Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Золатава з СІЗА: «Прызнаць Tut.by экстрэмісцкім — значыць зьнішчыць 20-гадовы архіў беларускай гісторыі»


Марына Золатава

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава напісала са сьледчага ізалятару артыкул для новага праекту сваёй рэдакцыі Zerkalo.io.

У калёнцы Марына Золатава піша, што незалежнай Беларусі сёлета споўніцца 30 гадоў, і дзьве траціны гэтага часу «зафіксаваныя беларускім парталам Tut.by».

«Прызнаць яго экстрэмісцкім — значыць зьнішчыць 20-гадовы архіў беларускай гісторыі, зьнішчыць сам рэсурс і шматгадовую працу яго вялікай каманды. Пазбавіць трохмільённую аўдыторыю ўлюбёнай крыніцы інфармацыі. І ўсё гэта толькі таму, што рэдакцыйная палітыка Tut.by не задавальняе ўладу. Tut.by заклікаў да гвалтоўнай зьмены ўлады? Не. Да іншых гвалтоўных дзеяньняў? Таксама не. Абражаў сілавікоў або дзейную ўладу? Зноў міма. МУС у сваім пазове ў суд указвае, што ў публікацыях Tut.by вышэйшыя службовыя асобы характарызуюцца нэгатыўна. А дзеяньні ўлады можна ацэньваць толькі пазытыўна? Крытыкаваць нельга наогул? Гэта злачынства, экстрэмізм?»

Золатава адзначае, што рэдакцыя проста выконвала працу, якую мелі выконваць журналісты — фіксавалі падзеі, што адбываліся ў Беларусі.

Самай галоўнай каштоўнасьцю для рэдакцыі Tut.by Золатава назвала чалавечае жыцьцё.

«Мы супраць гвалту і ганеньняў любога з бакоў. Мы любім сваю краіну і хочам, каб людзі ў ёй жылі шчасьліва, каб маглі рэалізаваць свае таленты і забясьпечыць годнае жыцьцё сваім сем’ям. Толькі шчасьлівыя і свабодныя людзі, якія не адчуваюць страху і ставяцца адзін да аднаго з павагай, могуць зрабіць нашу краіну лепшай».

Галоўная рэдактарка заблякаванага парталу дадала, што ў свабоднай краіне марыў жыць і заснавальнік Tut.by Юры Зісэр.

Раней улады пазбавілі Tut.by статусу СМІ, а цяпер могуць прызнаць матэрыялы парталу «экстрэмісцкімі». 15 супрацоўнікаў рэдакцыі знаходзяцца за кратамі з-за падазрэньня ў крымінальнай справе. Сайт заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі, аднак 8 ліпеня група супрацоўнікаў рэдакцыі абвясьціла аб стварэньні на базе Tut.by новага праекту, Zerkalo.io.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрыманыя агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • 18 чэрвеня стала вядома, што МУС зьвярнулася ў суд, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкімі і заблякавалі ўсе люстэркі і акаўнты парталу ў сацсетках.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 28 чэрвеня Tut.by падаў пазоў у Эканамічны суд Менску супраць адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій, каб аспрэчыць выключэньне са сьпісу рэзыдэнтаў ПВТ.
  • 5 ліпеня галоўнага бухгальтара Tut.by Анжэлу Асад, мэнэджара Андрэя Аўдзеева і дырэктара стартапу RocketData Дар’ю Данілаву перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG