Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспэрспэктыўная арганізацыя». Што такое АДКБ, колькі беларусаў у яе ўзброеных сілах і чаму яе крытыкаваў Лукашэнка


На сустрэчы АДКБ у Душанбэ, верасень 2021
На сустрэчы АДКБ у Душанбэ, верасень 2021

Беларускія вайскоўцы не ўпершыню адпраўляюцца за мяжу, але місія ў Казахстане стане для іх першай замежнай буйной апэрацыяй.

Афіцыйна АДКБ утварылася ў 2002 годзе замест ранейшай Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Расшыфроўваецца абрэвіятура як Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. У розныя гады яе склад зьмяняўся, цяпер у АДКБ уваходзяць Расея, Беларусь, Армэнія, Казахстан, Таджыкістан і Кіргізстан.

Азэрбайджан, Грузія і Ўзбэкістан, якія ўваходзілі ў Дамову аб калектыўнай бясьпецы з часу яе стварэньня ў 1992 годзе, пазьней адмовіліся ад сяброўства. Некаторыя былыя рэспублікі СССР, такія як Украіна альбо Малдова, увогуле ніколі не ўваходзілі ў яе.

АДКБ, як і NATO, мае пасаду кіраўніка — генэральнага сакратара. З канца 2020 году яе займае ўраджэнец Украіны і грамадзянін Беларусі Станіслаў Зась, які ў 2015–2020 гадах кіраваў Саветам бясьпекі Беларусі.

Акрамя дзяржаў-удзельніц, АДКБ мае таксама дзьве краіны-назіральніцы – Афганістан і Сэрбію.

«Калектыўная абарона ў выпадку пагрозы стабільнасьці і сувэрэнітэту»

Афіцыйна задачай АДКБ зьяўляецца абарона краін-удзельніц ад вонкавых пагроз у выглядзе агрэсіі іншых дзяржаў, міжнародных тэрарыстаў, а таксама прыродных катастроф. Паводле Статуту АДКБ, дасягаць усяго гэтага краіны-ўдзельніцы імкнуцца найперш палітычнымі мэтадамі.

Акрамя гэтага, сяброўства ў АДКБ прадугледжвае абмен досьведам і дапамогу ў падрыхтоўцы вайсковых кадраў, пераўзбраеньні, абмен інфармацыяй аб міжнародных тэрарыстычных групоўках. Пры гэтым Статут АДКБ прадугледжвае сумесную падрыхтоўку і абмен досьведам ня толькі для вайскоўцаў, але і для праваахоўных органаў, у тым ліку для міліцэйскага спэцназу.

Асноўную ролю ў падрыхтоўцы вайскоўцаў і вайсковых спэцыялістаў адыгрывае Расея. Яна з 2005 году навучае спэцыялістаў зь іншых дзяржаў АДКБ у сваіх вайсковых ВНУ і навучальных цэнтрах бясплатна.

Узброеныя сілы АДКБ

Нягледзячы на стварэньне Арганізацыі ў 2002 годзе (а калі лічыць таксама пэрыяд ДКБ, то ў 1992-м), калектыўныя вайсковыя сілы АДКБ зьявіліся толькі ў 2009-м. Пры гэтым іх стварэньне суправаджалася шэрагам скандалаў, у тым ліку з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся падпісваць выніковую дамову і ў апошні момант нават не прыехаў на саміт. Прычынай гэтага стала так званая «малочная вайна» з Расеяй, падчас якой улады РФ чынілі перашкоды для экспарту беларускай малочнай прадукцыі. Дамову Беларусь у выніку падпісала, у склад Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ ад Беларусі ўвайшла 103-я асобная гвардзейская вайскова-дэсантная паветраная брыгада, разьмешчаная ў Віцебску. У яе ўваходзяць каля 1400 вайскоўцаў і цывільных спэцыялістаў.

Агульная колькасьць калектыўных сіл АДКБ складае каля 23 тысяч чалавек. Асноўную частку ўзброеных сіл АДКБ утвараюць расейскія вайскоўцы. Армэнія, Кіргізстан і Таджыкістан задзейнічалі ў КСАР АДКБ толькі па адным батальёне (каля 500 чалавек у кожным). Казахстан, як і Беларусь, уключыў туды каля 1500 сваіх жаўнераў. Акрамя КСАР, у склад вайсковых сіл АДКБ таксама ўваходзяць Калектыўныя сілы хуткага разгортваньня, іх агульная колькасьць складае каля 5 тысяч чалавек.

Дзейнічаць узброеныя сілы АДКБ могуць толькі на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц. Арганізацыя некалькі разоў зьвярталася ў ААН з просьбай дазволіць вайскоўцам АДКБ выконваць міратворчыя місіі за межамі АДКБ, аднак пакуль станоўчага адказу на гэтыя просьбы няма.

103-я Віцебская асобная гвардзейская вайскова-дэсантная паветраная брыгада

Узброеныя сілы АДКБ амаль цалкам складаюцца з дэсантнікаў. Гэта выклікана тым, што ўсе падразьдзяленьні КСАР пастаянна разьмяшчаюцца на тэрыторыі сваіх краін і зьяўляюцца баяздольнымі часткамі нацыянальных армій. У выпадку задзейнічаньня на тэрыторыі дзяржаў-удзельніц вайскоўцаў неабходна хутка перамяшчаць. Рабіць гэта прасьцей за ўсё дэсантным фармаваньням.

Беларусь выдзеліла ў склад КСАР адну з самых баяздольных вайсковых адзінак – 103-ю асобную гвардзейскую вайскова-дэсантную паветраную брыгаду зь Віцебску. Брыгада ўваходзіць у склад Сілаў спэцыяльных апэрацый Узброеных сіл Беларусі. На яе ўзбраеньні знаходзяцца сучасныя беларускія браневікі «Волат» і «Кайман». У 2005-2006 гадах Віцебскай асобнай гвардзейскай брыгадай камандаваў Андрэй Раўкоў, якога пазьней прызначылі на пасаду міністра абароны і сакратара Рады бясьпекі Беларусі.

Сумесна з 103-й віцебскай брыгадай базуецца міратворчая рота Беларусі, вайскоўцы якой бяруць удзел у міратворчай апэрацыі ААН у Лібане. Пастаянны склад роты каля 100 чалавек, у апэрацыі ў Лібане ўдзельнічаюць 7 чалавек — афіцэр штабу, два вайсковыя спэцыялісты і чатыры мэдыкі.

Удзел у спэцапэрацыях

Кампанія ў Казахстане стане першай буйной акцыяй АДКБ і яе вайсковых сіл. Раней вайскоўцы КСАР удзельнічалі толькі ў сумесных вучэньнях. У чэрвені 2010 году з просьбай увесьці войскі АДКБ на тэрыторыю Кіргізстана да прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева зьвярнулася прэзыдэнтка гэтай краіны Роза Атумбаева. Яе просьба была выкліканая пачаткам канфліктаў паміж узбэцкай дыяспарай і кіргізамі, у краіне ішлі масавыя беспарадкі на гэтай глебе. Аднак Мядзьведзеў просьбы не задаволіў, чым выклікаў чарговую хвалю крытыкі з боку Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка патрабаваў уводу войскаў АДКБ у Кіргізстан яшчэ падчас падзеньня рэжыму Курманбека Бакіева, якому пазьней афіцыйны Менск даў прытулак.

Пасьля адмовы Мядзьведзева ўводзіць войскі АДКБ на тэрыторыю краіны Аляксандар Лукашэнка назваў далейшую дзейнасьць арганізацыі беспэрспэктыўнай, бо яна «не рэагуе на дзяржаўны пераварот у адной з краін-удзельніц».

З боку кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц АДКБ пэрыядычна гучаць ідэі аб накіраваньні вайскоўцаў КСАР на ўсход Украіны альбо на тэрыторыю непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі, аднак да рэальных дзеяньняў такія заявы пакуль не прыводзілі.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG