Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што агульнага паміж усходнімі мігрантамі і дзецьмі садыста


Ад самага пачатку беларускага палітычнага крызісу стасункі паміж уладамі і грамадзянамі часта апісваюць як стасункі ў сям’і, дзе ёсьць хатні гвалт. Нагодаў для гэтага параўнаньня шмат — і словы Лукашэнкі, і яго дзеяньні часта вымушаюць праводзіць паралелі.

І ўсё ў гэтай карціне сьвету было проста — тыран і агрэсар прыгнятае народ, які з апошніх сілаў спрабуе вызваліцца з гэтага жаху. Але зь міграцыйным крызісам сытуацыя ўскладнілася, і цяпер расклад сілаў нібыта крыху іншы.

Сытуацыя на мяжы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пагаршалася некалькі месяцаў запар — штодзень замежнікі (меркавана, пераважна з Іраку) спрабавалі трапіць у Эўразьвяз па-за афіцыйнымі пунктамі пропуску. Надзвычайнае становішча з гэтай нагоды ўводзіла і Літва, і Латвія. Краіны пачалі ствараць фізычную агароджу на мяжы зь Беларусьсю, у сеціве зьяўляліся фота- і відэадоказы таго, што беларускія памежнікі ня проста ігнаруюць патэнцыйных парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, а актыўна дапамагаюць ім яе парушаць. Калі памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі не пускалі людзей на свой бок, беларускія памежнікі не давалі ім вярнуцца, і тыя надоўга застравалі літаральна ў лесе. На жаль, некаторыя паміралі.

І вось восьмага лістапада ў бок польскай мяжы проста па шашы пайшла вялізная калёна людзей. Няма ніякіх сумневаў, што Лукашэнка максымальна спрыяў гэтай сытуацыі. Верагодна, ён увогуле быў ініцыятарам гэтага «маршу». Падключыўся і прапагандысцкі апарат — у памежнай зоне працавалі дзяржаўныя мэдыя.

Аказалася, што даволі шмат людзей — з тых самых, якія былі і застаюцца прыгнечанымі ахвярамі рэжыму Лукашэнкі — не салідарызаваліся зь іншымі ягонымі ахвярамі, а сталі вымяшчаць на іх сваю злосьць. Ну, ведаеце, як маці зьбівае дзяцей, бо перад гэтым муж пабіў яе саму? Ударыць яго ў адказ — надта небясьпечна, а са злосьцю і агідай трэба нешта рабіць. І яна зрываецца на тых, у каго яшчэ менш правоў, чым у яе самой. На дзецях.

Калі б дзеці паводзілі сябе цішэй, ён бы не раззлаваўся. Калі б яны своечасова прыбралі цацкі з падлогі, ён ня біў бы жонку па галаве кіляграмовай машынкай. Гэта яны вінаватыя ў тым, што ён такі агрэсіўны і так зь яе зьдзекуецца. Як толькі яны перастануць яго правакаваць...

Тое самае, па сутнасьці, кажуць людзі, якія абураюцца, што людзі з Іраку, Сырыі і Афганістану граюць на руку рэжыму. Калі яны не паедуць у Беларусь, у Лукашэнкі ня будзе мэханізму ціску на ЭЗ. Калі яны застануцца на сваёй радзіме, нас ня будуць яшчэ больш упэўнена называць краінай трэцяга сьвету. Калі яны ня будуць плаціць за прылёт у Беларусь, у Лукашэнкі скончацца грошы на АМАП і ГУБАЗіК.

Праяўляць агрэсію ў бок Лукашэнкі асабіста і рэжыму ў цэлым — гэта небясьпечна. А ў бок мігрантаў — самае яно. Іх можна колькі заўгодна расчалавечваць і загадзя абвінавачваць ва ўсіх праблемах Эўропы ў найбліжэйшыя ...наццаць гадоў. Гэта вельмі зручныя хлопчыкі для біцьця — мы і стрэс зьнялі, і адчулі сябе цывілізаванымі людзьмі. Ня тое што «гэтыя».

І пляваць, што мы самі «запаланяем Эўропу», «прэмся празь мяжу» і далёка не заўжды просім палітычнага прытулку ў першай бясьпечнай краіне, у якую трапляем зь Беларусі. Нам можна, бо мы сапраўдныя ахвяры. А «гэтыя» хай ужо перастануць правакаваць агрэсара і не замінаюць нам жыць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG