«На цяперашні момант у шпіталі знаходзяцца 42 пацыенты. Іх стан стабілізаваны. Яны праходзяць усе неабходныя мэдычныя мерапрыемствы. Два пацыенты ў цяжкім стане. Працягваецца інтэнсіўная тэрапія. Частка пацыентаў, якім выкананы ўсе неабходныя мерапрыемствы, рыхтуюцца да выпіскі» — кажа доктар у відэа, якое разьмясьціла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Як удакладніў лекар БелТА, да выпіскі цяпер рыхтуюцца каля 30-35 чалавек. Далей яны працягнуць лекаваньне амбуляторна ўжо дома, у Расеі.
3 сьнежня турыстычны аўтобус, у якім ехалі грамадзяне Расеі, на 119-м кілямэтры трасы М8 Віцебск — Магілёў — Гомель сутыкнуўся зь легкавым аўтамабілем «Рэно», паведамляе МУС Беларусі. Аўтобус перакуліўся. 31-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля, жыхар Крычава, загінуў на месцы. 41 пасажыра і кіроўцу аўтобусу даставілі ў шпіталь. Папярэдні агляд паказаў, што 6 пасажыраў знаходзяцца ў цяжкім стане, 18 — у стане сярэдняй цяжкасьці, астатнія атрымалі траўмы лёгкай ступені.
СК завёў крымінальную справу па ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці чалавека).