Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мігрантаў зьбіраюць у Менску і ў лясах і накіроўваюць да мяжы». Унутраная справаздача Эўракамісіі аб ролі Беларусі ў мігранцкім крызісе


Беларускія сілавікі побач зь лягерам мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. 8 лістапада 2021

Эўракамісія падрыхтавала ўнутраную справаздачу аб сытуацыі на беларуска-польскай мяжы і разьвіцьці мігранцкага крызісу на тэрыторыі Беларусі і сумежных краін-удзельніц ЭЗ. Радыё Свабода прапануе самыя цікавыя моманты закрытага дакумэнту, які трапіў у распараджэньне рэдакцыі.

Дакумэнт ахоплівае пэрыяд з 25 кастрычніка па 8 лістапада 2021 году і спасылаецца на інфармацыю як агульнаэўрапейскіх службаў, гэтак і ўрадаў краін-чальцоў Эўразьвязу.

Палёты

Прыпыненьне ўсіх прамых рэйсаў з Іраку ў Менск усё яшчэ працягваецца.

— З 24 па 30 кастрычніка было 5 рэйсаў з Сырыі (на 3 больш, чым на папярэднім тыдні), 1 зь Лібану, 1 зь Ярданіі і 11 з ААЭ ў Беларусь.

Удзел беларускага боку ў стварэньні крызісу

Паводле інфармацыі, якую сабралі эўрапейскія агенцтвы разам зь літоўскімі ўладамі, 29 кастрычніка 2021 году пяць аўтобусаў перавезьлі мігрантаў з ірацкім, емэнскім і сырыйскім грамадзянствам зь Менску ў кірунку літоўскай мяжы. Аўтобусы суправаджаліся беларускімі міліцэйскімі машынамі.

Першапачатковы плян быў у тым, што прыблізна 250–300 нерэгулярных мігрантаў разам незаконна перасякуць літоўскую мяжу ў адным месцы. Аднак некаторыя мігранты вырашылі вярнуцца ў Менск, а некаторыя зь мігрантаў хацелі накіравацца да беларуска-польскай мяжы. Групу мігрантаў адвезьлі аўтобусамі на беларуска-польскую мяжу, і ў тую ж ноч яны паспрабавалі незаконна перайсьці мяжу з Польшчай у раёне Токараў [у Падляскім ваяводзтве Польшчы. — РС]. Мігрантаў, якія ня здолелі перайсьці мяжу, перавезьлі ў Берасьце. Гэтую апэрацыю арганізавалі праз Тэлеграм.

Польшча па-ранейшаму назірае ўзмацненьне міграцыйнага ціску на мяжы зь Беларусьсю. Гэтыя спробы каардынуюцца праз сацыяльныя мэдыя (Twitter), дзе публікуецца інфармацыя пра тое, дзе і калі трэба зьбірацца мігрантам, каб сілавым шляхам трапіць у Польшчу. Гэтыя групы заахвочваюцца беларускімі спэцслужбамі.

2 лістапада Польшча паведаміла што ў хуткім часе пасьля поўначы тры чалавекі ва ўніформе і з доўгай зброяй былі заўважаныя прыблізна на 200 мэтраў углыб польскай тэрыторыі. Пасьля таго як ад іх запатрабавалі назвацца, гэтыя людзі зьнялі сваю зброю з засьцерагальнікаў, але сышлі назад у кірунку Беларусі. Гэта быў апошні з інцыдэнтаў у сэрыі падзеяў, якія набіралі абароты і дэманстравалі ўсё большае напружаньне на польска-беларускай мяжы.

Ад 27 да 31 кастрычніка былі паведамленьні пра 6 інцыдэнтаў са стралянінай на мяжы, калі стрэлы было чуваць зь беларускага боку, а ў адным выпадку было чуваць, як беларускі салдат перазараджае зброю. У некалькіх выпадках беларускія вайскоўцы рабілі правакацыйныя жэсты ці можна было пачуць гучныя крыкі/шум. Польшча выклікала часовага паверанага для перамоваў, пасьля таго як былі заўважаныя неапазнаныя ўзброеныя людзі ва ўніформе, якія заходзілі на польскую тэрыторыю праз супольную мяжу паміж краінамі.

Назіраецца далейшая эскаляцыя сытуацыі. Гвалтоўныя дзеяньні (меркавана заахвочаныя беларускімі ўладамі), такія, як кіданьне аб’ектаў у афіцэраў польскай памежнай службы, фіксуюцца ўсё часьцей. Памежная служба таксама дала справаздачу пра інцыдэнт зь пераходам мяжы неапазнанымі ўзброенымі беларускімі асобамі 2 лістапада.

Паводле інфармацыі з сацыяльных мэдыя выглядае, што людзі прыйшлі на мяжу 8 лістапада. Некаторыя маюць інструмэнты, каб пераразаць калючы дрот на мяжы. Для кантролю над натоўпам быў скарыстаны сьлезацечны газ. Выглядала, што беларускія ўлады спыняюць мігрантаў, каб атрымаць вышэйшую канцэнтрацыю мігрантаў і стварыць большы ціск на мяжы.

7 лістапада Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра тое, што вялікія групы мігрантаў набліжаюцца да польскай мяжы ў раёне Кузьніцы Беластоцкай. Паводле польскіх ацэнак, іх колькасьць можа дасягаць каля 2000 асобаў. Мігрантаў зьбіраюць у Менску і ў лясах і накіроўваюць да мяжы беларускія службы. Беларускія афіцэры, якія рухаюцца на транспартных сродках, маюць калючы дрот, стужкі з шыпамі і іншае абсталяваньне, каб прадухіліць вяртаньне мігрантаў у Беларусь.

Перамяшчэньні мігрантаў каардынуюцца праз сацсеткі і мэсэнджары

6 лістапада Эўрапол атрымаў першае паведамленьне ад Літвы пра магчымы караван зь Беларусі. У якасьці месца збору згадвалася заправачная станцыя непадалёк ад польскай мяжы, і Эўрапол назіраў за гэтым у некалькіх каналах у сацыяльных сетках, якія адсочваліся. Часам, датай і месцам збору дзяліліся праз Twitter, Facebook і Telegram. Паводле атрыманай інфармацыі, каля 2000 чалавек меліся сабрацца на заправачнай станцыі і рухацца да мяжы з Польшчай. Эўрапол паінфармаваў краіны Эўразьвязу пра магчымы караван мігрантаў.

Па стане на 8 лістапада, камунікацыя ў сацыяльных сетках узмацняецца, з заклікамі да таго, каб яшчэ больш мігрантаў прыбылі на мяжу. Эўрапол чакае, што ў наступныя гадзіны напружанасьць узмоцніцца. У той час як ранейшая інфармацыя сьведчыла пра магчымую спробу перайсьці «зялёную мяжу», апошняя інфармацыя сьведчыць пра магчымую спробу штурму памежнага пераходу ў Кузьніцы.

Для кантрабандыстаў выкарыстаньне сацыяльных мэдыя па-ранейшаму надзвычай важнае — і дзеля таго, каб атрымаць кліентаў праз рэкляму паслуг па дапамозе, і дзеля набору кіроўцаў, якія перавозяць мігрантаў. Напрыклад, карыстальнік аднаго з акаўнтаў у Facebook прапаноўваў працу — перавозіць мігрантаў ад польска-ўкраінскай да польска-нямецкай мяжы — за плату 450 эўра за асобу.

Эўрапол пачаў арганізоўваць дзень онлайн-дзеяньняў, каб сарваць камунікацыі і выдаліць акаўнты ў сацыяльных мэдыя як мага хутчэй. Прыватныя партнэры былі запрошаныя ўзяць у гэтым удзел у наступныя тыдні. У гэтым павінны ўдзельнічаць пастаўшчыкі паслугаў, бо канчатковае рашэньне аб выдаленьні зьместу належыць ім.

Праца ЭЗ з трэцімі краінамі

Эўрапейская дыпляматыя працягвае сваю інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у вялікай колькасьці краін, грамадзяне якіх патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя рэжымам Лукашэнкі.

Эўразьвяз праводзіў перамовы з краінамі, дзе было зарэгістравана патэнцыйнае павелічэньне колькасьці рэйсаў (Лібан, Ярданія, Таджыкістан, Пакістан, Грузія, Ірак). Адказы гэтых краін былі станоўчыя, з агульным прызнаньнем таго, што мігранты могуць быць інструмэнталізаваныя.

У сярэдзіне лістапада чакаецца прыбыцьцё консульскага прадстаўніцтва ірацкіх уладаў для выдачы дакумэнтаў мігрантам, якія жадаюць вярнуцца добраахвотна.

Прадстаўнікі Эўразьвязу правялі перамовы з дэлегацыямі ЭЗ у Тунісе, Альжыры, Лібіі, Узбэкістане, Емэне, Казахстане, Нігерыі, Сэнэгале і Кот-д’Івуары. Гэтым дэлегацыям было прапанавана кожныя два тыдні паведамляць пра любыя новыя тэндэнцыі. Дэлегацыям ЭЗ у Самалі, Шры-Лянцы і Банглядэшы было прапанавана прадставіць справаздачы, каб палепшыць збор дадзеных, заснаваных на фактах.

Зь якіх краін прыбываюць мігранты

Літва

Большасьць асоб, якія прыбылі нерэгулярна ў 2021 годзе, — гэта грамадзяне Іраку (2811), Рэспублікі Конга (204), Сырыі (147), Камэруну (134), Афганістану (101), Беларусі (90) і Расеі (89).

Каля 80% іракцаў, якія прыбылі ў Літву, маюць курдзкае паходжаньне.

Прыём нелегальных мігрантаў застаецца праблемай для Літвы. Большасьць ложкаў у прыёмных цэнтрах цяпер занятая — 4210 занятыя, 338 вольныя. За справаздачны пэрыяд 570 мігрантам была аказана мэдычная дапамога ў прыёмных цэнтрах, а 292 мігранты прайшлі курс лячэньня.

Польшча

257 чалавек зьвярнуліся з просьбай аб прытулку ў Польшчы за тыдзень з 25 кастрычніка, і 182 чалавекі — за тыдзень з 1 лістапада. Цягам тыдня з 1 лістапада падалі заявы, у прыватнасьці, грамадзяне Іраку (102), Беларусі (41), Расеі (14).

6269 чалавек падалі заяву аб прытулку ў Польшчы ў 2021 годзе да 7 лістапада, што на 169% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2020 году (2325). Асноўныя краіны паходжаньня ў 2021 годзе — Беларусь (1808), Афганістан (1723), Ірак (908), Расея (845) і Ўкраіна (207).

Па стане на 7 лістапада ў Польшчы знаходзіцца 3671 справа аб прадстаўленьні прытулку, у тым ліку 1140 беларускіх, 884 ірацкія і 688 афганскіх спраў.

Латвія

5 нелегальных мігрантаў былі дапушчаныя на тэрыторыю Латвіі з гуманітарных прычын на працягу тыдня ад 25 кастрычніка і 7 — на працягу тыдня ад 1 лістапада. За тыдзень ад 25 кастрычніка папярэджана 118 спроб незаконнага перасячэньня мяжы, за тыдзень ад 1 лістапада — 135 (усяго папярэджана 2156 спроб).

Паводле ацэнкі Латвіі, цяпер на беларускім баку мяжы няма людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, ці якіх-небудзь вялікіх груп.

Па стане на 8 лістапада ў абодвух закрытых цэнтрах разьмешчана 127 чалавек, зь іх 9 непаўналетнія. У адкрытым цэнтры для шукальнікаў прытулку разьмешчана 140 чалавек, у тым ліку 63 непаўналетнія (зь іх 1 без суправаджэньня) і 4 цяжарныя жанчыны. 39 чалавек цяпер у цэнтры часовага разьмяшчэньня.

Перамяшчэньне ўнутры Эўразьвязу

Да 4 лістапада нямецкая фэдэральная паліцыя выявіла 8407 незаконных пераходаў мяжы з Польшчай, зьвязаных зь Беларусьсю. Зь іх 5285 было ў кастрычніку, а 572 — за першыя чатыры дні ў лістападзе.

Большасьць выпадкаў, пра якія паведамляецца, тычацца затрыманьня кіроўцаў, якія перавозяць нерэгулярных мігрантаў (грамадзян Сырыі, Афганістану, Ірану, Іраку, Кувэйту і Емэну) праз Польшчу на (арандаваных) машынах да Нямеччыны. У большасьці выпадкаў кіроўцы былі грамадзянамі трэціх краін (Ірану, Іраку, Сырыі і Турэччыны), якія жывуць у Нямеччыне.

Кантрабандная перавозка чыніцца разнастайнымі сродкамі і шляхамі. Напрыклад, Эўрапол паведаміў пра выпадак, калі нямецкі грамадзянін турэцкага паходжаньня наняў польскага грамадзяніна, які жыве ў Нямеччыне, каб наладзіць перавозку чатырох нерэгулярных мігрантаў (емэнцаў і палестынцаў) з Польшчы ў Нямеччыну на машыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG