Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе ў Беларусі могуць разьмясьціць расейскія войскі. МАПА


Перавозка расейскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Расеі да мяжы з Ўкраінай
Перавозка расейскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Расеі да мяжы з Ўкраінай

Вайскоўцы з-за ўсходняй мяжы ўжо пачалі актыўна прыбываць у Беларусь. Іх плянуюць разьмясьціць уздоўж мяжы з Польшчай і Ўкраінай.

Сумесныя беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» пройдуць на тэрыторыі Беларусі з 10 па 20 лютага, аднак расейскія вайскоўцы ўжо пачалі прыбываць на тэрыторыю краіны.

Як паведамляюць Свабодзе відавочцы, расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў, разьмешчаных ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны.

Усе яны маюць рознае прызначэньне. Даманаўскі, напрыклад, выкарыстоўваецца пераважна для трэнаваньня авіяцыі. Гожаскі і Берасьцейскі — для высадкі дэсанту і іншых мэтаў.

Пры гэтым у Беларусі ёсьць таксама вайсковыя палігоны, разьмешчаныя бліжэй да цэнтру краіны альбо недалёка ад расейскай мяжы. Гэта, напрыклад, танкавы палігон ля Барысава альбо палігоны ў Віцебскай вобласьці. Аднак аб прыбыцьці туды расейскіх вайскоўцаў не паведамляецца.

Акрамя вайсковых палігонаў, у беларуска-расейскіх вучэньнях будуць задзейнічаныя вайсковыя аэрадромы ў Лідзе, Баранавічах і Мачулішчах. Першыя два выкарыстоўваюцца як базы для зьнішчальнай авіяцыі. Вайсковы аэрадром «Мачулішчы» прызначаны для транспартнай авіяцыі. Менавіта адтуль выляталі беларускія вайскоўцы, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі АДКБ у Казахстане.

Якія расейскія ўзбраеньні пераводзяць у Беларусь

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусь для сумесных вучэньняў прыбудуць чатыры дывізіёны зэнітных ракетных сыстэм С-400, зэнітны ракетна-гарматны дывізіён «Панцыр-С», а таксама 12 зьнішчальнікаў СУ-35. Аднак Міністэрства абароны Беларусі апублікавала ролік, прысьвечаны прыбыцьцю расейскіх войскаў у Беларусь, на якім відаць і іншыя віды расейскага ўзбраеньня.

Незалежныя вайсковыя экспэрты таксама паведамляюць, што ў Беларусь могуць перакінуць ня толькі расейскія комплексы супрацьпаветранай абароны, але і наземныя войскі.

Удзельнік расьсьледніцкага праекту Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў у размове са Свабодай паведаміў, што толькі з Далёкага Усходу Расеі да яе заходніх межаў цяпер перакідваюць каля 10 тысяч расейскіх вайскоўцаў, значная частка якіх можа трапіць у выніку на тэрыторыю Беларусі. Паводле інфармацыі CIT, яны могуць застацца ў Беларусі і пасьля 20 лютага.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG