Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтары сотні ператрусаў і 113 затрыманых. БАЖ падвяла вынікі рэпрэсіяў супраць журналістаў у 2021 годзе


Сілавікі выносяць рэчы з офісу Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу
Сілавікі выносяць рэчы з офісу Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу

Летась Беларусь прызналі самай небясьпечнай краінай у Эўропе для работнікаў мэдыя. Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала справаздачу за 2021 год.

Ціск на незалежную прэсу Беларусі і грамадзянскую супольнасьць у 2021 годзе ўзмацніўся. Рэпрэсіі ў дачыненьні да недзяржаўных журналістаў і СМІ былі накіраваныя на зьнішчэньне незалежнага мэдыясэктара. Многія рэдакцыі незалежных СМІ рэлякаваліся і працягнулі працу з-за мяжы, піша БАЖ.

У лютым і ліпені ў офісе БАЖ у Менску і кватэрах яе супрацоўнікаў прайшлі вобшукі, забралі дакумэнты і абсталяваньне. Арыштавалі офіс БАЖ і рахунак арганізацыі. У жніўні Вярхоўны суд па позве Міністэрства юстыцыі ліквідаваў «Беларускую асацыяцыю журналістаў».

У 2021 годзе БАЖ зафіксаваў 113 затрыманьні журналістаў, 29 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў.

За год прайшло 146 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыях незалежных СМІ, сярод іх у ліпені — 75. Падставай сілавікі часьцей за ўсё называлі расьсьледаваньне крымінальных справаў.

За год пад крымінальным перасьледам знаходзілася больш за 60 прадстаўнікоў мэдыя, 32 зь іх заставаліся за кратамі на канец году. Прычынай для затрыманьняў была як у асьвятленьні падзеяў у краіне, так і нібыта ў эканамічныя злачынствы.

Цягам 2021 году 4 журналістам вынесьлі прысуды:

  • Кацярыне Барысевіч (Tut.by) — 6 месяцаў калёніі, бо напісала, што пратэстовец Раман Бандарэнка на момант сьмерці быў цьвярозы;
  • па два гады калёніі Кацярыне Андрэеевай і Дар’і Чульцовай (тэлеканал «Белсат») за прамую трансьляцыю з акцыі пратэсту на плошчы Перамен пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі;
  • Сяргею Гардзіевічу (незалежны рэгіянальны навіновы сайт 1reg.by з Драгічына) — 1,5 гады калёніі за «зьнявагу Лукашэнкі і прадстаўнікоў уладаў» і «паклёп» у чаце ў Viber.

Цягам году асудзілі таксама сем блогераў:

  • Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Вадзім Ермашук — па 3 гады калёніі,
  • Павел Сьпірын — 4,5 года калёніі,
  • Эдуард Пальчыс — 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму,
  • Ігар Лосік — 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» назвала Беларусь самай небясьпечнай краінай у Эўропе для супрацоўнікаў мэдыя.

Паводле штогадовага даклада Камітэта абароны журналістаў, Беларусь знаходзілася на пятым месцы ў сьвеце па колькасьці журналістаў у зьняволеньні.

Масавай практыкай стала прызнаваць «экстрэмісцкімі матэрыяламі» публікацыі незалежных мэдыя, пасьля чаго доступ да гэтых СМІ ў Беларусі блякавалі, а інтэрнэт-карыстальнікаў, якія цытавалі гэтыя матэрыялы, прыцягвалі да адказнасьці (нават у тых выпадках, калі публікацыі разьмяшчалі яшчэ да прызнаньня іх экстрэмісцкімі).

Некалькі СМІ Беларусі і іх сеткавыя супольнасьці беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»: «Радыё Свабода», «Белсат», «БелаПАН». За ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» пагражае да 6 гадоў калёніі, за ягонае стварэньне — да 10 гадоў.

У 2020–2021 гадах беларускія ўлады заблякавалі доступ да больш чым 100 інфармацыйных сайтаў.

Цягам 2021 году пасьля ціску ўладаў перасталі выходзіць у друкаваным выглядзе 7 газэтаў і 1 часопіс; яшчэ 8 газэтаў не выходзілі зь 2020 года.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG