«Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык, — сказаў прэзыдэнт RFE/RL. — Мы імкнёмся і надалей даваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю беларускім людзям, якія цяпер як ніколі маюць патрэбу ў незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму дае зразумець, што яго ігнараваньне праўды і намаганьні абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі ня маюць межаў».
Агулам пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году і хвалі масавых рэпрэсій у Беларусі ўлады прызналі больш за 300 інфармацыйных рэсурсаў экстрэмісцкімі.
Суд Цэнтральнага раёну Менску па матэрыялах ГУБАЗіК МУС Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і відэахостынгу YouTube экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пра гэта 3 сьнежня паведаміў тэлеграм-канал ГУБАЗіК.
Перасьлед журналістаў Свабоды
25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. Дакладна вядомыя два артыкулы абвінавачаньня з трох («удзел у масавых беспарадках» і «арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньняў паводле трэцяга артыкула ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя прадметы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 суткамі арышту.
Экстрэмісцкімі ў Беларусі прызнаныя больш за 300 каналаў і суполак: ад лякальных чатаў да каналаў з сотнямі тысяч падпісчыкаў. 7 з 10 найбольш папулярных беларускіх тэлеграм-каналаў прызнаныя экстрэмісцкімі.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:
- «Белсат»
- «Беларускі партызан»
- «Наша Ніва»
- Радыё Свабода
- Ex-press.by
- By.tribuna.com
- Tut.by
- «Брестская газета»
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў