Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранты апавядаюць пра жорсткае абыходжаньне з боку беларускіх і польскіх памежнікаў. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пакуль на беларуска-польскай мяжы тысячы мігрантаў штурмуюць агароджы, каб трапіць у ЭЗ, новыя мігранты зь Блізкага Ўсходу прыбываюць у Беларусь. Яны апавядаюць пра жорсткае абыходжаньне з боку беларускіх і польскіх памежнікаў. Праваабаронцы заклікаюць не парушаць міжнароднае права. Пра гэта — сюжэт тэлеканалу «Настоящее время».

Паміж дручкамі польскіх памежнікаў і рулямі аўтаматаў беларускіх вайскоўцаў сотні семʼяў з Іраку, Сырыі і Афганістана. Нехта зь іх ратуецца ад голаду і беднасьці, нехта ўцякае ад баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Юсуф дабраўся з Сырыі ў Маскву. Адтуль яго на машыне прывезьлі ў Беларусь і высадзілі ў лесе за паўкілямэтра ад мяжы. Хто гэта быў, Юсуф ня кажа.

Юсуф Атала, уцякач з Сырыі: «Прыйшлі беларускія памежнікі. Злавілі нас, паставілі на калені». «Беларускі салдат пхнуў мне ў твар нагой. Я страціў прытомнасьць на некалькі хвілін. Зламаў нос, зламаў костку, а вочы ў мяне дагэтуль апухлыя».

Таір Рэзк, уцякач з Сырыі: «Нас было каля сотні чалавек. Можа, больш. Мы ішлі ў Польшчу. Беларускі салдат перарэзаў плот, і кажа: „Давайце, у Польшчу“».

Гэтых мігрантаў разьмясьцілі ў спэцыяльным лягеры, але шмат у каго польскія ўлады не прымаюць прашэньне аб прытулку і адпраўляюць іх назад у Беларусь. З такой палітыкай згодныя далёка ня ўсе. У Варшаве праходзілі шматтысячныя акцыі ў падтрымку мігрантаў. Чатыры нобэлеўскія ляўрэаткі, сярод якіх Сьвятлана Алексіевіч, напісалі ліст уладам Эўразьвязу. Яны патрабуюць «не адводзіць вачэй ад трагедыі».

Удзельніца варшаўскага паўстаньня, якой цяпер 94 гады, цяпер выступае ў абарону ўцекачоў.

Ванда Трачук-Стаўска: «Мы ня маем права пакідаць дзіцё ў небясьпечнай сытуацыі. І для мяне тое, як там абыходзяцца зь дзецьмі, гэта ганьба».

Паводле зьвестак «Лекараў бязь межаў», з абодвух бакоў калючага дроту мігрантаў бʼюць прыкладамі, пхаюць у рэбры, прымяняюць да іх электрашокеры. Эўрапейскія памежнікі адбіраюць ва ўцекачоў іх майно, сьцьвярджаюць у гуманітарнай арганізацыі.

Уначы тэмпэратура апускаецца ніжэй за нуль. Даводзіцца паліць вогнішчы, каб сагрэцца. UNICEF кажа, што тое, што адбываецца, парушае канвэнцыю аб правах дзіцяці.

Стэфан Дужарык, прадстаўнік генэральнага сакратара ААН: «ААН на сувязі з уладамі ў Менску. І мы заклікаем да тэрміновага вырашэньня сытуацыі. Патрабуем неадкладнага і бесьперашкоднага доступу да гэтай групы людзей, якія просяць дапамагчы. За апошнія тыдні паведамлялася пра некалькі трагічных сьмярцей на мяжы. Камісар ААН у справах уцекачоў і Міжнародная арганізацыя ў справе міграцыі нагадваюць дзяржавам пра іх абавязак прадухіліць далейшую гібель людзей забясьпечыць гуманнае стаўленьне да мігрантаў і ўцекачоў. Гэта павінна быць іхным галоўным прыярытэтам».

Праваабаронцы настойваюць: просьбу кожнага ўцекача трэба разглядаць індывідуальна, а ўлады павінны адмовіцца ад рэзкай рыторыкі на іхні адрас.

Юсуф, якога пабілі на мяжы, кажа што цяпер адчувае сябе хоць крыху ў бясьпецы, але хвалюецца за сямʼю: у Сырыі ў яго засталіся жонка і дзьве дачкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG