Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра зьліквідаванае грамадзкае абʼяднаньне БНФ «Адраджэньне»


10 лістапада Вярхоўны суд зьліквідаваў найстарэйшую грамадзкую арганізацыю Беларусі — ГА «Беларускі Народны Фронт „Адраджэньне“».

Суд адбыўся 10 лістапада пасьля пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“». Справу ініцыявалі яшчэ ў канцы ліпеня. Прысуд вынесла судзьдзя Рыма Філіпчык.

Пра рашэньне суду Свабодзе стала вядома 12 лістапада, гэта паведаміў намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“» Юрась Меляшкевіч.

Партыя БНФ, якая існуе паралельна з грамадзкім аб’яднаньнем«БНФ „Адраджэньне“» па-ранейшаму мае афіцыйную рэгістрацыю.

Свабода сабрала 10 фактаў пра дзейнасьць БНФ.

1. Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне» быў першай альтэрнатывай камуністычнай партыі ў Беларусі

Напачатку БНФ быў аб’яднаньнем нефармальных культурніцкіх суполак, арганізацый і грамадзян, якія выступалі найперш за адраджэньне беларускай мовы і культуры.

Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту быў утвораны 19 кастрычніка 1988 году на сходзе беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». Сход праходзіў у Чырвоным касьцёле (тады — Дом кіно). У стварэньні БНФ удзельнічалі Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Лявон Баршчэўскі, Алесь Бяляцкі, Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, Міхась Чарняўскі, Сяргей Дубавец, Алесь Адамовіч і іншыя. Першапачаткова арганізацыя называлася «Беларускі народны фронт за перабудову „Адраджэньне“».

2. На арганізаваныя БНФ «Дзяды» ў 1988 годзе ўпершыню выкарысталі вадамёты, сьлезацечны газ

Першай масавай акцыяй, арганізаванай БНФ, стаў жорстка разагнаны міліцыяй мітынг «Дзяды» ва ўрочышчы Курапаты. Гэта адбылося 30 кастрычніка 1988 году. Улады закрылі дзьве апошнія станцыі мэтро, людзі вымушаныя былі ісьці да Ўсходніх могілак пехатой. Першы «хапун» адбыўся на скрыжаваньні вуліцы Каліноўскага і праспэкту Леніна. Агаломшаная масавасьцю акцыі, улада вывела на вуліцы вадамёты, супраць удзельнікаў прымянілі сьлезацечны газ, людзей выхоплівалі з натоўпу і кідалі ў міліцэйскія ўазікі.

3. 40 тысяч чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся на «Дынама»

19 лютага 1989 году на стадыёне «Дынама» адбыўся першы ў Беларусі апазыцыйны «мітынг у падтрымку перабудовы», дазволены ўладамі. Мітынг быў арганізаваны аргкамітэтам БНФ і Канфэдэрацыяй беларускіх суполак (каля 100 моладзевых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, у тым ліку «Талака», «Тутэйшыя»), і сабраў каля 40 000 чалавек пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. На ім выступілі Сяржук Сокалаў-Воюш, Зянон Пазьняк, Віктар Івашкевіч, Сяржук Вітушка, Вячаслаў Жыбуль. На мітынгу прынялі рэзалюцыю, якая патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю кампартыі.

4. Устаноўчы зьезд прайшоў у Вільні — у Беларусі не дазволілі

Устаноўчы зьезд БНФ, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў, адбыўся 24–25 чэрвеня 1989 году ў Вільні, бо правесьці яго ў Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР.

Зьезд абраў Сойм, ухваліў Статут, праграму і пастановы аб кірунках і спосабах дзейнасьці: «Аб палітычным плюралізьме», «Аб беларускай нацыянальнай сымболіцы», «Аб дзяржаўнасьці беларускай мовы», «Аб пераадоленьні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы» і «Аб праекце Канстытуцыі БССР».

На пасаду старшыні Сойму БНФ абсалютнай бальшынёй галасоў быў абраны Зянон Пазьняк. Яго намесьнікамі сталі Юрась Хадыка і Міхась Ткачоў.

5. У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня была створана фракцыя БНФ, якая вылучыла ідэю незалежнасьці Беларусі

БНФ актыўна ўдзельнічаў у выбарах народных дэпутатаў БССР у сакавіку — красавіку 1990 году.

Дэпутатамі Вярхоўнага Савету БССР 12-га скліканьня былі абраныя сябры БНФ Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Ігар Гермянчук, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў і іншыя (усяго 26 дэпутатаў з 360). У Вярхоўным Савеце БССР утварылася фракцыя БНФ.

У чэрвені 1990 дэпутаты БНФ прапанавалі праект Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі. 27 ліпеня Вярхоўны Савет прыняў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, а 25 жніўня 1991 надаў ёй статус канстытуцыйнага закону.

У 1992 годзе БНФ спрабаваў арганізаваць рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет. Тады было сабрана больш за патрэбныя 350 тысяч подпісаў, аднак Вярхоўны Савет адмовіўся ад правядзеньня рэфэрэндуму.

6. У першых прэзыдэнціх выбарах 1994 году браў удзел лідэр БНФ Зянон Пазьняк

За Зянона Пазьняка ў 1994 годзе было сабрана 230 тысяч галасоў, ён быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты. «Трэба ўсталяваць законнасьць і парадак» — «Органы ўлады армія, міліцыя будуць ачышчаныя ад карупцыянэраў, злодзеі павінны сядзець у турме, а не займаць дзяржаўныя пасады. Будзе спынена намэнклятурная „прыхватызацыя“. Усё, што намэнклятура нарабавала ў дзяржавы, будзе вернутае праз суд», — абяцаў кандыдат ад БНФ.

«Напасьледак — самае галоўнае. Мы некалькі стагодзьдзяў не жылі ў незалежнай дзяржаве. Мы адвыклі быць незалежнымі. Але мы адбудуем наш дзяржаўны дом — незалежную Беларусь», — пісаў Пазьняк у сваёй перадвыбарчай праграме.

На прэзыдэнцкіх выбарах Зянон Пазьняк набраў 12% галасоў, заняўшы трэцяе месца, прапусьціўшы наперад Аляксандра Лукашэнку і тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча.

7. Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнка абвясьціў БНФ ледзь не галоўным ворагам беларускага народу

Лукашэнка зрабіў усё, каб загнаць апазыцыю ў падпольле. БНФ узначаліў «вулічны» супраціў рэжыму. На пачатку 1996 году Народны фронт правёў у Менску некалькі масавых акцый пратэсту, у тым ліку і шматтысячны Чарнобыльскі шлях, якія былі задушаныя ўладамі. Лідэр БНФ Зянон Пазьняк, апасаючыся арышту, быў вымушаны пакінуць Беларусь і неўзабаве атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

8. У 1999 годзе ў БНФ адбыўся раскол

16 мая 1999 году апазыцыйныя партыі арганізавалі Альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары, на якіх кандыдатамі вылучаліся Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір. Аднак Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру. Гэтае рашэньне фактычна пазбавіла сэнсу ўсю задуму і было жорстка скрытыкавана ў партыі.

У сьнежні 1999 году на VI зьезьдзе адбыўся раскол. Бальшыня дэлегатаў зьезду БНФ аддалі галасы за 38-гадовага філёляга, аднаго з заснавальнікаў БНФ Вінцука Вячорку. Прыхільнікі Зянона Пазьняка аб’ядналіся ў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю і сталі называцца КХП-БНФ.

9. Цяперашні лідэр БНФ Рыгор Кастусёў — у турме КДБ

У 2007 годзе старшынём грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“» быў абраны вэтэран руху , адзін з заснавальнікаў БНФ «Адраджэньне» Лявон Баршчэўскі.

У 2009 годзе на чарговым зьезьдзе арганізацыі старшынём быў абраны 33-гадовы Аляксей Янукевіч, а яго намесьнікамі — Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў.

У 2017 годзе згодна з нормай статуту аб зьмяняльнасьці кіраўніка партыі Аляксей Янукевіч пакінуў пасаду старшыні. Новым лідэрам аб'ялнаньня быў абраны Рыгор Кастусёў. Яго намесьнікамі сталі Аляксей Янукевіч, Аляксандар Стральцоў, Вадзім Саранчукоў, Зьміцер Салошкін і Юрась Лукашэвіч.

Партыя БНФ, якая існуе паралельна з грамадзкім аб’яднаньнем «БНФ „Адраджэньне“» па-ранейшаму мае афіцыйную рэгістрацыюі яе лідэрам на сёньня таксама зьяўляецца Рыгор Кастусёў.

Ад 12 красавіка 2021 году Рыгор Кастусёў знаходзіцца ў зьняволеньні па крымінальным абвінавачаньні «ў змове ці іншых дзеяньнях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (артыкул 357 Крымінальнага кодэксу).

10. Падстава для ліквідацыі — непадача дакумэнтаў у Міністэрства юстыцыі

Па стане на лета 2021 году на ўліку ў БНФ «Адраджэньне» 2059 сябраў, аб’яднаньне мае 20 зарэгістраваных арганізацыйных структур, у тым ліку Менскую гарадзкую арганізацыю і 4 абласныя арганізацыі, 10 раённых і 5 гарадзкіх аддзяленьняў.

Справу аб ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“» ініцыявала Міністэрства юстыцыі пры канцы ліпеня. Падставай для ліквідацыі чыноўнікі палічылі непрадстаўленьне дакумэнтаў, якія Мін’юст запатрабаваў ад арганізацыі. Пры гэтым офіс у Менску застаецца апячатаны яшчэ ад 14 ліпеня, калі падчас ператрусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасьць прадстаўнікоў арганізацыі супрацоўнікі Сьледчага камітэту выняли бухгальтарскія і іншыя дакумэнты ГА «БНФ „Адраджэньне“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG