Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКБ ператвараецца ў саюз аўтарытарных рэжымаў для абароны ад іх народаў, — Карбалевіч


Пажар у офісе кіроўнай партыі Казахстана Нур Атан. Алматы, 5 студзеня 2022

Зьмена стратэгіі ў дзейнасьці АДКБ абумоўлена як эвалюцыяй палітычных рэжымаў краін – сяброў арганізацыі, так і пераменамі ў глябальнай геапалітыцы.

Сьцісла:

  • Лёгіка аўтарытарных кіраўнікоў аднолькавая. Дзеля захаваньня ўлады яны гатовыя ахвяраваць значнай часткай нацыянальнага сувэрэнітэту.
  • Умяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты статут АДКБ не прадугледжвае.
  • Падзеі ў Казахстане стануць дадатковым чыньнікам канфлікту Расеі і яе саюзьнікаў з Захадам.
  • Здаецца, у замежнай палітыцы Казахстана адбудзецца тая ж эвалюцыя, што і ў вонкавай палітыцы Беларусі. То бок заходні кірунак абрынецца, узрасьце залежнасьць Астаны ад Масквы.

Гэтага можна было чакаць. Рана ці позна такое павінна было адбыцца. АДКБ пад выглядам «міратворчых сілаў» задзейнічана у задушэньні народнага пратэсту у адной з краін-чальцоў.

Зварот прэзыдэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева да Уладзіміра Пуціна (фармальна да АДКБ) — акт адчаю. Гэта значыць, казахстанскія сілавікі выйшлі з-пад кантролю палітычнага кіраўніцтва, выявіліся ненадзейнымі. Бо захоп адміністрацыйных будынкаў у Алматы мог адбыцца толькі пры ўмове неўмяшаньня паліцыі.

Гэта значыць, Такаеў зрабіў тое самае, што і Лукашэнка ў жніўні-верасьні 2020 году. А, нагадаю, тады Лукашэнка прасіў Пуціна накіраваць у Беларусь расейскія вайсковыя падразьдзяленьні дзеля задушэньня пратэстаў. І прэзыдэнт Расеі падрыхтаваў адпаведную рэзэрву, якая, праўда, так і не была задзейнічаная.

Можна канстатаваць, што лёгіка аўтарытарных кіраўнікоў аднолькавая. Дзеля захаваньня ўлады яны гатовыя ахвяраваць значнай часткай нацыянальнага сувэрэнітэту. І рыторыка вельмі падобная. Праціўнікаў рэжыму абвясьцілі тэрарыстамі («тэрарыстычныя банды»).

Пытаньне пра ўмяшаньне АДКБ ва ўнутраныя канфлікты краін-сяброў узьнімалася шмат разоў. І галоўным энтузіястам такой ідэі быў Лукашэнка. Яшчэ ў 2010 годзе, калі ў Кіргізстане быў зрынуты рэжым Курманбека Бакіева, беларускі лідэр абураўся, маўляў, куды глядзіць АДКБ, чаму ня ўмешваецца.

Усё залежала ад пазыцыі Крамля. Аднак Пуцін дасюль устрымліваўся. АДКБ ня ўмешваўся, калі ў Кіргізстане ўспыхнуў востры этнічны канфлікт паміж кіргізамі і ўзбэкамі ў 2010 годзе з шматлікімі ахвярамі. Пазьбегла ўмяшаньня саюзьнікаў Армэнія ў 2018 годзе падчас народнай рэвалюцыі (хоць Лукашэнка мякка намякаў на неабходнасьць неяк рэагаваць на тыя падзеі). Нават вайна паміж Армэніяй і Азэрбайджанам у 2020 годзе не падштурхнула АДКБ да нейкіх дзеяньняў.

Тут існуе пэўная юрыдычная праблема. Статут АДКБ адназначна канстатуе, што арганізацыя створаная для абароны краін-сяброў ад вонкавай агрэсіі. Умяшаньня ва ўнутраныя палітычныя канфлікты статут гэтага альянсу не прадугледжвае.

Аднак цяпер, калі ўзьнікла вострая неабходнасьць умяшаньня, гэтую прававую перашкоду лёгка абышлі. Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што разглядае падзеі ў краіне як акт вонкавай агрэсіі. Паводле яго, «тэрарыстычныя групоўкі» прайшлі падрыхтоўку за мяжой, менавіта таму, маўляў, ён і зьвярнуўся да кіраўнікоў дзяржаў АДКБ па дапамогу. Не ўдакладняецца, у якой краіне рыхтуюць гэтых тэрарыстаў.

Зьмена стратэгіі ў дзейнасьці АДКБ абумоўлена як эвалюцыяй палітычных рэжымаў краін – сяброў арганізацыі, так і пераменамі ў глябальнай геапалітыцы. Палітычныя рэжымы ў Расеі, Беларусі сталі больш жорсткімі, аўтарытарнымі, яны адкінулі ўсялякую гульню ў дэмакратыю. Цяпер для Масквы абсалютна непрымальная перамога народных пратэстаў на постсавецкай прасторы. Бо яна пакажа дрэнны прыклад.

З другога боку, увязаўшыся ў востры канфлікт з Захадам, Расея цяпер не азіраецца на тое, што скажуць, як ацэняць яе палітыку ў Вашынгтоне і Брусэлі.

Такім чынам, АДКБ ператвараецца ў саюз аўтарытарных рэжымаў для абароны ад іх народаў. Ён стаў аналягам Арганізацыі Варшаўскай дамовы, якую СССР выкарыстоўваў для задушэньня народных паўстаньняў (у Вугоршчыне ў 1956 годзе, у Чэхаславакіі ў 1968-м) Гісторыя паўтараецца другі раз, але зноў у выглядзе трагедыі.

Падзеі ў Казахстане стануць дадатковым чыньнікам канфлікту Расеі і яе саюзьнікаў з Захадам. Ужо цяпер вінаватымі спрабуюць зрабіць Захад, найперш ЗША. Пра гэта адкрыта гавораць дзяржаўныя мэдыя Расеі, Беларусі і, хоць больш асьцярожна, Казахстану. А ЗША і ЭЗ нэгатыўна ацэняць дзеяньні АДКБ.

У выніку, здаецца, у замежнай палітыцы Казахстану адбудзецца тая ж эвалюцыя, што і ў вонкавай палітыцы Беларусі. То бок заходні кірунак абрынецца, узрасьце залежнасьць Астаны ад Масквы.

І яшчэ невядома, як усёй гэтай сытуацыяй скарыстаецца Расея. Асабліва, калі ўлічыць, што ў паўночных абласьцях Казахстану пераважае расейскамоўнае насельніцтва.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG