Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка жыцьця і творчасьці Яўгеніі Пфляўмбаўм. Размова зь літаратуразнаўцай Аксанай Данільчык


Валеры Маракоў, Янка Бобрык і Яўгенія Пфляўмбаўм разглядаюць кнігі зь бібліятэкі «Маладняка». Менск, 1925 год

Пра паэтку Яўгенію Пфляўмбаўм (1908–1996) гутарым зь літаратуразнаўцай Аксанай Данільчык. Аксана Данільчык дасьледуе творчасьць і жыцьцё Яўгеніі Пфляўмбаўм ды рыхтуе да выданьня кнігу яе выбраных вершаў.

— Зь нейкага часу ў беларускай публічнай прасторы на слыху зьявілася імя «Пфляўмбаўм» — перш за ўсё як назва выдавецтва, якое дэкляруе падтрымку жаночай літаратуры ў Беларусі. Літаратуразнаўцам, дасьледчыкам гісторыі літаратуры гэтае імя было вядомае і раней. А як з чытачамі? Была Яўгенія Пфляўмбаўм нейкім істотным чынам прысутная ў чытацкай сьвядомасьці, калі яшчэ жыла? Ці, можа, спроба зрабіць яе прысутнай у гэтай сьвядомасьці пачалася ўжо пасьля яе сьмерці?

— Я і адкажу як чытачка. Паколькі наша сям’я выпісвала «ЛіМ» з паловы 1980-х недзе да паловы 1990-х, то з творчасьцю Яўгеніі Пфляўмбаўм я ўпершыню сутыкнулася менавіта як чытачка, а не дасьледчыца, бо ў той час я нічым падобным яшчэ не займалася. Больш за тое, я нават выразала адну яе лімаўскую публікацыю, і яна ў мяне да сёньняшняга дня захоўваецца. А пасьля выхаду яе кнігі «Сувой жыцьця» — гэта было ў 1989 годзе — Яўгенія Пфляўмбаўм пражыла яшчэ добрых сем гадоў.

У 1995 годзе часопіс «Крыніца» прысьвяціў яе творчасьці вялікую падборку вершаў — там было і шмат крытычна-аналітычных артыкулаў, у прыватнасьці, Уладзімера Конана, Леаніда Галубовіча, Валянціны Аксак і многіх іншых. Таму ў чытацкай сьвядомасьці яна прысутнічала. Можа, у большай ступені ў сьвядомасьці зацікаўленага чытача, але тады час для Пфляўмбаўм быў даволі спрыяльны. Пасьля яе сьмерці яшчэ пэўны час жыў муж, Максім Лужанін, і гэтая прысутнасьць у чытацкай сьвядомасьці захоўвалася, таму што ён працягваў публікаваць яе вершы і займацца папулярызацыяй яе творчасьці. А ўжо пасьля сьмерці Лужаніна яе творчасьць адышла крыху на другі плян, але, тым ня менш, усё роўна вярнулася.

Яўгенія Пфляўмбаўм і Якуб Колас, 1948
Яўгенія Пфляўмбаўм і Якуб Колас, 1948

— Самае, відаць, цікавае пытаньне, на якое хочацца пачуць адказ ад літаратуразнаўцы, датычыць «перапынку» ў літаратурнай біяграфіі Яўгеніі Пфляўмбаўм — пачынаючы з 1931 году яна не публікавала сваіх вершаў паўстагодзьдзя з гакам. Алена Казлова, галоўная рэдактарка выдавецтва «Пфляўмбаўм», лічыць, што асноўнай прычынай гэтага быў уплыў яе мужа — Максіма Лужаніна. Маўляў, гэта ён пераканаў яе не публікавацца. Алена Казлова падсумоўвае сытуацыю з Пфляўмбаўм хвосткай фармулёўкай: «Калі жанчына выходзіць замуж, яна зьнікае». Што думаеце пра гэты casus Пфляўмбаўм вы?

— Я думаю, што вызначыць адну-адзіную прычыну мы ня зможам. На маю думку, тут сукупнасьць прычын. Ня ведаю, наколькі тут быў уплыў мужа. Але пэўная такая патрыярхальная ўстаноўка, безумоўна, ёсьць. Маўляў, жанчына выйшла замуж, і яна павінна займацца хатняй гаспадаркай, у той час як мужчыны гэта як бы і не датычыць.

Тым ня менш, калі параўнаць лёс Яўгеніі Пфляўмбаўм зь лёсам яе каляжанак па кнізе «Вершы» — Зінаідай Бандарынай і Натальляй Вішнеўскай — то ўсе яны ў пэўны момант перасталі публікавацца. Першая з адной прычыны, другая зь іншай, але была і асноўная прычына для ўсіх. У 1930-я гады, каб публікавацца, трэба было пісаць пэўныя вершы, на пэўную тэму і з пэўным настроем. Перасталі пісаць усе тры.

Чаму Яўгенія Пфляўмбаўм не вярнулася? Так, магчыма, яна схавалася за сьпінай мужа. А магчыма, яна бачыла прыклад Зінаіды Бандарынай, зь якой яна кантактавала. Зінаіда Бандарына ў 1950-я гады, ужо, так сказаць, у апошнія месяцы жыцьця, рыхтавала кнігу выбраных вершаў. Сёньня я дакладна ведаю, што гэтая кніга была прынятая да публікацыі, быў прызначаны рэдактар і гэтак далей. Кніга ня выйшла. Можа, гэта таксама нейкім чынам паўплывала на рашэньне Яўгеніі Пфляўмбаўм? Тут можна меркаваць што заўгодна.

— Давайце крыху пра «пэўныя вершы», якія трэба было пісаць у 1930-х. Вы дазволілі мне пазнаёміцца з вашым вельмі цікавым артыкулам пад назвай «Таталітарная эстэтыка ў беларускай паэзіі (на прыкладзе творчасьці Я. Пфляўмбаўм)». Дзякую, я прачытаў яго з прыемнасьцю і, як думаю, з карысьцю для самаадукацыі. А тут я хачу папрасіць вас — магчыма, гэта наіўная просьба — пераказаць галоўныя высновы вашага артыкула мовай для «неспэцыялістаў», для звычайных чытачоў. У чым праяўлялася таталітарная эстэтыка паэзіі Пфляўмбаўм?

— Паколькі я там аналізую канкрэтныя тэксты Яўгеніі Пфляўмбаўм, то найлепш будзе прачытаць гэты артыкул, які ў хуткім часе будзе апублікаваны, і тады я дам спасылку ўсім зацікаўленым. Калі ў двух словах, то я там не раблю вялікіх адкрыцьцяў. Проста на падставе напрацовак Ганса Ґюнтэра, дасьледчыка таталітарнай эстэтыкі ў мастацтве, я спрабую разгледзець пэўныя моманты на прыкладзе вершаў Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Ну, напрыклад, манумэнталізм: ужываньне такіх словаў, як «мільёны», «гмахі» і гэтак далей. Потым — увасабленьне канцэпцыі «вялікай сям’і»: бацька, сыны-героі, маці-радзіма, вобраз ворага. І ўсе гэтыя архетыпы вельмі добра прачытваюцца ў вершах Яўгеніі Пфляўмбаўм.

Што мяне ўвогуле падштурхнула да напісаньня гэтага артыкула і да гэтага дасьледаваньня? У першую чаргу — праца над анталёгіяй беларускай жаночай паэзіі міжваеннага пэрыяду «Бліскавіцы», калі мне сталі адкрывацца вершы, якія засталіся ў пэрыёдыцы. І яшчэ тое, што Яўгенія Пфляўмбаўм, калі яна вярнулася ў літаратуру, у свае дзьве кнігі гэтыя вершы не ўключыла. На гэта зьвярнуў увагу Ўладзімер Конан у сваім артыкуле ў «Крыніцы». І я таксама не магла не зьвярнуць на гэта ўвагу.

Гэтыя вершы з таталітарнай эстэтыкай у Яўгеніі Пфляўмбаўм вельмі цікавыя, вельмі прыгожыя. У сваім артыкуле я параўноўваю Яўгенію Пфляўмбаўм зь Лені Рыфэншталь, якая ўсім вядомая па фільмах, што праслаўлялі пэўную такую эстэтыку і былі зьнятыя на вельмі высокім узроўні.

— Слухайце, а ў тых зборніках, якія Пфляўмбаўм апублікавала пасьля больш як 50-гадовага перапынку — «Сувой жыцьця» (1989) і «На захадзе сонца» (1992) — якая была эстэтыка? Не таталітарная, не сацрэалістычная? Даруйце пытаньне, але гэтыя зборнікі не траплялі ў мае рукі.

— Не, там, канечне, нічога такога не было. Усё, што зьвязана з таталітарызмам і сацрэалізмам, засталося ў 1920-х і 1930-х гадах. Мне думаецца, што нездарма Яўгенія Пфляўмбаўм не хацела, каб нейкім чынам грамадзкасьць, ня толькі літаратурная грамадзкасьць, зьвяртала на іх увагу, таму што ў некаторых момантах гэтыя вершы даволі агрэсіўныя. Асабліва там, дзе яны датычаць «ворагаў» і да таго падобнага. Пазьнейшыя зборнікі Яўгеніі Пфляўмбаўм — яны даволі памяркоўныя, ёсьць там і элегічныя вершы. Там, так сказаць, усё даволі роўна паводле настрою, там іншае. Часам задумаесься, ці гэта праявіўся ўплыў Лужаніна на паэтку, што вершы сталі крыху іншымі, ці гэта яе ўзрост, ці яшчэ што? Для мяне абсалютную каштоўнасьць уяўляюць вершы Яўгеніі Пфляўмбаўм 1920-х гадоў.

— Па закутках маёй памяці таўчэцца выказанае некім дапушчэньне, што Пфляўмбаўм, калі яна зьнікла зь літаратурнага жыцьця на паўстагодзьдзя, нібыта магла публікаваць свае вершы пад іншым прозьвішчам. Было такое? Калі так, то як вы іх ідэнтыфікавалі?

— Мне такія вершы не трапляліся. Два вершы ў рукапісах знайшоў Віктар Жыбуль. Вершы не былі падпісаныя, але па почырку было ўстаноўлена, што гэта вершы Яўгеніі Пфляўмабаўм. Наконт іншых імёнаў у мяне няма зьвестак. Я зьбірала толькі тое, што канкрэтна было падпісана Яўгеніяй Пфляўмбаўм.

Я б таксама не сказала, што мне траплялася нешта падобнае да яе паэзіі. Яўгенія Пфляўмбаўм — арыгінальная паэтка, яе цяжка было паблытаць з кімсьці іншым. Яе «даваенная» паэзія — вельмі экспрэсіяністычная.

Аксана Данільчык
Аксана Данільчык

— Наколькі такая «паэтка-маладнякоўка», якая пражыла больш як паўстагодзьдзя без кантакту з чытачамі, можа быць цікавая сёньня? Пытаюся пра гэта ў кантэксьце вашай падрыхтоўкі кнігі выбраных вершаў паэткі. Яна ажыве для сёньняшняга чытача?

— Я спадзяюся. Чаму? Таму што вельмі важна прасачыць разьвіцьцё паэтаў у дынаміцы.

Па-другое, калі, напрыклад, «Сувой жыцьця» быў прачытаны, прааналізаваны, пракрытыкаваны, то яе паэзія канца 1920-х гадоў і пачатку 1930-х усё яшчэ застаецца па-за інтарэсамі беларускіх дасьледчыкаў. Безь яе — я, дарэчы, пісала пра гэта ў артыкуле «Тры паэткі, тры лёсы: Зінаіда Бандарына, Натальля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаўм у кантэксьце гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» — немагчыма ўявіць разьвіцьцё беларускай літаратуры, беларускай паэзіі ў цэлым, і беларускай жаночай літаратуры ў прыватнасьці.

Ну, і яшчэ той момант, што яна вярнулася ў літаратуру. У Яўгеніі Пфляўмбаўм ёсьць выдатныя творы, якія яна напісала на працягу жыцьця. Дваццатымі і трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя яе творчасьць не абмяжоўваецца.

— Калі чакаць выхаду кнігі?

— Гэта пытаньне не зусім да мяне. Я спадзяюся, што на пачатку наступнага году ідэя рэалізуецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG