Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Затрымліваюць не за лайкі і падпіскі, а каб запужаць». Юрыст пра масавае прызнаньне каналаў СМІ экстрэмісцкімі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд у Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і відэахостынгу YouTube экстрэмісцкімі. Разьбіраемся зь юрыстам, ці пагражае гэта падпісчыкам.

Амаль усе тэлеграм-каналы незалежных грамадзка-палітычных СМІ на сёньня ў Беларусі ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Разьбіраемся зь Міхаілам Кірылюком, адказным за пытаньні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленьні, што гэта значыць.

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

«У такіх таталітарных рэжымах ня важна, што напісана ў законе, а важна, на што здольны рэпрэсіўны апарат. Сукупная аўдыторыя каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, напэўна, больш за мільён чалавек. Рэальна пасадзіць заўтра мільён чалавек? Напэўна, не. А як тады будзе дзейнічаць рэпрэсіўны апарат? Так жа, як і раней. Будуць затрымліваць заўважных актывістаў і саджаць, а тлумачыць гэта будуць падпіскай на тэлеграм-канал, фармальна. Нібыта, каб такі чалавек ня быў падпісаны, яго б не арыштавалі? Арыштавалі б таксама», — параўноўвае юрыст.

«Пытаньне не ў падпісцы, а ў жаданьні напужаць»

Міхаіл Кірылюк пералічвае іншыя абсурдныя затрыманьні ў Беларусі: за шкарпэткі ня тых колераў, зэфіркі, бялізну на ганку, за прыватную перапіску. І “праблема не ў падпісцы на нешта, а ў жаданьні ўладаў запужаць”.

«Які для іх крытэр: падпісаны ці не? Не. Крытэр — запужаць усіх, каб максымальна выключыць удзел у палітычным жыцьці, каб людзі адмаўляліся чытаць тэлеграм-канал, каб баяліся нават яго адкрыць. Пытаньне ў тым, ці змогуць яны гэта рэалізаваць. Я ў гэта ня веру. Яны абяцалі ўвесьці санкцыі супраць ЭЗ, гэтага ж не зрабілі», — кажа Міхаіл Кірылюк.

«Галоўнае — не дазваляць сябе запужаць»

Рэальная небясьпека, разважае Міхаіл Кірылюк, — гэта не падпіска ці лайк у сацсетках, а каб не запужаць саміх сябе.

«Самае небясьпечнае — калі беларусы самі сябе запужаюць, ня будуць чытаць праўдзівыя навіны, ня будуць удзельнічаць у палітычным жыцьці, зьмірацца і дэ-факта прызнаюць гэтую ўладу. Гэта самая вялікая небясьпека, іншай няма», — кажа юрыст.

Што можа пагражаць за лайк?

На думку Міхаіла Кірылюка, непасрэдна за лайк ці нейкі рэпост чалавеку нічога не пагражае. Пагроза ў іншым.

«Справа ня ў тым, лайкнуў чалавек нешта ці не. Вось ёсьць у сілавікоў задача арыштаваць нейкую колькасьць чалавек. І нават бяз лайку ці падпіскі ў чалавека могуць забраць тэлефон і лайкнуць нешта за яго. Перасьледуюць не за лайкі, а тых, па кім бачна, што ён выражае нейкую палітычную пазыцыю. Не было ж закону, які прызнае шкарпэткі нейкага колеру экстрэмісцкімі, але людзей за гэта арыштоўвалі», — прыводзіць прыклад юрыст.

Міхаіл Кірылюк дадае, што «нельга ўявіць, што заўтра ўсіх, хто лайкнуў нейкі пост у сацсетках, пасадзяць».

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG