарадца прэзыдэнта ЗША.

«Сёньня мы гаворым пра больш як 100 000 расейскіх вайскоўцаў, сканцэнтраваных уздоўж мяжы з Украінай... Гэта прысутнічае ва ўсіх сацыяльных сетках, гэта ёсьць паўсюль на сайтах навін. Так што можаце паверыць сваім вачам», — дадаў Джэйк Саліван.

Расея адкідае абвінавачанні ў агрэсіі

Міністэрства замежных спраў Расеі позна ўвечары ў пятніцу заявіла, што заходнія краіны з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, робячы здагадкі аб тым, што Масква плянуе ўварваньне ва Ўкраіну.

У заяве МЗС РФ гаворыцца, што заходнія краіны спрабуюць «адцягнуць увагу ад уласных агрэсіўных дзеяньняў».

Некалькі дзяржаў эвакуююць сваіх грамадзян з Украіны ці заклікалі іх пакінуць краіну

Такі зварот да грамадзян Японіі 11 лютага зрабіла Міністэрства замежных спраў.

З падобным паведамленьнем выступіў амбасадар Нідэрляндаў у Кіеве.

Пра эвакуацыю сем'яў дыпляматаў з Кіева заявіў Ізраіль.

Пакінуць тэрыторыю Ўкраіны заклікалі сваіх грамадзян Вялікая Брытанія і Латвія, паведамляе BBC.

Паводле зьвестак газэты Kyiv Post, Злучаныя Штаты эвакуююць амэрыканскіх супрацоўнікаў місіі АБСЭ.

У ноч на 11 лютага пакінуць Украіну заклікаў грамадзян ЗША прэзыдэнт Джо Байдэн. Паводле ягоных словаў, гэта неабходна зрабіць праз пагрозу вайны з Расеяй. «Падзеі могуць разьвівацца імкліва», — заявіў ён у інтэрвію каналу NBC News.

11 лютага дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Расея канцэнтруе ўсё больш войскаў каля межаў Украіны, і папярэдзіў аб магчымасьці ўварваньня ў любы момант.

  • З восені мінулага году краіны Захаду заяўляюць пра канцэнтрацыю расейскіх вайскоўцаў ля межаў з Украінай і рэальную пагрозу расейскага ўварваньня ў гэтую краіну. Каля межаў з Украінай, паводле апошніх ацэнак, сканцэнтравана ўжо каля 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак Дзярждэпартамэнту ЗША, Масква можа пачаць наступ у найбліжэйшы час.
  • Масква адмаўляе пляны ўварваньня і тлумачыць перасоўваньне войскаў вучэньнямі. На фоне напружанасьці Расея запатрабавала ад ЗША і NATO гарантый бясьпекі ў Эўропе. Высунутыя патрабаваньні заходнія дыпляматы назвалі невыканальнымі, ніякіх дамоўленасьцяў пакуль не дасягнута.
  • У чацьвер міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што МЗС можа параіць неасноўнаму пэрсаналу дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Кіеве выехаць у Расею. Ён абгрунтаваў такі крок асьцярогамі, што ЗША і Вялікая Брытанія, зь яго пункту гледжаньня, могуць рыхтаваць правакацыі на тэрыторыі Ўкраіны.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG