Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 8 ліпеня: затрыманьні ў Глыбокім, Гомлі, Докшыцах, Воршы і Сьветлагорску

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З самай раніцы міліцыянты ў шэрагу гарадоў адначасова прыйшлі да некалькіх актывістаў зь ператрусамі.

Гомель

У Гомелі прайшоў вобшук у праваабаронцы Васіля Палякова. Пасля вобшуку ён затрыманы. Пазьней ён патэлефанаваў жонцы і паведаміў, што ён падазраваны ў крымінальнай справе, зьвязанай з тэрарызмам, і што яго павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Сёньня ж у Гомлі затрыманы валянтэр Ільля Міронаў. Ягоная маці вярнулася з лецішча, сына дома няма, сувязі з ім таксама, у хаце быў вобшук, усе перавярнулі. Ільля вядомы тым што дапамагае палітвязьням з перадачамі і напісаў ім больш за паўтары тысячы лістоў.

Віцебск

Як стала вядома праваабаронцам, увечары 7 ліпеня адбыўся ператрус у віцебскага актывіста Мікалая Качурца.

У прыватнасьці, супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі распытвалі яго пра меркаваную датычнасьць да падрыхтоўкі выбухаў, якія нібыта рыхтаваліся ў Вілейцы на Меншчыне.

2 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нейкія «атрады самаабароны» спрабавалі падарваць вузел сувязі Ваенна-марскога флёту Расеі. Тады ж ён казаў, што зламысьнікі хацелі захапіць прапагандыста Рыгора Азаронка і адрэзаць яму язык.

З ператрусам прыйшлі ў кватэру журналіста-фрылянсэра зь Віцебску Зьмітра Казакевіча. Аднак яго не было дома. Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы за паклёп, заведзенай у дачыненьні да нявызначанай асобы. Паклёп датычыцца супрацоўніка міліцыі з Лепеля па прозьвішчы Міхно. Па выніках ператрусу, што цягнуўся амаль тры гадзіны, забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сыстэмныя блёкі, два фотаапараты і маленькі БЧБ-сцяжок, – паведамляе Белсат.

Ворша

У Воршы затрымалі праваабаронцу і журналіста Ігара Казьмерчака, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна». У яго адбыўся ператрус у 6.30 раніцы нібыта на падставе справы аб размалёўваньні сьценаў. Пазьней стала вядома, што Ігар Казьмерчак затрыманы на 72 гадзіны па крымінальнай справе. Папярэдне — справа аб псаваньні маёмасьці (артыкул 218 крымінальнага кодэксу).

Таксама ператрус раніцай правялі ў аршанскага фатографа Дзяніса Дубкова.

Глыбокае

Краязнаўца Кастусь Шыталь напісаў у Фэйсбуку, што ў Глыбокім вобшукі правялі ў кватэрах Аляксандра Шарабайкі і Вольгі Лапаткі. У Докшыцах — у настаўніка Арцёма Стадольніка і юрыста, былога сьледчага Юрыя Мацеюна. Вядома, што Стадольніка спачатку адпусьцілі, але затым затрымалі. Шарабайка таксама затрыманы, ён падазраваны ў крымінальнай справе за распальваньне варажнечы, пра што паведаміла яго жонка.

Фармальна ператрус у Мацеюна зьвязаны з крымінальнай справай за надпіс «Не забудем, не простим» у нейкай вёсцы Докшыцкага раёну. Ён удзельнічаў у пратэстах пасьля выбараў, быў аштрафаваны за ўдзел у мітынгу 16 жніўня і за нацыянальны сьцяг на доме.

Глыбачанін Аляксандар Шарабайка пасьля выбараў агулам адседзеў 40 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту. Акрамя яго, падазраванай у крымінальнай справе стала і Кіра Кісялёва, яе таксама затрымалі.

Глыбоцкага журналіста Зьмітра Лупача сілавікі забралі з санаторыя «Пліса», дзе ён адпачываў апошнімі днямі. Жонка журналіста паведаміла ў БАЖ, што сілавікі перад гэтым прыяжджалі да Лупача дадому. Куды павезьлі журналіста, пакуль невядома.

Сьветлагорск

У Сьветлагорску раніцай прыйшлі з вобшукам у справе аб «тэрарызьме» да сястры актывіста Дзьмітрыя Дзікуна, які зьехаў у Літву, піша «Вясна». Таксама пастановы на ператрусы прад’явілі і шэрагу іншых сьветлагорцаў, падстава для візыту міліцыянтаў пакуль невядомая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG