Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ў краінах АДКБ кажуць пра высылку салдат у Казахстан для здушэньня пратэстаў


Пратэсты ў Казахстане, 6 сьнежня 2021 г.
Пратэсты ў Казахстане, 6 сьнежня 2021 г.

Паглядзелі, як рэагуюць у краінах АДКБ на накіраваньне сваіх узброеных сілаў у Казахстан. У склад кантынгенту ўвайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану.

  • Афіцыйна АДКБ утварылася ў 2002 годзе замест ранейшай Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Расшыфроўваецца абрэвіятура як Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.
  • У розныя гады яе склад зьмяняўся, цяпер у АДКБ уваходзяць Расея, Беларусь, Армэнія, Казахстан, Таджыкістан і Кіргізстан.
  • 6 студзеня АДКБ з удзелам Беларусі адправіла свае ўзброеныя сілы ў Казахстан, дзе праходзяць акцыі пратэсту супраць уладаў.
  • Беларускія вайскоўцы не ўпершыню адпраўляюцца за мяжу, але місія ў Казахстане стане для іх першай буйной замежнай апэрацыяй.

МЗС Расеі: «Разглядаем падзеі як інсьпіраваную звонку спробу падарваць бясьпеку і цэласнасьць Казахстану»

«Расейская Фэдэрацыя, пацьвердзіўшы прыхільнасьць саюзьніцкім абавязаньням у рамках АДКБ, падтрымала прыняцьце неадкладных мер у сувязі з імклівай дэградацыяй унутрыпалітычнай сытуацыі і ростам гвалту ў Казахстане. Разглядаем апошнія падзеі ў прыязнай нам краіне як інсьпіраваную звонку спробу гвалтоўным шляхам, з выкарыстаньнем падрыхтаваных і арганізаваных узброеных фармаваньняў, падарваць бясьпеку і цэласнасьць дзяржавы», — гаворыцца ў заяве МЗС Расеі ў сувязі з рашэньнем АДКБ аб накіраваньні калектыўных міратворчых сіл АДКБ у Казахстан.

У ёй зазначаецца, што Расея працягне кансультацыі з казахстанскім бокам і іншымі саюзьнікамі па АДКБ «для аналізу і выпрацоўкі, у выпадку неабходнасьці, далейшых эфэктыўных крокаў» па садзейнічаньні правядзеньню «контратэрарыстычнай апэрацыі» ў Казахстане і вяртаньні пад кантроль казахстанскіх уладаў «жыцьцёва важных аб’ектаў крытычнай інфраструктуры».

Расейскі палітоляг: «Гэта можа быць вельмі нядобра для рускага насельніцтва ў Казахстане»

Расейскі палітоляг Кацярына Шульман у эфіры «Эхо Москвы» выказала сваю ацэнку сытуацыі:

«Я думаю, у мяне, як і ва ўсіх, выклікае некаторую зьбянтэжанасьць тое, што кіраўнік Казахстану зрабіў тое, чаго не зрабілі ні Лукашэнка, ні Януковіч: паклікаў у сваю краіну замежныя войскі. І паклікаў такім чынам, што гэта легітымна», — адзначыла Шульман.

На яе думку, пад «псэўданімам» АДКБ у якасьці баявой сілы будзе выступаць пераважна Расея.

«Гэта можа быць вельмі нядобра для рускага насельніцтва ў Казахстане. Вельмі не хацелася б, каб у вачах сваіх суседзяў яны выглядалі як памагатыя акупантаў. Як гэта выглядае? Народ паўстаў супраць тырана, а той паклікаў замежных вайскоўцаў душыць гэтыя пратэсты. Вельмі лёгка ўявіць сытуацыю так — больш за тое, з пункту гледжаньня незадаволеных немагчыма ўявіць, як інтэрпрэтаваць яе інакш. Гэта можа напалохаць людзей, у якіх няма ні арганізацыі, ні правадыра, і яны могуць „рассмактацца“, гэта не неверагодны варыянт. Але тое, што гэта ня зробіць ні на кога добрага ўражаньня, — увогуле, мабыць, зразумела».

Расейскі палітоляг Абас Галямаў адзначае, што без папярэдніх дамоўленасьцяў з публічнымі просьбамі падобнага кшталту, як зрабіў прэзыдэнт Казахстану, не зьвяртаюцца. «Значыць, калі ён не канчаткова звар’яцеў ад страху, дамоўленасьці гэтыя ў яго ёсьць», — разважае ён на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Лукашэнка, паводле Галямава, можа лёгка адправіць сваіх сілавікоў на здушэньне казахскіх пратэстаў «проста на адных эмоцыях, на нянавісьці да любога роду апазыцыі». Пуціну, паводле яго, таксама «будзе складана ўтрымацца».

Паводле палітоляга, цяпер застаецца незразумелым, што ў гэтай сытуацыі будуць рабіць казаскія вайскоўцы.

«Назарбаеў сышоў, ім дзеля Такаева кроў ліць? Мяркуючы па іх сёньняшніх паводзінах, яны ад гэтай пэрспэктывы не ў захапленьні», — адзначае Галямаў і дадае, што адпраўка «замежных акупантаў» у выглядзе сілаў АДКБ у Казахстан можа паспрыяць таму, што ў казаскіх вайскоўцаў уключыцца «нацыянальны фактар, а ён — ох які моцны драйвэр».

«Карацей, ніхто цяпер ня можа выключыць, што ў выпадку зьяўленьня ў Казахстане сілавікоў славянскай зьнешнасьці частка казаскіх Узброеных сілаў і паліцыі пяройдзе на бок паўстанцаў. І тады гэта ўжо ня проста прагулка будзе, а новы Афганістан», — піша палітоляг.

Беларускі экспэрт: «Міратворчыя сілы ня будуць удзельнічаць у разгоне пратэстаў»

Як зазначыў Zerkalo.io беларускі вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін, першапачаткова АДКБ стваралася для абароны краінаў-удзельніц ад унутранай пагрозы, «зьнешняя была другараднай». Паводле яго, Беларусь у прынцыпе можа адмовіцца накіроўваць сваіх вайскоўцаў у іншыя краіны АДКБ, і Лукашэнка ў свой час доўга не пагаджаўся на тое, што Беларусь выдзеліць сваіх вайскоўцаў у Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Па гэтым пытаньні ішла палітычная барацьба паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі, але ўрэшце эканамічных і палітычных рычагоў у Масквы аказалася дастаткова, каб з Лукашэнкам дамовіцца (ці прымусіць яго да гэтага)», — кажа Алесін.

Паводле яго, раней беларускае заканадаўства і Канстытуцыя не дазвалялі адпраўляць вайскоўцаў за межы Беларусі, але былі прынятыя спэцыяльныя нарматыўныя акты, якія дазваляюць у выпадку неабходнасьці адпраўляць кантрактнікаў у іншыя краіны, калі яны выкажуць такое жаданьне і напішуць заяву.

У пагадненьнях, якія падпісалі ўдзельніцы АДКБ, агаворана, што Беларусь выдзяляе 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду Сіл спэцапэрацый, у міратворчым падразьдзяленьні якой служаць толькі кантрактнікі. Таксама на міратворчыя місіі могуць адпраўляцца падразьдзяленьне САХР, людзі з СК, супрацоўнікі МНС, мэдработнікі і цывільны пэрсанал.

«Першапачаткова [у пагадненьнях] было запісана, што гэтыя сілы могуць прыцягвацца для падтрыманьня канстытуцыйнага ладу, захаваньня грамадзкага парадку і барацьбы з тэрарызмам. Менавіта такія фармулёўкі прэзыдэнт Казахстану прымяніў, калі зьвярнуўся з просьбай да краінаў АДКБ даслаць міратворчы кантынгент. Гэта значыць, гэта адбываецца ў рамках міжнародных дамоўленасьцяў», — падкрэсьлівае Алесін і ўдакладняе, што ў Казахстан зь Беларусі адправяць ня ўсю падрыхтаваную каманду.

Паводле экспэрта, міратворчыя сілы ня будуць удзельнічаць у разгоне пратэстаў, здушэньні апазыцыі ці нечым падобным у Казахстане. У іх задача — ахова найважнейшых вайсковых абʼектаў і інфраструктуры, важных цывільных абʼектаў, якія становяць небясьпеку з пункту гледжаньня вытворчасьці, напрыклад, хімічнай, нафтаперапрацоўчай або атамнай прамысловасьці, а таксама найважнейшых дзяржаўных органаў.

«Думаю, гэтымі сіламі будуць узятыя пад ахову ўрад, прэзыдэнт, мясцовыя органы ўлады. Што тычыцца здушэньня пратэстаў — гэта могуць рабіць толькі мясцовыя», — лічыць Алесін.

Пры гэтым, падкрэсьлівае экспэрт, у пагадненьні аб выкарыстаньні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня ўказана, што калі ў працэсе міратворчай дзейнасьці яны нанясуць шкоду жыцьцю і здароўю мясцовых грамадзян, абʼектам інфраструктуры або прыродзе, то бок, які прымае, ня будзе прадʼяўляць да іх ніякіх прэтэнзій.

Армянскі палітоляг: «Удзел Армэніі ў здушэньні пратэстаў можа выклікаць хвалю антыармянскіх настрояў у Казахстане»

Армянскі палітоляг, усходазнаўца Сяргей Мелканян лічыць, што Ерэван, прымаючы любыя палітычныя рашэньні, павінен зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў.

«У дадзеным выпадку ўдзел Армэніі ў сілавым здушэньні пратэстаў можа выклікаць хвалю антыармянскіх настрояў у Казахстане», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Акрамя таго, як нагадвае палітоляг, роўна тры гады таму ўжо быў канфлікт паміж казахамі і армянамі на этнічнай глебе, і з улікам таго, што ў Казахстане пражывае некалькі дзясяткаў тысяч армян, Ерэван абавязаны прыняць да ўвагі ўсе рызыкі. Паводле яго, дыпляматычнай місіі і ўпаўнаважаным структурам па працы з дыяспарай неабходна падтрымліваць кантакт з армянскім насельніцтвам Казахстану ня толькі дзеля гарантаваньня іх бясьпекі, але і дзеля рэалізацыі праграмаў іх рэпатрыяцыі і інтэграцыі, бо «антыармянскія тэндэнцыі з часам будуць яшчэ больш узмацняцца, улічваючы фактар сілавога ўцягваньня Ерэвану».

Кіргізстан: Кабмін просіць кіргізстанцаў паставіцца да гэтага «з разуменьнем»

У Бішкеку 6 студзеня праходзіць акцыя пратэсту супраць адпраўкі кіргіскіх вайскоўцаў у Казахстан у складзе калектыўных міратворчых сіл АДКБ. Яе ўдзельнікі лічаць, што падзеі ў Казахстане — унутрыпалітычнае пытаньне, у якім Кіргізстан не павінен браць удзелу. Таксама яны патрабуюць выхаду Кіргізстану з АДКБ.

Акцыя пратэсту ў Бішкеку 6 сьнежня
Акцыя пратэсту ў Бішкеку 6 сьнежня

Кабінэт міністраў Кіргізстану заклікаў кіргізстанцаў «з поўным разуменьнем і адказнасьцю» паставіцца да рашэньня накіраваць воінскі кантынгент у Казахстан. Кабмін заявіў, што як блізкі сусед і стратэгічны саюзьнік Казахстану Кіргізстан ня мае права адхіліць просьбу аб дапамозе ад законных уладаў Казахстану і выканае свае абавязаньні ў неабходнай меры ў рамках АДКБ. «Пры гэтым роля вайсковай часткі Кіргізстану павінна быць строга абмежаваная аховай стратэгічных абʼектаў і не ўключаць у сябе хоць якога ўзаемадзеяньня з цывільным насельніцтвам ці абавязкаў забясьпечваць грамадзкі парадак», — запэўніў кабмін.

Парлямэнт Кіргізстану сёньня павінен быў сабрацца на экстранае пасяджэньне ў сувязі з падзеямі ў Казахстане для абмеркаваньня пытаньня аб удзеле Кіргізстану ў місіі АДКБ, аднак з прычыны адсутнасьці кворуму паседжаньне адклалі на 7 студзеня.

Старшыня кіргіскай партыі «Ата Мекен» Амурбек Тэкебаеў расцэньвае хваляваньні ў Казахстане як выбух цярпеньня насельніцтва, якое стамілася ад аўтарытарнай улады:

Амурбек Тэкебаеў
Амурбек Тэкебаеў

«Гэтыя падзеі важныя ня толькі для Казахстану, але і для ўсяго рэгіёну. Казаскі народ шмат гадоў змагаўся з аўтарытарнай і аднаасобнай уладай. Пасьля наступленьня новага году Казахстан узьняўся стыхійна, але адначасова. Гэта кажа, што казаскі народ незадаволены цяперашнім рэжымам і жадае зьменаў. (...) Працэс пачаўся ў Кіргізстане, цяпер [адбываецца] у Казахстане, гэта паўплывае на іншыя краіны, у тым ліку і на Расею. Некаторыя экспэрты адзначаюць, што „каляровыя“ рэвалюцыі дасягнулі і Казахстану», — кажа палітык.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG