Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ліквідаваў Грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне»


Сядзіба БНФ на менскай вуліцы Чарнышэўскага, 3.
Сядзіба БНФ на менскай вуліцы Чарнышэўскага, 3.

Суд адбыўся 10 лістапада пасьля пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“».

Справу ініцыявалі яшчэ ў канцы ліпеня. Прысуд вынесла судзьдзя Рыма Філіпчык.

Пра рашэньне суду Свабодзе стала вядома 12 лістапада, гэта паведаміў намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня «БНФ „Адраджэньне“» Юрась Меляшкевіч.

Падставай для ліквідацыі аднаго са старэйшых грамадзкіх аб’яднаньняў краіны чыноўнікі палічылі непадачу дакумэнтаў, якіх запатрабавалі ад арганізацыі. Пры гэтым офіс у Менску апячатаны ад 14 ліпеня, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у грамадзкіх арганізацыях.

Падчас ператрусу ў сядзібе БНФ на вуліцы Чарнышэўскага ў адсутнасьць прадстаўнікоў арганізацыі Сьледчы камітэт забраў бухгальтарскія і іншыя дакумэнты, а сам офіс апячатаў.

На звароты аб’яднаньня аб неабходнасьці разблякаваць доступ у памяшканьне дзеля таго, каб выканаць патрабаваньні Міністэрства юстыцыі, сьледчыя структуры адказалі адмоўна.

Раней разгляд справы аб ліквідацыі БНФ прыпынілі на падставе таго, што арганізацыя абскардзіла ў Вярхоўным судзе пісьмовыя папярэджаньні. Аднак па выніках кастрычніцкага разгляду гэтых скаргаў суд пастанавіў пакінуць пісьмовыя папярэджаньні ў сіле.

Грамадзкае аб’яднаньне «БНФ „Адраджэньне“» заснавана ў 1988 годзе, а зарэгістравана як агульнанацыянальнае грамадзкае аб’яднаньне ў 1991 годзе. У 1999 годзе адбыўся раскол агульнага руху, ад чаго ўтварыліся дзьве асобныя партыі — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя «Беларускі народны фронт» (КХП-БНФ) пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка і Партыя БНФ.

Аб’яднаньне «БНФ „Адраджэньне“» структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху зьяўляецца ідэнтычным — абедзьве арганізацыі ўзначальвае Рыгор Кастусёў, які цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ; супадае і склад Сойму як кіроўнага органу.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG