Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у «справе Судаленкі» адклалі на лістапад, падсудная валянтэрка «Вясны» выехала з краіны

абноўлена

Тацяна Ласіца і Леанід Судаленка на лаве падсудных

У судзе Цэнтральнага раёну Гомлю з 3 верасьня ідзе закрыты суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валянтэркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай.

Валянтэрка «Вясны» Марыя Тарасенка зьехала зь Беларусі – ёй пагражала 2,5 года калёніі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што іх валянтэрка Марыя Тарасенка зьехала з краіны і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы.

«Вясна» піша таксама пра некаторыя іншыя навіны, што зьявіліся аб гэтым закрытым працэсе.

13 кастрычніка пракуроры Яўген Фартушняк і Кірыл Вышнякоў запатрабавалі пакараньне палітзьняволеным праваабаронцам: для Леаніда Судаленкі і Тацяны Ласіцы — па 3 гады пазбаўленьня волі, для Марыі Тарасенкі — 2,5 года пазбаўленьня волі.

18 кастрычніка мусілі працягвацца спрэчкі бакоў, але Марыя Тарасенка не зьявілася на суд. Па інфармацыі праваабаронцаў, суд перанесьлі на 20 кастрычніка, але Марыю не знайшлі да гэтага часу. Як пазьней паведаміў сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, Тарасенка выехала з краіны.

На судзе пракуроры прасілі месяц для вылучэньня крымінальнай справы супраць Марыі Тарасенкі ў асобнае вядзеньне, але судзьдзя Сяргей Салоўскі даў на гэта толькі тыдзень.

26 кастрычніка на судзе аднавілася судовае сьледзтва ў крымінальнай справе супраць Судаленкі і Ласіцы. Прысуд будзе вынесены прыкладна ў сярэдзіне лістапада.

Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валянтэркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай пачаўся 3 верасьня. Усіх іх вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучаньні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяньнях, а таксама іх фінансаваньні або іншым матэрыяльным забесьпячэньні» (ч. 2 арт. 342 КК).

Разгляд справы судзьдзя Сяргей Салоўскі на прапанову пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме. Марыя знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, а Леанід і Тацяна — пад вартай з 18 і 21 студзеня 2021 году адпаведна.

Што канкрэтна ставіцца ў віну Судаленку?

Як распавёў у сваіх лістах праваабаронца «Вясны», у віну яму ставяцца:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
  • відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомлю Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
  • сэмінар па лічбавай бясьпецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».

17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Таксама застаюцца зьняволенымі:

  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG