На 119-м кілямэтры трасы М8 Віцебск — Магілёў — Гомель каля 14-й гадзіны дня турыстычны аўтобус «Сканія», які рухаўся ў абласны цэнтар, сутыкнуўся зь легкавым аўтамабілем «Рэно», паведамляе МУС Беларусі.
Аўтобус перакуліўся. 31-гадовы кіроўца легкавога аўтамабіля, жыхар Крычава, загінуў на месцы.
Пасажыры і кіроўца аўтобуса шпіталізаваныя зь цялеснымі пашкоджаньнямі рознай ступені цяжкасьці. Сярод пацярпелых чацьвёра дзяцей, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.
Паводле папярэдніх дадзеных, пацярпеў 41 пасажыр турыстычнага аўтобуса (усе — грамадзяне Расеі), паведаміла Мінздароўя Беларусі. Папярэдні агляд паказаў, што 6 пасажыраў знаходзяцца ў цяжкім стане, 18 — у стане сярэдняй цяжкасьці, астатнія атрымалі траўмы лёгкай ступені.
«Хірургічнае аддзяленьне было перапрафілявана для прыёму вялікай колькасьці пацярпелых. Цяпер пяць чалавек у цяжкім стане і знаходзяцца ў апэрацыйнай: у іх траўмы пазваночніка, ключыцы, пятачнай вобласьці», — сказаў БЕЛТА галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Яўген Матусевіч.
Астатнія пацыенты маюць пашкоджаньні сярэдняй цяжкасьці і менш сур’ёзныя, асноўныя профілі траўмаў — чэрапна-мазгавыя і сківічна-тваравыя траўмы, раны і ўдары. Зь імі працуюць два псыхолягі.
Сьледчае ўпраўленьне УСК па Віцебскай вобласьці завяло крымінальную справу па ч.2 арт.317 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці чалавека).