Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зноў пераканалася, якія ў нас спагадныя людзі». Палітуцякачка расказала, як за гадзіну сабралі грошы на апэрацыю для яе дачкі


Аксана Марцёшкіна
Аксана Марцёшкіна

Меней за гадзіну спатрэбілася для таго, каб сабраць грошы на апэрацыю для 6-гадовай Машы, дачкі палітычнай уцякачкі Аксаны Марцёшкінай. Пра гэта паведамілі ў фондзе BYSOL, які дапамагае ахвярам палітычных рэпрэсій.

Каб зрабіць апэрацыю, трэба было сабраць патрэбную суму для аплаты кошту мэдычнай паслугі — 5820 эўра.

Аксана Марцёшкіна расказала, што знаходзіцца з дачкой у прыватнай клініцы ў Кіеве, Машы ўчора ўжо зрабілі апэрацыю, і цяпер яна ў рэанімацыі.

«Апэрацыя скончылася ўчора каля дзявятай гадзіны вечара. Сёньня яшчэ будуць рабіць кантрольнае абсьледаваньне. Маша ў прытомнасьці, яна гуляе, малюе, есьць. На гэты момант усё добра», — кажа Аксана Марцёшкіна.

Паводле суразмоўцы, ейная дачка ўпала і ўдарылася галавой, атрымала страсеньне мозгу. Лекар накіравала дзяўчынку на МРТ, і пасьля высьветлілася, што ў дзяўчынкі пухліна.

«Дыягназ высьветлілі нечакана, і трэба было тэрмінова рабіць апэрацыю. І тое, што ўдалося так хутка сабраць неабходныя грошы, таксама вялікая нечаканасьць. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі я пераконваюся ў тым, якія ў нас спагадныя людзі», — кажа Аксана.

Мы ўцякалі разам з дачкой

Маша Марцёшкіна
Маша Марцёшкіна

Аксана Марцёшкіна вымушана была ўцякаць зь Беларусі, дзе на яе распачалі крымінальную справу за абразу прэзыдэнта. Жанчыну затрымалі разам з Андрэем Жуляковым уначы з 26 на 27 лютага за разьвешваньне ў Заслаўі ўлётак з карыкатурамі на Лукашэнку. Пасьля затрыманьня яны па трое сутак правялі ў Менскім раённым ІЧУ, потым цягам трох месяцаў знаходзіліся пад хатнім арыштам.

16 чэрвеня Менскі раённы суд прысудзіў Андрэю Жулякову, якога таксама зьвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, адзін год калёніі агульнага рэжыму. Аксана Марцёшкіна не зьявілася на першае судовае паседжаньне. Яе справу прыпынілі, жанчыну абвясьцілі ў вышук. Аксана кажа, што ёй удалося ўцячы зь Беларусі за дзень да суду.

«Ім трэба было ліквідаваць нас з дапамогай крымінальнай справы. Перад судом стала зразумела, што мяккага прысуду нам ня будзе. Я спалохалася, што дачку забяруць у дзіцячы дом. Таму і ўцяклі разам з дачкой», — кажа Аксана.

Жыцьцё ў выгнаньні

Аксана Марцёшкіна ўцякла ва Ўкраіну. Кажа, што апошнім часам жыла з дачкой у гостэле, а пасьля лякарні плянуе паехаць у так званы дом для беларусаў. Статусу ўцекачоў яны яшчэ не атрымалі.

«У мяне пакуль яшчэ нават не прынялі дакумэнтаў. Я тут ужо даволі доўга, пяты месяц, але пакуль у падвешаным стане, — кажа жанчына. — Калі б мы ня зьехалі зь Беларусі, то дачка пайшла б у першую клясу, тут мы пакуль у школу ня ходзім».

Аксана выказвае падзяку валянтэрам і ініцыятывам, якія аказваюць ёй дапамогу, і тым, хто арганізаваў збор сродкаў на апэрацыю для дачкі.

«Я, канечне, перажывала, што даводзіцца ўцякаць з дому, зь Беларусі. Усё было спантанна, літаральна цягам сутак прынялі рашэньне і сабралі рэчы. Яшчэ доўга не маглі прыйсьці ў сябе, бо трапілі ў іншую краіну, трэба было ўлівацца ў новае жыцьцё. А зь дзіцем гэта яшчэ больш складана. Але яшчэ ў Заслаўі, пасьля майго затрыманьня, знаходзіліся людзі, якія гатовыя дапамагчы. Дзякуючы ўсёй сваёй гісторыі я адкрыла для сябе людзей з добрага боку. Раней я ня ведала, што людзі бываюць такімі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG