Апошні год беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасьці зазнаюць несупынны ціск: дыскрэдытацыю ў дзяржаўных СМІ, крымінальныя справы ў адносінах да актывістаў, масавыя праверкі, ператрусы, затрыманьні, прымусовыя ліквідацыі.
На сёньня вядома пра ліквідацыю больш як 250 аб'яднаньняў грамадзянскай супольнасьці, адзначаецца ў супольнай заяве беларускіх праваабаронцаў.
У гэтым пераліку практычна ўсе буйныя арганізацыі, многія дзейнічалі ад абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі:
- Кансультацыйны цэнтар у актуальных міжнародных практыках «Х'юман Канстанта»
- Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын
- Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- Цэнтар прававой трансфармацыі
- Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт»
- Беларускі ПЭН-Цэнтар
- Беларуская асацыяцыя журналістаў
- Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом»
- Беларускі Хэльсынскі Камітэт
- Грамадзкае аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва»
- Грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно»
- Саюз беларускіх пісьменьнікаў
Акрамя таго, пацярпеў яшчэ цэлы шэраг арганізацый, дзейнасьць якіх накіраваная на абарону правоў уразьлівых групаў.
За праваабарончую дзейнасьць у месцах зьняволеньня ўтрымліваюцца сябры Праваабарончага цэнтру «Вясна»: старшыня Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч, каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, кіраўнік Цэнтру стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валянтэры Тацяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
«Дэклярацыя аб праве і абавязку асобных асобаў, групаў і органаў грамадзтва заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека вызначае, што кожны чалавек можа індывідуальна і сумесна зь іншымі ўдзельнічаць у мірнай дзейнасьці, накіраванай супраць парушэньняў асноўных свабодаў. Беларусь, як удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязалася паважаць і забясьпечваць усім асобам, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй, правы, прызнаваныя ў дадзеным пакце», — гаворыцца ў дакумэнце.
У адпаведнасьці з вышэйпададзеным беларускія праваабарончыя арганізацыі падкрэсьліваюць сваю далейшую прыхільнасьць каштоўнасьцям і прынцыпам правоў чалавека і заяўляюць аб працягу мірнай законнай дзейнасьці:
- «Выказваем намер і далей рабіць свой унёсак у пабудову грамадзтва, заснаванага на павазе правоў кожнага чалавека, на вяршэнстве права
- Заяўляем пра недапушчальнасьць парушэньня свабоды асацыяцый, перасьледу праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў
- Патрабуем аднаўленьня ў рэгістрацыі прымусова ліквідаваных арганізацый, у тым ліку праваабарончых
- Заклікаем да неадкладнага вызваленьня з-пад варты праваабаронцаў і валянтэраў ПЦ «Вясна», а таксама іншых палітычных зьняволеных
- Чакаем спыненьня дыскрэдытацыі як канкрэтных арганізацый, так і ўсёй грамадзянскай супольнасьці».
Беларускія праваабаронцы таксама зьвярнуліся да міжнароднай супольнасьці з просьбай працягваць падтрымліваць дэмакратычныя арганізацыі і праваабаронцаў, садзейнічаць спыненьню рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці ў сувязі з ажыцьцяўленьнем мірнай дзейнасьці, скіраванай на заахвочваньне і прасоўваньне правоў чалавека.