Расейскія самалёты даставілі ў Казахстан кіргіскіх вайскоўцаў

Расейскія вайскоўцы перад вылетам у Казахстан
Расейскія вайскоўцы перад вылетам у Казахстан

У Казахстан у пятніцу прыбылі 150 вайскоўцаў з суседняга Кіргізстану — як частка кантынгенту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Гэты кантынгент разгорнуты ў краіне на просьбу прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева ў сувязі з масавымі пратэстамі і беспарадкамі ў краіне, пра якія Такаеў гаворыць як пра акты тэрарызму.

Як паведамляе расейскае агенцтва ТАСС, кіргіскія вайскоўцы прыбылі ў Казахстан на расейскіх вайскова-транспартных самалётах. Расейскія вайскоўцы складаюць аснову кантынгенту АДКБ. Іх у Казахстан адпраўлена каля 3 тысяч. Таксама ў кантынгент уваходзяць вайскоўцы зь Беларусі, Армэніі і Таджыкістану.

Адпраўку вайскоўцаў з Кіргізстану ўхваліў у пятніцу парлямэнт краіны. Паведамляецца, што рашэньне прынялі толькі пасьля паўторнага галасаваньня. 69 дэпутатаў прагаласавалі «за», 7 «супраць». Кіргіскія вайскоўцы прыбылі ў Казахстан праз суткі пасьля расейскіх.

У Міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што расейскія вайскоўцы ў Казахстане «ня будуць прыцягвацца да апэратыўна-баявых мерапрыемстваў мясцовых праваахоўных органаў і вайсковых падразьдзяленьняў». Пры гэтым паведамляецца, што яны разьмешчаныя ў аэрапорце гораду Алматы, дзе назіраецца найбольш жорсткае супрацьстаяньне з выкарыстаньнем зброі.

​
XS
SM
MD
LG