Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 лістапада. Былога байца АМАПу асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі» за пратэсты; апэляцыю байца Кудзіна адхілілі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Палітвязьня Вадзіма Гіля асудзілі за абразу Лукашэнкі і сямі чыноўнікаў ды сілавікоў, паведаміла «Вясна».

Абразы сьледчыя ўгледзелі ў камэнтарах, якія Вадзім Гіль напісаў у чаце тэлеграм-каналу «Кулуары Kyky». Ён нібыта з красавіка да чэрвеня тройчы абразіў Лукашэнку, а таксама

  • Дзьмітрыя Балабу, камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкаму,
  • Уладзімера Караніка, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму і былога міністра аховы здароўя,
  • Аліну Касьянчык, старшую памочніцу пракурора Фрунзэнскага раёну Менску,
  • Натальлю Качанаву, старшыню Савету Нацыянальнага сходу (двойчы),
  • Андрэя Савіных, старшыню пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў,
  • Уладзіслава Шукайлу, кіраўніка ўзводу АМАП Берасьцейскага аблвыканкаму,
  • Лідзію Ярмошыну, старшыню ЦВК (двойчы).

Затрымалі Віталя Гіля 27 ліпеня, а прысуд агучылі 29 кастрычніка.

Судзьдзя Савецкага раёну Марына Фёдарава пакарала яго трыма гадамі «хіміі» і аштрафавала на 8700 рублёў. Таксама Віталю Гілю давядзецца заплаціць 1000 рублёў «маральнай кампэнсацыі» Дзьмітрыю Балабу.

На Полаччыне за рэпосты асудзілі сама меней 6 чалавек

Пра гэта «Радыё Рацыя» расказаў полацкі актывіст Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў. Людзей караюць арыштам ад 7 да 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Самога Віктара Стукава таксама перасьледуюць за рэпосты зь Белсату ў Фэйсбуку і «Аднаклясьніках», хоць ён кажа, што рабіў іх, калі інфармацыйныя рэсурсы яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

За перапосты таксама асудзілі гаспадара хаты зь бел-чырвона-белымі палосамі Анатоля Каханчыка.

Прысуд кікбаксэру Кудзіну пакінулі бязь зьменаў

Менскі абласны суд адхіліў апэляцыю шматразовага чэмпіёна сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна, паведаміў «Sputnik Беларусь».

Адвакатка прасіла замяніць 2,5 года калёніі на абмежаваньне волі («хімію»), але суд не пагадзіўся.

Шматразовага чэмпіёна сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна затрымалі пасьля акцыі пратэсту ў Маладэчне 10 жніўня і пачалі крымінальную справу паводле арт. 363 КК (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадзкі парадак). Спартоўца абвінавацілі ў тым, што ён нанёс удары вайскоўцу ўнутраных войскаў, а таксама супрацоўніку УУС Менаблвыканкаму.

Два тыдні баец правёў у Маладэчанскім РАУС і СІЗА Жодзіна, затым яго перавялі пад хатні арышт і падпіску аб нявыезьдзе, якую Аляксей Кудзін парушыў напярэдадні суду ў лістападзе 2020 году.

На запыт беларускіх уладаў яго затрымалі ў Маскве ў пачатку гэтага году. Эўрапейскі суд у правах чалавека 21 ліпеня забараніў Расеі экстрадыцыю беларуса. Аднак у гэты ж дзень, пасьля заканчэньня тэрміну ўтрыманьня пад вартай у СІЗА, яго вывезьлі ў Менск.

Суд у Маладэчне прызнаў Аляксея Кудзіна вінаватым паводле ч. 2 арт. 363 КК і прызначыў яму два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму.

Праваабарончая супольнасьць прызнала Аляксея Кудзіна палітычным вязьнем.

Тры гады «хатняй хіміі» былому байцу АМАП

У судзе Маскоўскага раёну Менску 2 лістапада паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу 3 гады «хатняй хіміі» прысудзілі палітвязьню Максіму Клімовічу. Пасьля двух з паловай месяцаў пад арыштам ён выйшаў на волю, піша «Вясна».

Прысуд вынес судзьдзя Юры Машкетаў.

Былога супрацоўніка АМАПу, які звольніўся яшчэ ў 2012 годзе, абвінавацілі ў перакрыцьці дарог счэпкай на акцыі пратэсту ў дзень выбараў — яго вылічылі па здымку з акцыі. На пачатку лета 2021 году ён паехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Празь некалькі дзён пасьля вяртаньня яго затрымалі.

Трэцяга лістапада абвесьцяць прысуд Судаленку і Ласіцы

У сераду, 3 лістапада, а 10-й гадзіне ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля абвесьцяць вырак праваабаронцу Леаніду Судаленку і яго памочніцы Тацяне Ласіцы.

Хоць працэс над палітвязьнямі быў закрыты, на абвяшчэньні прысуду змогуць прысутнічаць усе ахвотныя пры наяўнасьці маскі і пашпарта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG