Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 добрых спраў праваабаронцы Леаніда Судаленкі, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў


Леанід Судаленка. Архіўнае фота

Вядомаму гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і фінансаваньні масавых беспарадкаў. Падчас пратэстаў ён дапамагаў жыхарам Гомля складаць скаргі, аплачваць штрафы і ўтрыманьне ў ізалятары. Наступныя два месяцы ён правядзе ў гомельскім СІЗА.

Свабода прыгадала некаторыя добрыя справы праваабаронцы. У дапратэставыя часы ён дапамагаў аднавіцца на працы незаконна звольненым, атрымаць кампэнсацыі за вытворчыя траўмы, абараняў бедных, удоў і сірот.

Пра Леаніда Судаленку. Сьцісла

  • Нарадзіўся ў Брагінскім раёне ў шматдзетнай сям«і. Вучыўся ў сельскай школе.
  • Скончыў прафэсійную вучэльню будаўнікоў, адслужыў у войску (у ГДР).
  • Скончыў юрфак Гомельскага ўнівэрсытэту.
  • Працаваў на розных прадпрыемствах юрысконсультам. У 2000 годзе пазнаёміўся зь Віктарам Карняенкам і трапіў на «Палескую, 52» — «крэпасьць гомельскай апазыцыі».
  • Прайшоў стаж у Хэльсынскім фондзе правоў чалавека ў Варшаве, Летняй школе правоў чалавека. Вучыўся на Вышэйшых курсах аб правах чалавека ў Варшаве.
  • 10 сьнежня 2018 году атрымаў у Парыжы прэмію Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства».

Добрыя справы Леаніда Судаленкі

Напісаў сотні скаргаў для «незанятых у эканоміцы». Абараніў першага гомельскага «дармаеда»

У 2017 годзе ўлада абвясьціла частку грамадзян «дармаедамі» і абавязала іх выплаціць у бюджэт па 360 рублёў. Да Леаніда Судаленкі на прыём прыйшлі сотні «дармаедаў», якім ён дапамагаў пісаць скаргі. З першым гомельскім «дармаедам» Аляксандрам Сямёнавым праваабаронца пайшоў у суд — і ўлады тут жа вызвалілі гамельчука ад падатку.

Паступова дармаедзкі дэкрэт трансфармаваўся ў дакумэнт, паводле якога «дармаеды» мусяць плаціць даражэй за камунальныя паслугі.
Леанід Судаленка дапамог «адбіцца» ад падвышанай аплаты за камунальныя расходы жыхарцы Гомля Марыі Тарасенцы.

Абараніў работнікаў «Мілкавіты» ад спагнаньня «касьмічнай» недастачы за малако

Прадпрыемства «Мілкавіта» падала ў суд на сваіх работнікаў. Нібыта па віне 200 чалавек з заводу «некуды прапала» малако на суму больш як 141 тысячу рублёў. Леанід Судаленка дапамагаў работнікам заводу адстаяць свае правы. Урэшце 200 чалавек «адбіліся» ад «касьмічнай» недастачы.

Дапамагаў праваабаронца таксама работнікам тлушчавага камбінату і гарэлачнага заводу, на якіх таксама «вешалі» недастачы.

Дабіўся спагнаньня маральнай шкоды за гібель школьніцы «на бульбе»

Школьніца з Маладэчна Вікторыя Папчэня загінула на ўборцы бульбы. Леанід Судаленка дапамог сям’і дзяўчынкі на ўсіх этапах судоў, у тым ліку дабіўся спагнаньня маральнай шкоды.

«Мне казалі, я спэкулюю на гэтай трагедыі. Гэта ня так — я дапамагаў ня толькі бацькам Вікі, але і ўсім, чыіх дзяцей замест заняткаў у школе гоняць на ўборку бульбы», — камэнтаваў праваабаронца.

Абараніў «Гену зь лесапільні», якому адарвала пальцы на прадпрыемстве

Жыхару Рэчыцы Генадзю Літвінаву на прадпрыемстве адарвала пальцы. Наймальнік адмовіўся прызнаваць работніка «сваім», як і прызнаваць траўму вытворчай. Некалькі судовых працэсаў, у якіх удзельнічаў Леанід Судаленка як прадстаўнік пацярпелага, прывялі да прызнаньня рацыі за былым работнікам і спагнаньня маральнай шкоды з прадпрыемства.

Рабочы, які стаў інвалідам, дамогся з дапамогай праваабаронцы прызнаньня траўмы вытворчай і кампэнсацыі

Чатыры гады Леанід Судаленка займаўся справай рабочага з Гомельскага хімзаводу Аляксандра Клімава. Ён атрымаў траўму на заводзе, празь якую стаў інвалідам. Прадпрыемства, па словах былога рабочага, «выкінула мяне, як кацяня» і пакінула чалавека бяз сродкаў для існаваньня. Судовыя працэсы былі складанымі і доўгімі. Увесь час былому рабочаму юрыдычна дапамагаў Леанід Судаленка.

У выніку прадпрыемства было вымушанае прызнаць траўму вытворчай, а Аляксандар Клімаў атрымаў страхавыя выплаты.

Дзясяткі спраў, калі беларусы перамаглі дзяржаву ў Камітэце правоў чалавека ААН

Леанід Судаленка займаецца абаронай беларусаў на міжнародным узроўні — у Камітэце правоў чалавека ААН.

У 2008 годзе з дапамогай Леаніда Судаленкі Камітэт упершыню прызнаў дыскрымінацыю з палітычных матываў Аляксандра Мілінкевіча і Віктара Карняенкі.

Ад свайго імя супраць дзяржавы праваабаронца падаваў дзесяць скаргаў. Па ўсіх Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў:

дзяржава парушыла правы Леаніда Судаленкі на мірныя сходы, свабоду асацыяцый, права выбіраць і быць выбраным. Дзясяткі спраў беларусаў былі вырашаны станоўча ў міжнароднай структуры, якая прызнала, што дзяржава Беларусь парушае правы сваіх грамадзян.

Абараніў сірату ад кіраўніцтва ліцэю

Суд Рэчыцкага раёну пакінуў без задавальненьня пазоў Калінкавіцкага аграрна-тэхнічнага ліцэю да былога навучэнца Вячаслава Горленкі. Установа адукацыі спрабавала праз суд спагнаць з 23-гадовага сіраты 4188 рублёў — столькі дзяржава патраціла на яго навучаньне. Судзьдзя Алена Каліноўская вырашыла справу на карысьць навучэнца. На ўсіх этапах суду Леанід Судаленка юрыдычна дапамагаў сіраце.

Дапамог бацькам атрымаць кампэнсацыю за сына, які загінуў за паказуху перад Лукашэнкам

33-гадовы жыхар Гомля Кірыла Раманаў загінуў на аўрале перад прыездам кіраўніка Беларусі. Ён працаваў кіроўцам ратавальнага атраду Гомельскага хімзаводу. У дзень сьмерці Кірылу і ягоных калегаў адправілі мыць кароўнікі, бо меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка. Малады чалавек упаў з даху і загінуў. Хімзавод не палічыў сябе вінаватым, адмаўляў бацькам у поўнай кампэнсацыі маральнай шкоды.

Зь юрыдычнай дапамогай Леаніда Судаленкі бацькам удалося спагнаць маральную шкоду з заводу.

Абараніў бацьку траіх дзяцей ад высылкі ва Ўкраіну

Беларускія ўлады прынялі рашэньне выслаць грамадзяніна Ўкраіны Сяргея Працэнку на радзіму. Ён дзесяць гадоў жыў у Беларусі, ажаніўся, выхоўваў траіх дзяцей.

Буда-Кашалёўскі РАУС прыняў рашэньне аб высылцы Сяргея зь Беларусі на тры гады за адміністрацыйнае правапарушэньне. Мужчыну нападпітку на вуліцы затрымала міліцыя. Гэта і стала падставай для ягонай высылкі.

З дапамогай Леаніда Судаленкі ўкраінцу ўдалося застацца жыць у Буда-Кашалёве, са сваёй жонкай і дзецьмі.

Зьбіраў дапамогу сям’і, у якой забралі дзіця, і інваліду на пратэз

Леанід Судаленка адгукнуўся на просьбы аб дапамозе сям’і з Лоева, у якой праз беднасьць забралі 3-месячнае дзіця. Ён аказваў ім юрыдычную дапамогу і заклікаў грамадзянскую супольнасьць дапамагчы матэрыяльна Алесі Фаміной і Андрэю Коўзіку. Дзіця вярнулі ў сям’ю дзякуючы намаганьням неабыякавых беларусаў.

Леанід Судаленка адшукаў жыхара Пінску інваліда Мікалая Крычка і дапамог стварыць рахунак, на які неабыякавыя людзі змаглі ахвяраваць грошы на пратэз.

Гэта даволі сьціплы пералік тых спраў, у якія «умяшаўся» Леанід Судаленка. Днямі ён даслаў першы ліст калегу Васілю Палякову з гомельскага СІЗА. У лісьце праваабаронца заклікае людзей дапамагаць палітычным зьняволеным — пісаць лісты, пералічваць грошы на іх рахунак у СІЗА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG