Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы ўлады закрываюць краму нацыянальнай сымболікі


«Цудоўная крама» ў Воршы
«Цудоўная крама» ў Воршы

«Цудоўная крама» атрымала наказ ад Міністэрства надзвычайных сытуацый, празь які ўстанова закрыецца ўжо ў ліпені.

«Цудоўная крама» адкрылася 30 лістапада 2019 году, але ўжо праз год упершыню пазбавілася свайго памяшканьня. Праверкай прадпрымальніцкай дзейнасьці ўладальніка крамы, праваабаронцы Ігара Казьмерчака заняўся Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Фінансавая міліцыя аштрафавала яго на 486 рублёў за парушэньне парадку гандлю. Тады забралі кампутар ды фінансавую дакумэнтацыю.

Крама ў сьнежні 2020 году пераехала з прывакзальнага раёну ў цэнтар Воршы, тады скасаваньне дамовы арэнды Казьмярчак назваў «палітычна матываваным ціскам».

У ліпені 2021 году Казьмерчака двойчы затрымлівалі, ён стаў падазраваным у крымінальнай справе аб псаваньні маймасьці, а ў ягонай кватэры правялі ператрус. Сілавікі зноў заходзілі і ў краму.

Спачатку ўладальніку далі месяц на распродаж, тады «Цудоўная крама» паабяцала да свайго закрыцьця 16 жніўня зрабіць вялікія зьніжкі і распрадаць тавар, аднак 20 ліпеня Ігар Казьмерчак паведаміў, што МНС сваёй пастановай закрывае краму неадкладна.

«Хаця і шкада, але катастрофы ў гэтым ня бачу. Ужо некалькі месяцаў таму мы камандай разважалі пра тое, што крама ўжо выканала сваю функцыю і змаганьне за яе існаваньне выцягне шмат сілаў» — напісаў Казьмерчак у фэйсбуку.

Пасьля частых візытаў дзяржаўных органаў мусілі закрыцца ці зазналі сур’ёзныя цяжкасьці ў далейшай працы крамы «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», «Мой модны кут», Honar, Vokladki, БЧБ.бел, «Адметнасьць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», LSTR Adzieńnie, майстэрня Moj rodny kut і іншыя. У чэрвені ў Менску зачынілася папулярная крама нацыянальных тавараў «Будзьма».

«Цудоўная крама» ў Воршы была адной зь нешматлікіх крамаў нацыянальных тавараў па-за межамі Менску. У ёй прадавалі тавары з нацыянальнымі сымбалямі, а таксама прадукцыю народных майстроў, адзеньне, сувэніры, зьвязаныя з Аршаншчынай. Крама была адной зь нешматлікіх у горадзе, дзе ўсё афармленьне і абслугоўваньне вяліся на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG