Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская аб накіраваньні беларускага войска ў Казахстан: Лукашэнка страціў легітымнасьць і ня мае права на такія рашэньні


Расейскі вайсковы самалёт, які перавозіць сілы АДКБ у Казахстан
Расейскі вайсковы самалёт, які перавозіць сілы АДКБ у Казахстан

Сьвятлана Ціханоўская выказалася ў сувязі з накіраваньнем беларускіх вайскоўцаў у Казахстан ў складзе сілаў АДКБ.

Заяву Ціханоўскай распаўсюдзіла яе прэсавая служба:

«Ня трэба быць палітыкам ці экспэртам, каб разумець: увод войскаў — гэта заўсёды ўзброенае ўмяшаньне ў справы іншай дзяржавы. Народ Беларусі ніколі ня выступіў бы і ня выступіць за тое, каб адправіць войска на прыгнечаньне волі народу Казахстану.

Бо кожны беларус сэрцам разумее рашэньне супрацьстаяць дыктатуры. Кожны беларус разумее, што Лукашэнка, які страціў легітымнасьць, ня мае права прымаць рашэньні аб уводзе войскаў і ахвяраваць беларусамі дзеля ўзброенай сымуляцыі стабільнасьці ў рэгіёне. І кожны беларус выступіць супраць любога дзеяньня, якое нясе пагрозу сувэрэнітэту Беларусі.

Толькі жыхары Казахстану маюць права вызначаць лёс сваёй краіны і адстойваць свой выбар. Выхад на вуліцу — гэта нармальны, а ў аўтарытарных рэжымах — адзін зь нямногіх даступных грамадзянам спосабаў выказваньня сваёй грамадзянскай волі. Я спадзяюся, што пратэстоўцы і ўлады Казахстану знойдуць магчымасьці пачаць дыялёг і разьвязаць сытуацыю, не дапускаючы новых ахвяраў».

Вайсковы кантынгент АДКБ 6 студзеня адправіўся ў Казахстан па просьбе Касыма-Жамарта Такаева. Пра накіраваньне сілаў АДКБ у Казахстан паведаміў сайт арганізацыі.

Старшыня Рады калектыўнай бясьпекі, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раней агучыў рашэньне арганізацыі.

«Рада калектыўнай бясьпекі АДКБ у адпаведнасьці з артыкулам 4 Дамовы аб калектыўнай бясьпецы прыняла рашэньне накіраваць Калектыўныя міратворчыя сілы АДКБ у Рэспубліку Казахстан на абмежаваны ў часе пэрыяд з мэтай стабілізацыі і нармалізацыі становішча ў гэтай краіне».

У склад кантынгенту, накіраванага ў Казахстан, увайшлі падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Паводле папярэдніх зьвестак, ад Беларусі ў Казахстан ляціць 103-я брыгада паветрана-дэсантных войскаў сілаў спэцыяльнай абароны. Вылет з аэрадрому Мачулішчы.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG