Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагоднія лісты ад вязьняў: Золатава «паставіла ялінку», Латыпаў раіць радавацца, Аляксандраў напісаў Дзеду Марозу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Золатава паведаміла, што падрыхтавалася да сьвятаў, Знак пажадаў стаць у Новым годзе шчасьлівым чалавекам, а Бабарыка — ня страчваць веры ў цуды. Як палітвязьні віншуюць беларусаў са сьвятамі.

Івулін: «Я дапамагаў Дзеду Марозу»

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Журналіст і відэаблогер Аляксандар Івулін, які 7 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, напісаў навагодняе пасланьне беларусам. Ён адзначыў, што ганарыцца знаёмствам зь вялікай колькасьцю выдатных беларусаў і падзякаваў за гэта «Белпошце».

«Я часта жартаваў, што другую палову 2021-а дапамагаў Дзеду Марозу адказваць на лісты крутых дзецюкоў і дзяўчат, якія сёлета дакладна паводзілі сябе добра. Прышпільна, што ў сваіх канвэртах кожны з іх чагосьці прасіў: здароўя і свабоды, стойкасьці і пазытыву, веры ў сябе і лепшае... І яшчэ шмат чаго. Самае дзіўнае, людзі прасілі не для сябе. Для кагосьці. І гэта па-сапраўднаму захапляе!», — напісаў Івулін.

Ён пазычыў, каб да кожнага ягоныя пажаданьні вярнуліся бумэрангам.

«Не сумуйце, дарагія беларусы! І верце ў лепшае. Тым больш, перад Новым годам! Усё будзе. Па-часныку, № 25 Саша Івулін», — падпісаў ён ліст нумарам, пад якім гуляў у футбольнай камандзе «Крумкачы».

Напісаць ёй ліст можна на адрас: Аляксандру Мікалаевічу Івуліну , СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск

Калесьнікава: «Я не пашкадавала ні на сэкунду»

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава перадала сьвяточныя пажаданьні камандзе, Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Максіму Знаку.

«Я вельмі шчасьлівая, што вы ёсьць у маім жыцьці! Я не пашкадавала ні на сэкунду аб сваім выбары стаць часткай каманды. Гэта адно з найважнейшых рашэньняў майго жыцьця! Я ведаю, што мы абавязкова ўбачымся, абдымемся і будзем гучна сьмяяцца, як мы ўмеем. Беражыце сябе з усіх сіл! Вельмі вас люблю! З Новым годам! Да сустрэчы!!!», — перадала зьняволеная з-за кратаў.

Неўзабаве Марыя паедзе па этапе ў калёнію, аднак пакуль яна знаходзіцца на «Валадарцы».

Напісаць ёй ліст можна на адрас: Марыі Аляксандраўне Калесьнікавай , СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.

Золатава: «Трэба толькі вельмі захацець цуду»

Марына Золатава. Архіўнае фота
Марына Золатава. Архіўнае фота

Галоўная рэдактарка зьнішчанага ўладамі парталу Tut.by Марына Золатава напісала ў лісьце на волю, што ў жыцьці заўсёды ёсьць месца цуду.

«Трэба толькі вельмі яго захацець», — піша Золатава.

Журналістка адзначыла, што да сустрэчы Новага году падрыхтавалася. У яе ў камэры ёсьць ялінка з паперы і сьняжынка, вязаная кручком, якую прыслалі ў канвэрце.

Марыну Золатаву разам з яшчэ 14 супрацоўнікамі Tut.by затрымалі сёлета 18 траўня. Іх вінавацяць у «саўдзеле ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры».

Напісаць ёй ліст можна на адрас: Марыне Васілеўне Золатавай, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.

Знак: «Зычу табе ролю Шчасьлівага чалавека»

Максім Знак падчас суду у жніўні 2021
Максім Знак падчас суду у жніўні 2021

На віншаваньне адной зь беларусак адказаў адвакат Максім Знак. Яна напісала, што некалі на ранішніку была Папялушкай, а Знак пажадаў сяброўцы па ліставаньні сыграць на сьвяце ялінкі ролю Шчасьлівага чалавека.

Максім Знак — адвакат, сябар Каардынацыйнай рады, паэт, музыка, спартовец, трыятляніст. У закрытым рэжыме яго асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бясьпецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам бы «стварыў экстрэмісцкае фармаваньне».

Максім сядзіць на «Валадарцы», неўзабаве яго чакае этап у калёнію.

Напісаць яму ліст можна на адрас: Знаку Максіму Аляксандравічу, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.

Латыпаў: «Быць шчасьлівай — ня толькі тваё неад’емнае права, але і абавязак»

Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас прысуду. 16 жніўня 2021
Сьцяпан Латыпаў у судзе падчас прысуду. 16 жніўня 2021

Жыхар Плошчы Перамен Сьцяпан Латыпаў, асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі, у сваю чаргу напісаў сяброўцы па ліставаньні пра абавязак людзей на волі радавацца.

«У гэты Новы год хачу паведаміць пра тое, што быць шчасьлівай і радавацца — ня толькі тваё неад’емнае права, але і абавязак перад тымі, хто гэтага ўжо ня можа, але хацеў бы. Памятай пра нас», — папрасіў палітзьняволены.

«Так моцна хацеў да дрэваў, што трапіў у лес, тут вакол хвоі і елкі. Нават на тэрыторыі ёсьць некалькі бярозаў і ліпаў. Кормяць проста, але смачна, спадзяюся вярнуць форму і хоць крыху здароўе», — паведаміў вязень у іншым лісьце.

Палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава этапавалі ў івацэвіцкую калёнію № 22, вядомую як «Воўчыя норы».

Бабарыка: «Дзед Мароз існуе безадносна, верыць хтосьці ў яго ці не»

Віктар Бабарыка падчас суду. 6 ліпеня 2021
Віктар Бабарыка падчас суду. 6 ліпеня 2021

Прэтэндэнт на кандыдата ў прэзыдэнты Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў, напісаў з наваполацкай калёніі віншаваньне сваёй знаёмай па-беларуску.

«З Новым годам вас, а таксама з Калядамі! Ніколі не губляйце веру ў цуды. Толькі той, хто верыць у цуд, будзе цудоўным чалавекам сярод такіх жа сяброў. Дзед Мароз (Зяма па-беларуску) існуе безадносна, верыць хтосьці ў яго ці не».

Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 году.
Яго прызналі вінаватым паводле трох эканамічных артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 14 гадоў калёніі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі, працуе ў пякарні.

Напісаць яму ліст можна на адрас: Бабарыку Віктару Дзьмітрыевічу, папраўчая калёнія № 1, вуліца Тэхнічная, 8, 211440 Наваполацк.

Слаўнікава: «Мы ў пачатку файнага шляху»

Ірына Слаўнікава. Архіўнае фота
Ірына Слаўнікава. Архіўнае фота

Журналістка Ірына Слаўнікава з «Валадаркі» даслала сяброўцы паштоўку. Яна напісала, што верыць у цуды і што яны здараюцца. Таксама Ірына верыць, што «ўсё будзе, а мы ў пачатку файнага шляху», паведамляе БАЖ.

Ірыну Слаўнікаву вінавацяць паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яе затрымалі разам з мужам Аляксандрам Лойкам у менскім аэрапорце 30 кастрычніка.

Напісаць ёй можна на адрас: Слаўнікавай Ірыне Аляксандраўне, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.

Аляксандраў: «Дарагі Дзядуля Мароз, раскажы ўжо дарослым, што цябе не бывае»

Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота
Андрэй Аляксандраў. Архіўнае фота

Мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў напісаў ліст да Дзеда Мароза. Прыводзім яго цалкам.

«Гэта зноў я. Справа ёсьць. Адразу скажу: гэты год атрымаўся незвычайным.

У цэлым я паводзіў сябе ўзорна. Добра еў, гуляў з хлопцамі, прачытаў шмат кніжак, меў ахайны выгляд, своечасова галіў твар і навучыўся прыгожа запраўляць ложак. Увогуле, я думаю, я заслужыў падарунак.

Хацелася б, каб паміж намі не было недамовак і непаразуменьняў. Ні на што не намякаю, але калі я мінулым разам згадваў пра яскравыя артыкулы, новую камэру і цікавыя перадачы, я меў на ўвазе не зусім тое, што ты мне прынёс. І пра „адпачынак дзе-небудзь зь відам на стары замак, можна з калектывам“, таксама накладачка выйшла.

Таму сёлета буду фармуляваць жаданьні сьцісла і выразна. Тым больш што яно ў мяне ўсяго адно.

Дарагі Дзядуля Мароз, зрабі, калі ласка, нас дарослымі. Я ведаю, што нам усім дадаўся адзін год (а некаторым яшчэ гадкоў падкідваюць, з гэтым праблем няма). Даросласьць вымяраецца не ў гадах.

Дарослыя — гэта такія людзі, якія зьдзяйсьняюць асэнсаваныя і абдуманыя ўчынкі, нясуць за іх адказнасьць, прызнаюць свае памылкі, не вінавацяць у іх іншых і імкнуцца так больш не рабіць. А робяць па-іншаму.

Дарослыя ведаюць, што на кожнае складанае пытаньне ёсьць просты адказ, і гэты адказ — няправільны.

Дарослыя ня вераць у казачную непазьбежнасьць дабра і справядлівасьці, самазбывальнасьць цуду, саманапаўняльныя мяшкі з падарункамі і пакеты з санкцыямі.

Дабро, справядлівасьць і цуды не здараюцца самі па сабе. Іх робяць людзі, якія вырашылі, што так слушна.

Таму, дарагі Дзядуля Мароз, раскажы ўжо дарослым, што цябе не бывае. І што дарослыя зараз — гэта мы. І ведаю, што ў нас усё атрымаецца.

З Новым годам, дарагі Дзядуля Мароз, (і ўдачы на польскай мяжы).

Андрэй, 43 годзікі».

Андрэя Аляксандрава затрымалі сёлета 12 студзеня разам зь ягонай сяброўкай Ірынай Злобінай. Спачатку яму закідалі «арганізацыю або ўдзел у пратэстах», пазьней зьвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў калёніі.

Напісаць яму ліст можна па адрасе: Аляксандраву Андрэю Валер’евічу, СІЗА № 1, вуліца Валадарскага, 2, 220030 Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG