Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Другі год запар праходзіць пад зоркай салідарнасьці». Андрэй Стрыжак пра добрае ў 2021-м


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне адказвае Андрэй Стрыжак.

— 2021-ы год парадаваў тым, што беларусы засталіся салідарнымі. Як і ў 2020-м людзі дапамагалі адно аднаму. Калі вымяраць лічбамі, то з 1 студзеня па сёньняшні дзень фонд BySOL сабраў і перадаў людзям больш за 1 млн эўра. Гэта кажа пра тое, што нават пасьля таго, як сышлі самыя актыўныя рэвалюцыйныя дзеяньні, людзі ўсё роўна падтрымлівалі адно аднаго, сем’і палітзьняволеных, людзей, якія вымушаныя былі зьбегчы з краіны праз палітычны перасьлед. Другі год запар усё праходзіць пад зоркай салідарнасьці.

Мяне вельмі ўсьцешыў момант, які адбыўся ў культурным жыцьці, — узнагароджаньне пісьменьніцы Евы Вежнавец літаратурнай прэміяй Гедройца. Я лічу, што гэта вельмі добрае рашэньне журы і кніга гэтай пісьменьніцы — адно з найлепшых, што было ў беларускай літаратуры за апошні час.

Мяне радуе, як разварочваецца лёс для розных людзей. Чыноўнікі да канца не разумеюць усю сур’ёзнасьць таго, што адбываецца. Яны думаюць, што ім удасца перагарнуць старонку, але мы бачым, што сьвет ужо не ўспрымае Лукашэнку такім, які ён быў для заходніх палітыкаў раней.

Радуе, зь якім вялікім імпэтам і настойлівасьцю беларусы ўсё ж такі змагаюцца за сваю будучыню, за тое, каб жыць у нармальнай краіне, якая будзе добрай суседкай для ўсіх тых, хто яе атачае. Хіба, што ўпершыню ў гісторыі, у 21-м стагодзьдзі дык дакладна, настолькі доўга трывае грамадзкі супраціў дыктатуры, і гэта таксама наводзіць мяне на думкі, што ў нашай справе ёсьць сур’ёзная добрая пэрспэктыва.

2021-ы, нягледзячы на тое, што прынёс нам новую хвалю каранавірусу і сотні палітзьняволеных, усё роўна не адчуваецца мной як год, калі ўсё прапала. Гэта год, у якім зразумела, што ў нас доўгі шлях, што мы хутка наўрад ці пабачым зьмены і раптоўныя трансфармацыйныя працэсы ў Беларусі. Але па гэтым шляху трэба ісьці, і я ўсьцешаны тым, што ёсьць з кім.

Андрэй Стрыжак — заснавальнік фонду дапамогі рэпрэсаваным BySOL, каардынатар валянтэрскай кампаніі ByCovid19, якая сумарна падтрымала мэдыкаў на 360 тысяч эўра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG