Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут як турма». Рэпартаж зь літоўска-беларускай мяжы. ВІДЭА


Будоўля сьцяны на мяжы Літвы і Беларусі.
Будоўля сьцяны на мяжы Літвы і Беларусі.

Пакуль на беларуска-польскай мяжы тысячы мігрантаў штурмуюць агароджу, каб трапіць у ЭЗ, новыя мігранты з Блізкага Усходу прыбываюць у Беларусь. Літва тым часам празь міграцыйны крызіс увяла надзвычайнае становішча на мяжы зь Беларусьсю.

Журналісты тэлеканалу «Настоящее время» пабывалі на літоўска-беларускай мяжы.

Тэрыторыя памежнай заставы на літоўска-беларускай мяжы. За высокім плотам і шлягбаўмам некалькі дзясяткаў модульных дамоў. Тут жывуць мігранты, у асноўным грамадзяне Іраку, якія нядаўна перасеклі мяжу Беларусі і Літвы.

Тут журналісты «Настоящего времени» сустрэлі ірацкую сям’ю, якая прыехала сюды на машыне зь нямецкімі нумарамі.

Мужчына прадставіўся Джоні і расказаў, што прыехаў разам з братам і маці, каб пабачыць сястру. Яе месяц таму затрымалі памежнікі.

«Уся наша сямʼя жыве ў Нямеччыне, сястра толькі заставалася там, у Іраку. Але яна ня можа там жыць адна», — кажа грамадзянін Іраку Джоні Аліяс.

Мужчына расказаў, што сямʼя заплаціла 12 тысяч эўра, каб перавезьці сваячку з Іраку празь Беларусь у Эўропу.

«Мы заплацілі гэтыя грошы за яе. Мы працуем у Нямеччыне, у мяне свой рэстаран. Я ня ведаю, што будзе далей. Я пытаюся ў паліцыі і памежнай службы тут, яны нічога ня ведаюць. Мы хочам забраць сястру ў Германію, але ня ведаем, ці атрымаецца. Я тут ужо дзесяць дзён, мы бачылі яе адзін раз. Яна больш-менш у парадку», — працягвае Джоні Аліяс.

Сямʼя пасьпела перадаць затрыманай сваячцы цёплую вопратку, харчы і ўсё неабходнае. Цяпер накупілі поўны багажнік рэчаў і ежы: пакінуць у лягеры, перад тым як зьехаць.Цяпер нават падысьці блізка да лягераў, дзе разьмяшчаюць мігрантаў, нельга. У Літве ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. Мяжа пад асаблівай аховай, дарогі перакрытыя, а знаходзіцца ў прымежнай зоне могуць толькі мясцовыя жыхары са спэцыяльнымі дазволамі.

«Наплыў мігрантаў зь Беларусі — гэта гібрыдная атака менскага рэжыму, а сытуацыя на мяжы ўсё больш абвастраецца. У цяперашніх абставінах мы павінны дзейнічаць рашуча, каб абараніць мяжу і абараніць людзей. Я цалкам падтрымліваю ўвядзеньне надзвычайнага здарэньня на такіх умовах, на якіх прадугледжана: на вызначаны тэрмін, на пэўных участках мяжы і пяць кілямэтраў углыб, а таксама ў лягерах для мігрантаў», — адзначыў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

У Вільні асьцерагаюцца, што частка мігрантаў, якія зараз знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы, могуць паспрабаваць прайсьці празь Літву. Першыя спробы ўжо былі. У цэлым за апошнія тры месяцы на тэрыторыю Літвы трапілі больш за чатыры тысячы мігрантаў. У прымежнай зоне былі стварылі намётавыя мястэчкі, цяпер людзей перасялілі ў модульныя дамы.

Джоні, які сам некалі быў нелегальным мігрантам у Нямеччыне, кажа, што яго суайчыньнікі ведаюць пра магчымыя праблемы, але ўсё роўна гатовыя рызыкаваць.

«Таму што ў Германіі добра. Літва, прабачце мне, не Эўропа. Я дзесяць гадоў жыву ў Нямеччыне, я ведаю, пра што гавару. Гэта дакладна не Эўропа. Ты ня можаш выйсьці адсюль, ты ня можаш нават у краму схадзіць, ты ня можаш нічога. Тут як турма. І там унутры вельмі, вельмі брудна», — кажа Джоні Аліяс.

Рэжым надзвычайнага становішча ў Літве ўводзіцца на месяц. Цяпер мігрантаў проста не пускаюць у краіну, усіх разварочваюць у лесе назад, у бок Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG