Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыянэр стаў жандарам. Армянскі аналітык пра войскі АДКБ у Казахстане


Нікол Пашын'ян, кастрычнік 2018

Як армянскае грамадзтва і палітычны істэблішмэнт успрынялі рашэньне аб накіраваньні армянскіх войскаў у Казахстан? Якія аргумэнты прыхільнікаў і праціўнікаў гэтага рашэньня? Як удзел Армэніі ў апэрацыі АДКБ у Казахстане паўплывае на пэрспэктывы эўраінтэграцыі краіны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае армянскі палітычны аналітык, дырэктар Ерэванскага прэс-клюбу Барыс Навасард’ян.

Навасардʼян

  • У Армэніі больш крытыкі, чым ухвалы рашэньня аб удзеле ў апэрацыі АДКБ у Казахстане.
  • 6 студзеня была распаўсюджаная заява шэрагу грамадзкіх арганізацыяў, якія палічылі гэтае рашэньне непрымальным.
  • Яны выказалі сумнеў у тым, што такі крок дазваляе працягваць разглядаць Армэнію як краіну, якая зацікаўленая ў сямʼі дэмакратычных дзяржаваў.
Барыс Навасард'ян
Барыс Навасард'ян
  • У сьнежні летась Армэнія была запрошаная на саміт дзеля дэмакратыі, ініцыяваны прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.
  • Крытыка гучала і з боку папярэдніх армянскіх уладаў.
  • Паводле іх, прэмʼер Нікол Пашыньян праяўляе непасьлядоўнасьць.
  • Ён ініцыяваў крымінальныя справы супраць службовых асобаў, якія могуць быць прызнаныя адказнымі за гвалт адносна пратэстоўцаў у 2008 годзе ў Армэніі.
  • Цяпер ён ухваліў удзел армянскіх вайскоўцаў у гвалтоўным падаўленьні пратэстаў у Казахстане.
  • Армэнія вусна рабіла запыт на дапамогу ад АДКБ падчас вайсковых сутыкненьняў з Азэрбайджанам пасьля 44-дзённай вайны, у лістападзе 2021 году.
  • АДКБ тады не адгукнулася на зварот Армэніі.
  • На думку крытыкаў, Армэніі ня варта была адгукацца з такім энтузіязмам на зварот Такаева.
  • На жаль, не было нададзена ўвагі варыянту — падтрымаць палітычнае рашэньне АДКБ, але не пасылаць сваіх войскаў.
  • Я лічу, што гэта было б самым правільным рашэньнем з прагматычнага пункту гледжаньня.
  • Многія прагматычныя аналітыкі адзначалі, што ў Армэніі не было выйсьця — яна павінная была альбо выйсьці з АДКБ альбо падтрымаць апэрацыю ў Казахстане.
  • Можна было не пасылаць войскі, хаця б з патрэбаў гарантаваць бясьпеку Армэніі, для чаго гэтыя сто вайскоўцаў ня лішнія.
  • У Казахстане жыве нямала армян. І ёсьць перасьцярогі, што адпраўленьне армянскіх войскаў туды можа адмоўна адбіцца на становішчы армянскай дыяспары ў Казахстане.
  • Тлумачэньне афіцыйнай пазыцыі даў сакратар Рады бясьпекі Армэніі Армэн Грыгарʼян.
  • Ён сказаў, што рэвалюцыя 2018 году ў Армэніі была заснаваная на дэмакратычных прынцыпах і была рэалізаваная празь мірныя, у адрозьненьні ад Казахстану, вулічныя пратэсты.
  • Але тады было заяўлена, што рэвалюцыя не азначае зьмену геапалітычных прыярытэтаў краіны.
  • Армэнія застаецца вернай сваім абавязкам у межах ЭАЭС і АДКБ.
  • І другая тэза Грыгарʼяна — ён патлумачыў, як Армэнія магла адгукнуцца пра просьбу краіны, якая горача падтрымлівала Азэрбайджан падчас 44-дзённай вайны і павіншавала Баку з посьпехам у гэтай вайне.
  • Грыгарʼян сказаў — мы спадзяемся, што ў будучыні АДКБ выканае свае абавязкі перад Армэніяй.
  • Могуць быць непапраўна сапсаваныя адносіны паміж Армэніяй і Казахстанам на ўзроўні грамадзтваў.
  • На ўзроўні дзяржаваў яны сапсаваныя пасьля таго, як Казахстан падтрымаў Азэрбайджан у вайне з Армэніяй.
  • Сакратар Рады бясьпекі Армэніі ў сваім тлумачэньні падкрэсьліў, што дэмакратычныя працэсы ў Армэніі разглядаюцца як выключна ўнутраныя справы і Армэнія не зьбіраецца экспартаваць сваю мадэль у іншыя краіны.
  • На афіцыйным узроўні ня будзе зьмены стаўленьня да Армэніі з боку Захаду ад рашэньня накіраваць армянскія войскі ў Казахстан.
  • Але назапашваньне меркаваньняў аб Армэніі адбывалася некалькі апошніх гадоў, напэўна, з 2013 году, калі Армэнія адмовілася ад падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ і абрала шлях у межах эўразійскай інтэграцыі.
  • Рашэньне наконт Казахстану кідае маленькую манэтку ў гэтую капілку.

Што было раней

  • Урад Армэніі дазволіў падразьдзяленьню сваіх узброеных сіл узяць удзел у міратворчай місіі АДКБ у Казахстане.
  • Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ у Казахстане будуць налічваць каля 2,5 тыс. чалавек, пры неабходнасьці могуць быць узмоцненыя, заявіў РІА Новости генэральны сакратар арганізацыі Станіслаў Зась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG