Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з прадстаўніком новага ўраду Нямеччыны. Што абмеркавалі?


Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Падчас візыту ў Літву дзяржаўны міністар у Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны Тобіяс Лінднэр сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай.

Перамовы анансаваліся на сайце МЗС Нямеччыны, дзе сам Тобіяс Лінднэр даў зразумець, што для яго гэтая сустрэча зусім недругарадная:

«Мая першая сустрэча ў якасьці дзяржаўнага міністра са Сьвятланай Ціханоўскай, прызнанай ляўрэатам прэстыжнай прэміі Карла Вялікага 2022 году, падкрэсьлівае: мы працягваем шчыльна супрацоўнічаць з усёй беларускай апазыцыяй у яе барацьбе за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Эўропе», — адзначыў Тобіяс Лінднэр.

Экспэрты называюць Тобіяса Лінднэра адной з ключавых фігураў у новым кіраўніцтве нямецкага ўраду, што мае прынцыповае значэньне для апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.

Валер Кавалеўскі, кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, расказаў Свабодзе падрабязнасьці сустрэчы ў Вільні:

«Кааліцыйнае пагадненьне новага нямецкага ўраду ўключае ў сябе і пазыцыю стасоўна Беларусі. Насамрэч рэдкі выпадак, усяго некалькі краін трапілі ў сьпіс такіх прыярытэтаў. Таму можна чакаць, што новы ўрад будзе займацца беларускай справай больш пільна і мець трывалыя кантакты з дэмакратычнымі сіламі. Варта нагадаць, што Тобіяс Лінднэр належыць да „Зялёных“, якія былі, скажам так, „адвакатамі“, гарачымі прыхільнікамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі.

Гэта яго другі замежны візыт ад моманту ўступленьня на пасаду: першы — ва Ўкраіну, другі — у Літву, дзе ён знайшоў час сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай, абмеркаваць ня толькі сытуацыю ў Беларусі, а і тое, што можа непасрэдна зрабіць нямецкі ўрад».


Нямеччына адыгрывае адну з ключавых роляў у Эўрапейскім Зьвязе, шмат у чым задаючы тон ягонай замежнай палітыцы, кажа Валер Кавалеўскі. Таму любая падтрымка з боку такога «лякаматыву» надзвычай важкая.

Кавалеўскі адказаў на пытаньне, ці адчуваецца розьніца ў падыходах да Беларусі паміж адміністрацыямі Ангелы Мэркель і яе наступніка Оляфа Шольца.

«Не сказаў бы, што гэта крытычныя адрозьненьні, бо Ангела Мэркель таксама разумела, з кім мела справу, што аўтарытарны Лукашэнка канчаткова скаціўся ў дыктатуру. Таму нельга казаць, што яе ўрад недаацэньваў сытуацыю. Але ў пэўных момантах падыходы сапраўды розьняцца. З таго, што сёньня бачым, — гэта настрой на вырашэньне практычных момантаў — каб у агульнай палітыцы Бэрліну стасоўна Менску пераважалі практычныя праявы. Каб „заклапочанасьць“ не абмяжоўвалася толькі палітычнымі дэклярацыямі і маральнай падтрымкай, а мела рэальныя наступствы. Спадзяемся, гэта будзе добрая аснова разьвіваць прагматычны кірунак у нашых двухбаковых адносінах».

Паводле Кавалеўскага, неўзабаве зьявіцца чарговая падстава нагадаць пра беларускі парадак дня. Штаб Сьвятланы Ціханоўскай рыхтуецца да ўдзелу ў Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі, заплянаванай на люты 2022 году. Як сказаў Валер Кавалеўскі, разглядаецца магчымасьць сустрэчы з новаабраным кіраўніцтвам Нямеччыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG