Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ў думках абдымаю матулю». Дачка галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай пра маленства і выпускны бяз маці


Марына Золатава і яе дачка Надзея Кішкурна. Фота зь сямейнага архіву

6 лістапада — дзень народзінаў галоўнай рэдактаркі самага папулярнага беларускага інтэрнэт-парталу Марыны Золатавай. Яго Марына сустрэне за кратамі, у СІЗА № 1, дзе яна ўжо паўгода.

Пагаварылі з 18-гадовай дачкой Марыны — Надзеяй Кішкурнай, якая сёлета стала студэнткай Акадэміі мастацтваў.

«Я вельмі шчасьлівая, што дачка такога крутога чалавека!»

— Надзея, вашу маму добра ведаюць і паважаюць усе калегі-журналісты. Яна надзвычай адказны, патрабавальны кіраўнік, пастаянна на сувязі з рэдакцыяй — літаральна 24 на 7. А якая мама дома, зь сям’ёй? Таксама строгая, патрабавальная?

— Мама заўсёды на тэлефоне, заўсёды думкамі на працы. Мы гэта разумелі з маленства — такая ў яе праца. Але я памятаю маму пяшчотную, добрую, ласкавую, яна пастаянна гатавала нам смачную ежу, дазваляла і паленавацца. Маці заўсёды нас шкадавала, казала, што мы з братам яшчэ маленькія. Бабуля спрачалася: «Марына, яны ўжо не маленькія!»

Марына Золатава
Марына Золатава

Матуля з такой пяшчотай ставілася і да мяне, і да брата, і да бацькі! «Хтосьці кажа, што сапраўднага каханьня не існуе. Хто гэтыя людзі, якія так кажуць?» — жартавала маці. У мяне ёсьць цудоўны прыклад такога каханьня перад вачыма.

Гэта ня проста маці, якая падыдзе, абдыме, але гэта і прыклад — як трэба ставіцца да працы.

Калі я пачала чытаць пасьля затрыманьня артыкулы, пасты, якія пісалі яе калегі, я пачала ўсьведамляць, якая яна неверагодная! Які яна клясны прафэсіянал! Я вельмі шчасьлівая, што я дачка такога крутога чалавека! Але я ніколі не хвалілася перад сябрамі, аднаклясьнікамі, што мая маці — галоўная рэдактарка самага папулярнага парталу. Цяпер я вельмі ганаруся сваёй матуляй.

Калі я нечага не разумела, што адбывалася ў сьвеце, мне ня трэба было глядзець «Эўраньюз» ці чытаць нейкія каналы. Мне можна было зьвярнуцца наўпрост да маці і да бацькі. І яны дасьціпна мне ўсё растлумачаць.

«Нібыта рабіла ўсё сама, але зь яе дапамогай, пад яе аховай, абаронай»

— Выпускныя іспыты, ЦТ, паступленьне прыйшліся на вельмі драматычны час для ўсёй вашай сям’і — 18 траўня маці затрымалі. Як справіліся, як перажылі гэтыя травеньскія падзеі, ці цяжка было?

— Я насамрэч дрэнна памятаю. Зараз, калі пачынаеш усё гэта аналізаваць, узьнікае думка: а сапраўды — як?

Я да апошняга ня верыла. Мне чамусьці здавалася, што ўсё абыдзецца. Калі перад выбарамі затрымалі Віктара Бабарыку, мне таксама да апошняга ня верылася, што ўлады на гэта здатныя. Мне заўсёды здавалася, што людзі так ня робяць. Мне заўсёды здавалася, што я жыву ў сьвеце, дзе жывуць людзі, а ня нейкія зьвяры (плача).

Мае бацькі (і асабліва маці) заўсёды штурхалі мяне: трэба паступіць у гімназію, потым у Ліцэй БДУ. Маці за гэтым сачыла, натхняла, ну і кантралявала, канечне.

А тут яе не аказалася побач, яна не магла фізычна быць са мною, абняць, падтрымаць. Але яна рабіла гэта празь лісты, словы, і ўсё адно я адчувала яе прысутнасьць побач. Нібыта рабіла ўсё сама, але зь яе дапамогай, пад яе аховай, абаронай. І зьявілася такое адчуваньне самастойнасьці — я магу і без кантролю, без падштурхоўваньня ўсё зрабіць сама. Я зразумела, што ня трэба чакаць дэдлайну, трэба плянаваць час, рабіць штосьці загадзя...

Калі ўзгадваць першыя месяцы бяз мамы, то адчувалася вялікая падтрымка людзей, якія былі вакол. Я ня ведаю, што адчуваў бацька, брат. Але тата мяне вельмі моцна падтрымліваў. Узгадваю, калі я рыхтавалася да іспытаў, а тата прыходзіў да мяне ў пакой з маленькім кубачкам капучына. У яго сапраўды вельмі цудоўная кава атрымліваецца. Ён вельмі доўга і скрупулёзна выбіраў кава-машыну, знайшоў, і я разумею, чаму маці так падабаецца кава, якую гатуе тата.

Зь ліста Марыны Золатавай:

«Самы лепшы эспрэса не ў „Мануфактуры“, не ў „Дрэве“, не ў „Параграфе“. Яго гатуе мой муж дома ў нашай кава-машыне. Тут таксама ўсё ёсьць — і кава, і цукеркі, і вітаміны. Але ўсе гэтыя рэчы па-сапраўднаму смачныя толькі дома, на свабодзе».

— У доме штосьці зьмянілася? Як спраўляецеся з побытам, з жыцьцёвымі праблемамі? Хто ўзяў на сябе маміны абавязкі?

— Мне падаецца, што мы з братам ня вельмі адчулі, што ў нас стала больш абавязкаў, бо бацька ўсё ўзяў на сябе. Летам я гатавала. Я магу падсмажыць мяса, курыцу — я мясаед (у бацьку).

Марына Золатава і яе муж Васіль
Марына Золатава і яе муж Васіль

Мне часам бывае сорамна: у мяне дрэнны настрой, я з татам спрачаюся. Але ён усё ўзяў на сябе — яму цяжка... Цяпер, калі я паступіла ў Акадэмію мастацтваў, даводзіцца шмат займацца. Прыходжу пасьля вучобы ўвечары — а ўжо ўсё гатова! Усе хатнія справы, гаспадарку, клопат пра нас бацька ўзяў на сябе.

«Марыла стаць мушкетэрам, акторкай, настаўніцай. Цяпер вучуся на рэжысэра»

— Надзея, за гэты час, ужо ў адсутнасьць матулі, вы пасьпяхова здалі выпускныя іспыты ў Ліцэі БДУ, ЦТ і паступілі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, дзе быў проста шалёны конкурс. Раскажыце, дзе вы цяпер вучыцеся.

— Я паступіла ў Акадэмію мастацтваў на рэжысуру кіно і тэлебачаньня. Гэта вельмі цікава. Я апошні год рабіла ўсё, каб туды трапіць, каб пасьпяхова здаць іспыты. І ўжо разумею, што гэта ўсё было недарма. Гэта тое, чым я хачу займацца.

Мне сапраўды пашанцавала з аднагрупнікамі, з выкладчыкамі, мне вельмі падабаецца атмасфэра. Я вельмі шчасьлівая, што ў мяне будзе такая адукацыя.

— Але некалі мама выстаўляла пасты ў фэйсбуку, дзе вы вельмі прыгожа дэклямавалі вершы. Яна пісала, што дачушка хоча ісьці па яе сьлядах — паступаць на філялягічны факультэт. Чаму перадумалі?

— Ой, у дзяцінстве я наагул хацела быць мушкетэрам, глядзела фільмы пра мушкетэраў. А мама кажа: «Не, Надзя, мушкетэраў цяпер няма». Я пытаюся: «А хто гэтыя людзі? Веніямін Сьмехаў — проста цудоўны Атос!» Мама адказвае: «Гэта ўсё акторы». Тады я кажу: «Добра, я таксама хачу быць акторкай».

Малюнак палітычнай зьняволенай Марыны Золатавай
Малюнак палітычнай зьняволенай Марыны Золатавай

І зь сёмай клясы я марыла стаць актрысай. А потым неяк расчаравалася і вырашыла, што пайду на філфак, буду настаўніцай: выкладаць рускую мову і літаратуру. Бо школа — гэта такі маленькі тэатар, а выкладчык — гэта таксама актор. Ад пасьпяховасьці спэктакля і настаўніка залежыць тое, як яго маленькія гледачы засвояць тэму. А потым я трапіла ў Ліцэй БДУ, і мне там проста раскрылі вочы на гэты цудоўны беларускі сьвет. І цяпер, калі я стасуюся са сваімі старымі сябрамі, зь якімі вучылася да ліцэю ў гімназіі, — яны не разумеюць, да прыкладу, а хто такі Дубоўка!

Мая маці скончыла Ліцэй БДУ ў 1994 годзе, і яна заразіла гэтай ідэяй, натхніла мяне таксама паступаць туды ж. Увесь 9 кляс я трэслася: толькі б паступіць! І калі паступіла, была вельмі шчасьлівая! Ліцэй — гэта такая другая сям’я, калі ты там знаходзісься, ты не да канца гэта ўсьведамляеш. Толькі потым, калі ты выходзіш зь ліцэю, разумееш, як было клясна!

Але ў ліцэі я зразумела, што нават калі пайду працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, у мяне не атрымаецца расказаць настолькі вялікай колькасьці людзей пра гэты цудоўны сьвет, пра нашу культуру, літаратуру, мову, гісторыю. І вырашыла, што добра будзе пайсьці вучыцца на рэжысэра кіно і тэлебачаньня.

«Мы даслалі маме фота з выпускнога, дзе я нібыта прынцэса Мэрыда, а яна нам — прыгожы малюнак»

— Для бацькоў, асабліва для маці, вельмі важная падзея — выпускны дзіцяці.Т ак атрымалася, што Марына не змагла фізычна быць побач. Хто дапамог выбраць сукенку, фрызуру, макіяж для такой значнай падзеі?

— Што да строю, мы з мамай пасьпелі яшчэ да яе затрыманьня выбраць касьцюм, бабуля крыху яго падкараціла, мы набылі туфлікі з абцасамі. І мама да выпускнога ўвесь час пыталася ня толькі пра іспыты, але ці навучылася я хадзіць на абцасах. Хоць яны былі і ня вельмі высокія.

Надзея Кішкурна
Надзея Кішкурна

Калега з бацькавай працы дапамагла знайсьці візажыста, мне зрабілі вельмі стылёвую фрызуру, такія «барашачкі-кучарашачкі», пра якія я ўвесь час марыла. Бо ў мяне любімы мультфільм пра прынцэс «Храбрае сэрца», яго гераіня — цудоўная прынцэса Мэрыда, з лукам і стрэламі, у якой даўгія вогненныя кучаравыя валасы. І на выпускным я сябе адчувала Мэрыдай. Да мяне падыходзілі аднаклясьнікі і жартавалі: «Ну, ты як сапраўдная прынцэса з мульціку». Тату, напэўна, ня вельмі спадабаўся мой макіяж, бо ён наагул ня любіць макіяж.

Мы даслалі маме фота з выпускнога, дзе я нібыта прынцэса Мэрыда, а яна нам — прыгожы малюнак. І наагул яна шле нам шмат цудоўных малюнкаў.

— У мамы адкрыўся новы талент — маляваньне?

— Не, гэты талент у мамы быў і раней. Яшчэ калі яна вучылася ў школе, яе малюнак трапіў на міжнародны конкурс у Мюнхэн, і яна яго выйграла. Мама вельмі добра малюе.

Малюнак палітычнай зьняволенай Марыны Золатавай. Сям'я.
Малюнак палітычнай зьняволенай Марыны Золатавай. Сям'я.

— Ваша мама яшчэ і заўзятая спартоўка, маратоны бегае, плавае. Вы таксама прывучаныя да спорту? Чым займаецеся?

Марына Золатава і яе муж Васіль
Марына Золатава і яе муж Васіль

— Яны займаюцца спортам разам з бацькам — ім вельмі падабаецца спорт. Мама навучыла тату плаваць, а ён — нас. У іх такі «пункцік» — спорт. Ім вельмі падабаецца на роліках катацца. Яны гуляюць у бадмінтон. Мы з братам, калі былі маленькія, таксама любілі ролікі, ровар, бегалі, трэніраваліся. А потым перасталі. Мы ўжо «старэнькія пОдрасткі». Бацькам у гэтым сэнсе ня вельмі пашанцавала з намі. Брат Фёдар вельмі захапляецца скейтам. У мяне ёсьць «сцэнічны рух», і ўсё, хопіць — увесь спорт.

— Сумуеце па матулі?

Марына Золатава і яе дачка Надзея
Марына Золатава і яе дачка Надзея

— Вельмі. Калі я думаю пра маму, лепшае, што можа адбыцца — гэта абняць матулю. І я проста ў думках абдымаю яе...

Зь ліста Марыны Золатавай:

«Ведаеце, я спрабавала скласьці сьпіс месцаў, куды я мару трапіць, калі выйду. Ён атрымаецца вельмі-вельмі дооооўгі... Але я мяркую, што найперш адвяду душу, калі абдымуся з мужам, зь дзецьмі! Вось нават фізычна ўсіх гэтых кантактаў вельмі не хапае. І пахаў родных. Хочацца заняцца хатнімі справамі, згатаваць смачны абед, прыбрацца ў кватэры, схадзіць у краму!!! Ну, а потым — можна будзе ехаць. Праўда, незразумела, што раней скончыцца — ковід, альбо нас раней выпусьцяць. Але нават гэта непрынцыпова. Таму што я спакойна гляджу наперад. Мне няма чаго баяцца, я не зрабіла нічога, за што было б сорамна. Так што, безумоўна, прарвемся!»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG