Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы вернемся, прынамсі ў нашых дзецях». Гісторыя гарадзенцаў, у якой жонку затрымалі за мужа


Сяргей і Вольга Верамеенкі
Сяргей і Вольга Верамеенкі

Уласьнікі адзінай горадзенскай крамы, дзе можна было набыць бел-чырвона-белыя сьцягі, Вольга і Сяргей Верамеенкі зьехалі ў Беласток. Перад гэтым Сяргея забіралі на суткі, потым ён хаваўся, у іх прайшлі ператрусы, і ўрэшце затрымалі Вольгу — як закладніцу.

Верамеенкі дапускаюць, што больш ня вернуцца ў Беларусь.

Вынялі і зьнішчылі тавары на 4 тысячы даляраў

Сям’ю Верамеенкаў у Горадні ведалі перадусім празь іхную краму «Адметнасьць», дзе можна было купіць тавары зь беларускай сымболікай. Сяргей — сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, з жонкай яны грамадзкія актывісты.

Прыхільнікі ўлады называлі іхную краму «рассаднікам БЧБ». І Сяржук зь імі пагаджаецца. Там рыхтавалі незалежных назіральнікаў, абмяркоўвалі сьвяткаваньне #БНР101, рыхтаваліся да аднаўленьня крыжоў паўстанцам Каліноўскага, рабілі ахоўныя сродкі для мэдыкаў, зьбіралі перадачы ў турму, ладзілі сустрэчы партыйных і грамадзкіх актывістаў.

Крама «Адметнасьць», 25 жніўня 2020 годус
Крама «Адметнасьць», 25 жніўня 2020 годус

Сваю краму гаспадары называлі «месцам, дзе жыве Беларусь». Яны сыходзяцца ў думцы, што крама была не зусім пра бізнэс, бо часам яны ледзь трымаліся. З пачаткам каранавірусу крама сышла ў мінус, сям’я — у пазыкі. Жылі тады на нарыхтаваных закатках, бульбе і пры дапамозе добрых людзей.

Афіцыйна ўлады ніколі не закрывалі іхную краму. Аднак Верамеенкі кажуць, што бачылі загад ад лістапада 2020 году за подпісам колішняга начальніка Горадзенскага УУС Вадзіма Сіняўскага, каб краму закрылі.

«Адметнасьць» закрывала ўжо адна Воля, калі муж быў за мяжой, бо далей працаваць стала небясьпечна. Скарачала дні працы. Вяртала тавары рамесьнікам. Распрадавала рэшту. І да апошняга спадзявалася застацца ў Беларусі.

Падчас ператрусаў сілавікі забралі і зьнішчылі тавару на 4 тысячы даляраў. Для Верамеенак гэта вялікія грошы. Некаторым вытворцам яны дагэтуль вяртаюць пазыкі, частка рамесьнікаў даравала ім даўгі.

Сяргей Верамеенка ў краме, жнівень 2020 году
Сяргей Верамеенка ў краме, жнівень 2020 году

«Шкада, але ўсё вернецца», — камэнтуе Сяржук.

«Шкада таго месца, той атмасфэры, тых падзей. Мне Горадня стала роднай. Ня ведаю, ці стане яшчэ які горад такім», — кажа Воля.

«Што вы тут цырк ладзіце?» — «Гэта вы цырк ладзіце!»

Вользе 49 гадоў, Сяргею — 52. Для абаіх гэта другі шлюб. Шэсьць гадоў таму Вольга пераехала да Сяргея з Воршы. Іхная сумесная крама праіснавала 3,5 года.

Жыцьцё сям’і зьмянілася перад Днём Волі 2021 году. Сяргея дагэтуль ня раз затрымлівалі. 23 сакавіка ён з вуліцы ўбачыў, што ў іхную краму ломіцца АМАП. Жонка ўпрасіла мужа схавацца. Хованкі расьцягнуліся на 4 месяцы. Сяргей кажа, што ніхто ня ведаў, дзе ён быў, і далей не раскрывае таямніцу.

Сілавікі ў краме, студзень 2021 году
Сілавікі ў краме, студзень 2021 году

Ужо празь некалькі дзён да Вольгі дадому прыйшлі зь ператрусам — чалавек 10, у тым ліку ў экіпіроўцы, адзін трымаў аўтамат, другі дамкрат, каб ламаць дзьверы. Гаспадыня адчыніла празь некалькі хвілін, бо адзявалася.

«Што вы тут цырк ладзіце?» — запытаўся вядомы горадзенскі міліцыянт Аляксей Вайцешка.

«Гэта вы цырк ладзіце», — адказала Воля.

Са словамі «Жанчыну бярэм» сілавікі выставілі яе з хаты. Неўзабаве высьветлілася, што дакумэнты ў іх на ператрус у краме, а ня ў хаце, тады яны паехалі па новыя паперы. У той жа вечар абшукалі краму.

Прычынай стала «справа Пушкіна», па якой Сяргей праходзіў «магчымым удзельнікам». Забіралі рэчы зь беларускай сымболікай, тэхніку і ўсё, што зьвязана з Польшчай. У тыя дні таксама пачалі «справу Саюзу палякаў». Шукалі карціну Пушкіна, але не знайшлі.

Вольга прызнаецца, што пакуль чула грукат у дзьверы, хвалявалася, але калі адчыніла і ўбачыла «дэлегацыю», страх сышоў.

«Гляджу — бягуць, менавіта бягуць. „Працуе АМАП!“»

Праз два месяцы ў краму прыйшлі ўжо па саму Вольгу. Яна затрыманьня не чакала. Перад гэтым краму правяралі розныя службы, цкавалі праўладныя актывісты.

«Гляджу — бягуць, менавіта бягуць. „Працуе АМАП, тэлефоны на стол!“ Мне стала сьмешна. Яны пабеглі каля нашых сталоў з маленькай камэрай са словамі: „Здымай, здымай, здымай!“, нібыта мае рэчы разьбягаюцца, а яны іх даганяюць», — успамінае Вольга.

Вольга Верамеенка перад судом, чэрвень 2021 году
Вольга Верамеенка перад судом, чэрвень 2021 году

Афіцыйная прычына затрыманьня — нібыта Верамеенка «пікетавала шляхам дэманстрацыі і продажу тавараў». Прычым сілавікі пацьвердзілі, што забароны прадаваць рэчы з сымболікай няма. Адзін момант з таго ператрусу асабліва ўразіў Вольгу.

«Вайцешка сарваў паштоўку з партрэтам Вітольда Ашурка, якая вісела на шкле, парваў яе на кавалкі і выкінуў у сьметніцу. Гэты жэст стаіць у мяне перад вачыма», — кажа яна. Пасьля сьмерці Ашурка тады прайшло менш за 2 тыдні.

З крамы забралі рэчы з «Пагоняй», а пазьней праз суд пастанавілі іх зьнішчыць. Самой Вользе далі штраф.

«Хочацца на голую цётку паглядзець? Ды на здароўе!»

Жанчына хвілін сорак праседзела на заднім месцы міліцэйскага «козьліка» побач з турмой у самым цэнтры гораду.

«Я глядзела на шыльду кавярні і думала: хоць бы хто прайшоў, мне рукой памахаў. Людзі ходзяць, на вуліцы цёпла, а ты сядзіш», — узгадвае яна.

Падчас надгляду ў турме яе цалкам распраналі.

«Хочацца на голую цётку паглядзець? Ды на здароўе! Мне не было сораму ніякага. Ёй ня сорамна так працаваць, а мне чаго саромецца? Я жанчына прыгожая», — усьміхаецца Воля.

Турма №1 у Горадні
Турма №1 у Горадні

Першы час яе трымалі ў адзіночцы. Забаранялі сядзець цэлы дзень, чытаць і пісаць. Да адваката вадзілі ў кайданках, будзілі пасярод ночы.

На трэція суткі Верамеенку перавялі ў камэру да дзьвюх непалітычных жанчын. Вольга здагадалася, што адна зь іх, Данута, жанчына старэйшага ўзросту, была «падсадной качкай», і чакала ад яе правакацый. Вольга так расхвалявалася, што ў яе падскочыў ціск да 160, выклікалі мэдыка. Той даў лекі і дазволіў паляжаць.

«Я зразумела, што ім быў патрэбны Сяржук»

У нядзелю Дануту некуды выклікалі, хоць у нядзелі няма сьледчых дзеяньняў ці сустрэчаў з адвакатам. Вярнулася яна з цукеркамі і цыгарэтамі. Паабяцала, што неўзабаве Вольгу выпусьцяць.

«Мне тады стала яшчэ горш. Я зразумела, што там гаварылі пра мяне», — успамінае суразмоўца.

Перад самым выхадам Вольгі на волю Данута запыталася, ці будзе яе сустракаць муж. У камэры Вольга не казала, што замужам. Калі яна аспрэчыла, сукамэрніца запыталася, ці зьехаў муж у Польшчу. Вольга адказала станоўча.

«Я зразумела, што ім быў патрэбны Сяржук, і ўся пасадка на трое содняў была менавіта дзеля гэтага», — перакананая Вольга.

Пазьней яна даведалася, што ў ейнай сястры не ўзялі ў турму перадачу — сказалі, каб муж прынёс.

Вольга і Сяргей Верамеенкі ў Беластоку, студзень 2022 году
Вольга і Сяргей Верамеенкі ў Беластоку, студзень 2022 году

«Я зь Сержука ўзяла слова, што нават калі мяне закрыюць, каб ён не прыходзіў, бо тады ўсе хованкі будуць дарэмныя. Інакш мы б сядзелі ўдвох», — тлумачыць Вольга.

Сяргей прызнаецца, што ў яго было пачуцьцё віны.

«Першае маё жаданьне было пайсьці і здацца, узяць Вайцешку за грудкі і сказаць: „Лёша, паскуда, што ты робіш?“ Канечне, я не пайшоў, бо было зразумела, што мы абое там можам аказацца. Я ведаў, што Воля ў мяне дзеўчынка моцная», — кажа Сяргей.

Для Вольгі самым складаным на соднях было няведаньне, ці выпусьцяць яе, а таксама перажываньне за родных.

«Але калі я ўспамінала свайго мужа, думала: слава Богу, што тут я, а ня ён. Як бы ён тут хадзіў са сваімі [хворымі] нагамі. Я за яго больш хвалявалася, чым за сябе», — кажа жанчына.

«Мы ведаем гісторыі, калі людзі зьяжджалі на год, на пяць, а засталіся на 70–80»

Пераезд у Беласток сужэнцы называюць вымушанай мерай. Сяргею «зьлілі» інфармацыю, што яго хочуць пасадзіць на 10–20 гадоў. Ён выяжджаў «бясьпечным для сябе шляхам». У Эўропе аказаўся ў жніўні 2021-га.

Сяргей Верамеенка пасьля таго, як ён некалькі месяцаў хаваўся ад перасьледу беларускімі ўладамі
Сяргей Верамеенка пасьля таго, як ён некалькі месяцаў хаваўся ад перасьледу беларускімі ўладамі

Вольга зьехала зь Беларусі летась у лістападзе. Было зразумела, што сям’і трэба аб’ядноўвацца. Да таго ж стала вядома, што завялі крымінальную справу на тых, хто дапамагаў палітвязьням. Жанчына вырашыла болей не выпрабоўваць лёс. З сабой забрала рудога ката Дэльфіна, які разам зь сям’ёй перажываў ператрусы і адсутнасьць гаспадароў. Аднойчы Дэльфін нават стаў удзельнікам судовага працэсу, калі Сяргея судзілі за фота са сьцяжком і катом у сеціве. Праўда, самога ката ў суд не пусьцілі.

Вольга Верамеенка і ейны кот Дэльфін
Вольга Верамеенка і ейны кот Дэльфін

Сужэнцы жылі адно без аднаго 8 месяцаў. Цяпер пачынаюць жыцьцё з нуля. Пакуль сталай працы ў абаіх няма. Сяржук падпрацоўвае, месца працы называць ня хоча, бо ня ведае, як надоўга там застанецца. Вольга вярнулася да рамесьніцтва, робіць рэчы зь лямцу.

Частку сваіх тавараў Верамеенкі забралі ў Польшчу. Неўзабаве плянуюць прадаваць іх праз Instagram. Аднак адкрыць краму ў новым горадзе пакуль ня могуць: няма стартавага капіталу.

Пра вяртаньне ў Беларусь Вольга стараецца ня думаць. З аднаго боку, яна вельмі хоча вярнуцца ў Горадню, якая стала ёй роднай і па якой яна сумуе, зь іншага — разумее, што, магчыма, ня здолее яшчэ некалькі гадоў. Імаверна, сям’я пачне бізнэс у Беластоку, а пасьля зьменаў у Беларусі будзе жыць на два гарады.

«Мы і так шмат часу згубілі. Восем месяцаў мы жылі адно без аднаго. Паўтара года — у стрэсе. Мы ўжо не такія маладыя. Здароўя шмат згубілі. Трэба жыць і наладжваць сваё жыцьцё тут. Мы ведаем гісторыі, калі людзі зьяжджалі на год, на пяць, а засталіся на 70–80», — кажа Вольга.

Сяргей перакананы, што абавязкова вернецца дадому.

«Але яшчэ ня ведаю, у якой форме: можа сам, а можа ў сваіх дзецях і ўнуках. Сытуацыя апошнім часам разгортваецца настолькі хутка. Я засынаю і думаю, ці не прачнуся ад выбухаў», — тлумачыць мужчына.

Вольга і Сяргей Верамеенкі ў Беластоку
Вольга і Сяргей Верамеенкі ў Беластоку

За апошнія паўтара года Сяргей зразумеў, што насамрэч важная для яго сям’я і Беларусь. Вольга за гэты час пераканалася, што яны ўсё рабілі слушна.

«Я яшчэ больш палюбіла Беларусь. І гэта ня проста патасныя словы. Таксама я пераканалася, што побач са мной той чалавек, які павінен быць. Я адкрыла, што вельмі кахаю свайго мужа і шмат на якія рэчы гатовая дзеля яго пайсьці. Раней я гэтага ад сябе не чакала», — кажа яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG