Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў інтэрвію ВВС пра ліквідацыю няўрадавых арганізацый: «Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі». ВІДЭА


Аляксандар Лукашэнка

У інтэрвію тэлеканалу BBC Аляксандар Лукашэнка расказаў аб прычынах закрыцьця недзяржаўных арганізацый, якія ня мелі адносінаў да палітычнай дзейнасьці.

Журналіст Стыў Розэнбэрг пачаў запытваць пра ліквідацыю 270 арганізацый з пачатку ліпеня, аднак Лукашэнка яго перабіў, зазначыўшы, што некамэрцыйныя арганізацыі, якія «дапамагалі людзям», пальцам не кранулі. А вось тыя, што карысталіся замежнай дапамогай і «грамілі тут», — ліквідавалі.

«Адказваю на тваё пытаньне. Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі. Ах, заклапаціліся, што зьнішчылі вашыя структуркі. НКА, НДА ды іншыя. Я ня ведаю, колькі дакладна вы фінансавалі, але калі яны ліквідаваныя, значыць, было за што», — адказаў Лукашэнка.


Карэспандэнт нагадаў, што разам зь іншымі пад зачыстку трапіў нават «Цэнтар аматараў жывёл». Хіба гэта зброя Захаду? — удакладніў Стыў Розэнбэрг.


«Тое, што вы называеце — жывёлы... Гучыць на карцінку. А вы гляньце, чым яны займаліся. Я ўпэўнены, што была шыльда, нібыта яны баранілі жывёл. А грошы атрымлівалі на сваё існаваньне і на рэвалюцыі. Не на рэвалюцыі — на мяцяжы. Таму не прыкрывайцеся гэтымі словамі. Жывёл вы тут падтрымлівалі...»

Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што ў Беларусі «пачалася работа адносна розных НКА, НДА».

Пасьля гэтага прайшлі масавыя ператрусы ў арганізацыях, праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Многія актывісты дагэтуль за кратамі.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», ужо ліквідавалі больш за 30 НДА, больш за 100 — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG