Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радасьць і гонар за таленавітых беларусаў». Тацяна Марыніч пра добрае ў 2021-м


Тацяна Марыніч, заснавальніца і кіраўніца стартап-хаба Imaguru
Тацяна Марыніч, заснавальніца і кіраўніца стартап-хаба Imaguru

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне адказвае Тацяна Марыніч.

— Час, калі, здавалася б, цешыцца немагчыма. Гэта паўтарае сабе кожны, хто жыве сёньня ў больш бясьпечным, больш вольным, больш радасным месцы. І тым ня менш нагоды для радасьці былі. Гэта, канечне, для мяне асабіста той факт, што мы змаглі адкрыць Імагуру ў Вільні і аднавіць працу ў новым фармаце з новай пашыранай камандай.

Наша індустрыя была багатая на выдатныя падзеі. Гэта і зьяўленьне першага беларускага юнікорна PandaDoc. Я вельмі рада за Мікіту (Мікада. — РС) і ўсю каманду. І вядома, уключэньне (кампаніі. — РС) EPAM у (індэкс фондавага рынку Standard & Poor — РС) S&P. Абедзьве падзеі па-свойму ўнікальныя і зьяўляюцца гістарычнымі з пункту гледжаньня разьвіцьця тэхналягічнай экасыстэмы. Гэта такая радасьць і гонар за таленавітых беларусаў.

А яшчэ былі вельмі простыя радасьці. Напрыклад, калі з турмы выходзіць палітвязень. Такіх падстаў было ня так шмат, як хацелася б. Але кожны раз гэта такая палёгка. І яшчэ лісты ад палітвязьняў. Дзякуй Богу, рэдка, але даходзяць. Заўсёды, калі атрымліваеш ліст, адчуваеш сапраўды вельмі і вельмі моцныя пачуцьці суперажываньня, радасьці і болю, надзеі і ўздыму, усьмешкі, калі адчуваеш, што яны там яшчэ могуць жартаваць і падтрымліваць нас. Дзякуй усім палітвязьням, што нават з турмы яны дораць усім нам гэтыя пачуцьці.

Тацяна Марыніч — заснавальніца і кіраўніца стартап-хаба Imaguru, чалец Каардынацыйнай Рады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG