Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Да новых выпрабаваньняў і ўмоваў гатовая». Марыя Калесьнікава сустрэлася з бацькам перад Новым годам


Марыя Калесьнікава на акцыі пратэсту, 16 жніўня 2020 году

Аляксандар Калесьнікаў сустрэўся ў СІЗА з дачкой перад Новым годам. Спатканьне прайшло напярэдадні адпраўкі палітзьняволенай у калёнію.

Са словаў бацькі, Марыя, «як заўсёды, бадзёрая, зараджае пазытывам і перадае ўсім прывітаньні», піша афіцыйны канал штабу Віктара Бабарыкі.

«Маша выглядае вельмі добра! Я кожны раз іду на спатканьне з прыгнечаным настроем, але, як толькі бачу дачку, разумею, што ўсе мае асьцярогі і перажываньні былі марныя. Яна імкнецца ўсім сваім выглядам паказаць, што яна ні ў якім разе не здаецца, і паказвае прыклад, як сябе можна трымаць у гэтай сытуацыі. Гэта дарагога каштуе!», — расказаў Аляксандар пра сустрэчу ў СІЗА.

Марыя расказала, што этапаваньня «чакае зь нецярплівасьцю», бо «вельмі любіць падарожнічаць».

«Да новых выпрабаваньняў і ўмоваў гатовая», — заявіла яна.

Зь ейных словаў, яна добра спраўляецца з адзінотай у камэры, бо ейныя сукамэрнікі — «кнігі найлепшых пісьменьнікаў».

«Што гаварыць, калі я наўпрост маю зносіны зь вялікім Арыстоцелем. А калі трэба расслабіцца, перачытваю „Гары Потэра“», — расказала Марыя.

«Вы ўсё яшчэ верыце ў сваю фразу „Я магу ўсё зьмяніць?“​», — запыталася ў яе праз бацьку каманда Бабарыкі.

«Абсалютна, бо першае, што ўсе мы ўжо зрабілі — мы зьмяніліся!» — упэўнена Марыя.

Палітзьняволеная назвала свой топ-3 падзей за год:

  1. Незабыўныя спатканьні ў СІЗА з бацькам.
  2. «Неверагодныя» сустрэчы з Максімам Знакам падчас суду.
  3. Асабістыя дасягненьні: больш за 120 прачытаных кніг, фізычная падрыхтоўка, асабліва бег на марозе.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG