Юлія Чарняўская, Марына Золатава, Людміла Чэкіна і Вольга Лойка з Tut.by, якія сталі палітвязьнямі па папярэдняй справе супраць парталу
Журналісты на старонцы новага праекту — Zerkalo.io — напісалі, што новая справа выклікае шэраг пытаньняў.
Паводле Сьледчага камітэту, у дачыненьні да службовых асобаў і работнікаў «Тut.by Медыя» і іншых асобаў завялі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці, зьдзейсьненае групай асобаў), паведаміў Сьледчы камітэт.
У артыкуле на Zerkalo.io калегі палітычных зьняволеных у «справе Tut.by» сьцьвярджаюць, што фармулёўка абвінавачаньня размытая і не дае зразумець, хто менавіта стаў падазраваным. Чацьвёра затрыманых у папярэдняй справе Tut.by знаходзяцца пад хатнім арыштам, 11 чалавек застаюцца ў ізалятарах.
Невядома нават, ці тычыцца абвінавачаньне ўжо арыштаваных па ранейшай справе аб нясплаце падаткаў ці іншых супрацоўнікаў, якіх раней не затрымлівалі.
Раней ніякіх прэтэнзій, датычных «распальваньня варожасьці» ў адрас парталу не паступала, у тым ліку на допыце кіраўніцы парталу Марыны Золатавай і ГУБАЗіК.
Акрамя таго, крымінальная справа заведзеная супраць парталу, хаця Tut.by скончыў працу і быў заблякаваны амаль 5 месяцаў таму.
Супрацоўнікі Zerkalo.io падазраюць, што новая справа можа быць помстай за стварэньне іх новага парталу, паколькі ў рэдакцыі працуе некалькі былых супрацоўнікаў Tut.by.