Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свая ці чужая? Жменя думак з нагоды выхаду кнігі «Я и есть революция» Юлі Арцёмавай


Балотная плошча ў Маскве, 6 траўня 2012 г. Архіўнае фота

Юля Артёмова, «Я и есть революция». Повесть. Москва 2021. Издание осуществлено в рамках издательской инициативы «Пфляумбаум».

1. Гэта трэцяя кніга выдавецкай ініцыятывы «Пфляўмбаўм». Круты «панкаўскі» аповед пра «рэвалюцыю», але ня нашу леташнюю, а іхную ранейшую. Тым ня менш чытаеш не адарвацца ад пачатку да канца, балазе кніга аб’ёмам невялікая — 120 старонак. Дзьве першыя кнігі з сэрыі «Пфляўмбаўм» трапілі ў шорт-ліст Гедройця. Гэтая ня трапіць, бо па-расейску, але яна б там глядзелася цалкам дарэчы. Калі ініцыятыва «Пфляўмбаўм» далей вытрымае такі выдавецкі ўзровень, які ўзяла на разьбежцы, то я за тым, каб беларускую літаратуру сапраўды падзяліць на «жаночую» і «мужчынскую». Ну, прынамсі прозу:) І даручыць Алене Казловай пажыцьцёва апекавацца жаночай паловай такога андрагіннага літаратурнага цела.

2. Банальнае: літаратурнаму аглядальніку белліту трэба быць у больш-менш карэктных стасунках зь беларускімі аўтарамі і выдаўцамі. Кнігі, якія яны пішуць і выдаюць, выходзяць мізэрнымі папяровымі тыражамі, немаведама як і дзе распаўсюджваюцца, і дацягнуцца да іх можна найхутчэй праз выкленчваньне электроннай вэрсіі ад зацікаўленых суб’ектаў, то бок ад гэтых самых аўтараў і іх выдаўцоў. Вядома ж, аўтары і выдаўцы спрэс зацікаўленыя, каб іх кнігі аглядалі, але не заўсёды зацікаўленыя, каб такія кнігі ў PDF-фармаце дасылаць задарма аглядальніку (гэта ня ваш выпадак, Алена!). Мне як чалавеку, які час ад часу стараецца пісаць водгукі на выдавецкія навінкі на сайце Свабоды ды таксама замаўляе тэксты ў іншых аглядальнікаў, здараецца не адгукацца і не замаўляць толькі з тае прычыны, што ў аўтара або выдаўца «не аказалася» дармовай PDF-вэрсіі…

3. Шчыра сказаўшы, праз навалу іншых журналісцкіх абавязкаў, далёкіх ад літаратуры, мне не заўсёды ўдаецца прачытаць усе бягучыя літаратурныя навінкі. Таму да выхаду кнігі «Я и есть революция» я ня чуў пра такое імя, як Юля Арцёмава. Інфармацыя пра яе была даступная раней, хоць і ня надта шчодрая. Вось амаль 99% таго, што пра аўтарку магла дазнацца гэтак званая нетусовачная літаратурная публіка: «Празаік. Нарадзілася ў 1985 годзе ў Менску. Скончыла Беларускі калегіюм (аддзяленьне філязофіі і літаратуры — 2000 год), юрфак БДУ (2013) і Школу маладога пісьменьніка (2016). Фіналістка конкурсу маладых літаратараў да стагодзьдзя газэты „Наша ніва“ (Менск, 2006). Друкавалася ў часопісе „Дзеяслоў“, у калектыўным зборніку „In Вільня veritas“ (Логвінаў, 2008)». Значыць, «Я и есть революция» — яе дэбютная кніга. Гэта выдатны дэбют. Напісаць другую кнігу на такім узроўні будзе для аўтаркі не абы-якім выклікам, але патэнцыял, як мне здаецца, ёсьць. Толькі каб ужо менш лексыкі з марфэмай -еб- :)

4. Пра лексыку. Паўстагодзьдзя таму я пачынаў чытаць па-расейску толькі са слоўнікам — і неяк агораў і Талстога з Гогалем, і Шолахава з Катаевым. Потым пра расейскія слоўнікі наагул забыўся. Але пакуль чытаў Юлю Арцёмаву, рука раз-пораз сьвярбела, каб дастаць тыя запыленыя слоўнікі і праверыць усе тыя словы, якіх у іх няма, бо яны пакуль што не атрымалі статусу ня толькі літаратурнай лексыкі, але і спэцыяльнай, з пазнакай суб. (субкультурное) напрыклад. Гераіня Арцёмавай тусуецца ў даволі гермэтычным субкультурным асяродзьдзі панкаў-падпанкаў, сацыяльных аўтсайдэраў і змагароў у Маскве (зразумела, схільных да п’янства і сэксуальна нярэдка бісэксуальных), у якіх і свая мова, і стылістыка размовы. Ну, гэта ніякая не праблема для чытача зь Менску, але ж бываюць яшчэ недабітыя чытачы белліту, для якіх расейская і няродная, і нават дзе-нідзе незразумелая…

Юля Арцёмава
Юля Арцёмава

5. Дарэчы, я ня ўпэўнены, ці залічаць Арцёмаву да белліту іншыя беларускія чытачы і аглядальнікі. У аўтаркі, вядома ж, беларуская прапіска, але ці гэтага хопіць, каб фэйсбучным кагалам ня выпісалі яе зь беларускага літаратурнага сьвету за гэтую кнігу? «Я и есть революция» амаль выключна пра Маскву і іхную там рэвалюцыю, а Менск згадваецца ўсяго скокам-бокам. Там больш Кіева, чым Менску, калі ўжо на тое пайшло. Мае калегі, палітычныя аналітыкі Свабоды, безумоўна скажуць, што рэвалюцыі ў Менску немагчыма перамагчы безь перамогі рэвалюцыі ў Маскве, так што насамрэч нельга прыкідвацца, нібыта маскоўскі кантэкст нам чужы і зусім непатрэбны. Але наконт літаратуры пра Маскву і на «маскоўскай» мове ў нас кансэнсусу няма. Мне няма больш чаго губляць акрамя моцна парадзелых валасоў на макаўцы, а таму я паўтару тое, што казаў публічна ў мінулым ня раз і ня два: літаратура, напісаная беларусамі па-расейску, — гэта белліт, і кропка. Галоўным крытэрам «нацыяналізацыі» аўтара ў такім выпадку павінен быць яго талент, а ня мова. У Юлі Арцёмавай літаратурнага таленту хоць адбаўляй :)

6. «И мы засыпаем, свернувшись на полу калачиком. Хорошо, что завтра воскресенье, хорошо, что завтра ничего никому не надо будет объяснять.

Поздним утром я возвращаюсь домой, пустая и пьяная. Заспанная Анюта смотрит на меня из-за дверного проёма комнаты своими глазами-точками, упрямыми, острыми, маленькими, как у крота. Костя ещё спит, детей не слышно».

У першым абзацы гераіня Арцёмавай, фатографка Даша, засынае зь Філам. Яна зь ім сьпіць не «по-настощему», а так, каб выспацца. Ён проста Дашын сябар. Дарэчы, калі я добра разабраўся, то Філ — адзіны зь першарадных пэрсанажаў у кнізе, сэксуальная арыентацыя якога не абазначаная. Анюта — (былая?) жонка Косьці. Яна зь ім нажыла дваіх дзяцей, а потым кінула яго для «одной богатой и красивой суки». Але час ад часу вяртаецца і нават нажывае зь ім трэцяе дзіця. З Косьцем «по-настощему» сьпіць Даша, але яна ад дзяцей засьцерагаецца. Такие вот дела ў іх там з рэвалюцыяй. Даша пад канец аповесьці вяртаецца ў Менск.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG