Прадстаўнікі прэзыдэнтаў Украіны і Расеі Андрэй Ярмак і Дзьмітры Козак
У Бэрліне прайшлі перамовы дарадцаў кіраўнікоў краін «нармандзкай чацьвёркі» аб урэгуляваньні ўзброенага канфлікту на Данбасе.
Зрэшты, абодва бакі выказалі жаданьне прадоўжыць перамоўны працэс.
Амаль дзевяцігадзінныя расейска-ўкраінскія перамовы, якія адбыліся ў чацьвер у сталіцы Нямеччыны, не прывялі да прарыву ў падпісаньні сумеснага дакумэнту, аднак абодва бакі пагадзіліся прадоўжыць перамовы. Агенцтва Reuters паведаміла аб гэтым са спасылкай на кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, які прымаў удзел у перамовах у Бэрліне.
Высокапастаўленыя прадстаўнікі ўрадаў Украіны і Расеі сустрэліся ў сталіцы Нямеччыны для ўдзелу ў перагаворах аб спыненьні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
Андрэй Ярмак, кіраўнік офісу ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, заявіў на брыфінгу, што абодва бакі, пэўна, хутка сустрэнуцца зноў, і выказаў спадзяваньне на прарыў у абмене палоннымі і адкрыцьці блёкпастоў на ўсходзе Ўкраіны.
Расея заявіла, што апошні раўнд перамоваў з Украінай, Францыяй і Нямеччынай наконт вырашэньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны не прывёў да якога-небудзь новага пагадненьня, і раскрытыкавала тое, што яна назвала «адсутнасьцю яснасьці» ў пазыцыі Ўкраіны.
Пасланьнік расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Козак заявіў пасьля перамоваў у Бэрліне, што ўкраінскае бачаньне будучыні кантраляванага прарасейкімі сэпаратыстамі Данбасу яму «незразумелае».
Расея хоча падзяліць Эўразьвяз
Эўрапейскі зьвяз у чацьвер абвінаваціў Расею ў распальваньні ўкраінскага крызісу і спробе падзяліць чальцоў ЭЗ, адпраўляючы лісты асобным эўрапейскім дзяржавам з просьбай растлумачыць іх пазыцыю ў дачыненьні да прынцыпаў міжнароднай бясьпекі.
Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што адказаў на лісты, накіраваныя міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у некалькі эўрапейскіх краін з просьбай даць сваю інтэрпрэтацыю дактрыны «непадзельнай бясьпекі».
Бурэль сказаў, што адказаў Лаўрову ад імя ўсяго эўрапейскага блёку.
«У ЭЗ агульная замежная палітыка і палітыка бясьпекі, і наша мэта заключаецца ў сумесных дзеяньнях па ўсіх пытаньнях, якія маюць агульны інтарэс, — сказаў ён. — Гэта ўключае ў сябе таксама каардынацыю адказаў на лісты».
Бурэль адзначыў, што яго крок атрымаў «аднадушную» падтрымку сярод усіх 27 дзяржаў, якія ўваходзяць у склад ЭЗ.
Лаўроў спэцыяльна папрасіў, каб краіны, да якіх ён зьвяртаўся, адказвалі ад свайго імя, а не ад імя Эўразвязу. Аднак Бурэль у адказ заявіў, што сябры ЭЗ вольныя самі вырашаць, якім чынам яны жадаюць рэагаваць на запыты Масквы.
«Толькі тыя, хто зацікаўлены ў тым, каб падзяліць нас, могуць усумніцца ў такім рашэньні», — заявіў ён.