Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі «з кожным днём губляе сілы» — упаўнаважаная ў правах чалавека Ўкраіны пра галадоўку былога грузінскага прэзыдэнта


Затрыманьне Міхэіла Саакашвілі, 1 кастрычніка 2021 г.
Затрыманьне Міхэіла Саакашвілі, 1 кастрычніка 2021 г.

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава расказала Радыё Свабода пра свой візыт да зьняволенага ў Грузіі экс-прэзыдэнта гэтай краіны Міхэіла Саакашвілі, які трымае ў турме галадоўку пратэсту

Паводле яе, стан палітыкі «цяжкі».

«Ён з кожным днём губляе сілы. Сам казаў, што ў яго было ўжо чатыры крызы, вельмі цяжкія. Ён, калі я была там, сказаў, што згодны на лекі для падтрымкі, гэта значыць, 30 таблетак у дзень і два кактэйлі, яму ставілі кропельніцы раніцай і ўвечары. Але потым мы зь ім абмеркавалі ўсе варыянты. Ён сказаў што не пераедзе ў шпіталь, калі ён будзе ў турме», — сказала Дзянісава.

Людміла Дзянісава каля турмы ў Руставі, дзе ўтрымліваецца Міхэіл Саакашвілі
Людміла Дзянісава каля турмы ў Руставі, дзе ўтрымліваецца Міхэіл Саакашвілі

Паводле яе словаў, Саакашвілі лічыць, што яго жыцьцё «пад пытаньнем». У прыватнасьці, ён адзначыў парушэньне правоў затрыманага.

«Гаварылі пра парушэньне працэсуальных правоў, а таксама пра парушэньне яго права на свабоду веравызнаньня, таму што ён хоча, каб прыйшоў адзін сьвятар, яму прыводзяць іншага. Гэта шмат пытаньняў, ён вельмі засмучаны, бледны, яму цяжка гаварыць», — дадала яна.

Дзянісава кажа, што пасьля сустрэчы атрымала інфармацыю пра адмову Саакашвілі ад любой мэдычнай дапамогі. Яна занепакоеная гэтым рашэньнем: «Гэта вельмі кепскі сыгнал, таму што цяпер трэба, каб лекар быў зь ім кожную хвіліну».

Галоўнае патрабаваньне галадоўкі Саакашвілі — вызваленьне і апраўдальны прысуд.

«Ён не прызнае сябе вінаватым па гэтых дзьвюх крымінальных справах, дзе ёсьць абвінаваўчыя прысуды і ў сувязі зь якімі ён зьняволены, і па дзьвюх крымінальных справах, якія разглядаюцца ў судзе, і ніхто ня можа даць яму магчымасьці выказацца публічна і абараніць сябе. Парушаныя разумныя тэрміны, восем гадоў разглядаюцца справы і ніяк не разгледзяць, а цяпер вядзецца новая справа», — сказала ўкраінская ўпаўнаважаная ў правах чалавека.

Пасьля візыту да Саакашвілі Дзянісава сустрэлася са сваёй грузінскай калегай Ніно Ламджарыя. Яна кажа, што па выніках сустрэчы было вырашана настойваць на тым, каб міністэрства юстыцыі Грузіі дазволіла аказваць мэдычную дапамогу Саакашвілі цывільным, а не турэмным лекарам. Паводле Дзянісавай, у турэмным шпіталі Саакашвілі пагражаюць вязьні, якія могуць зрабіць зь ім што заўгодна.

Дзянісава мяркуе, што магчымасьць прымусовага харчаваньня застаецца, паколькі гэта прадугледжана пратаколам затрыманьня Міністэрства юстыцыі Грузіі. Такое рашэньне могуць прыняць мэдыкі, калі зьняволены непрытомны і ня можа, на іх думку, вырашыць самастойна.

«Але спадар Саакашвілі заявіў, што адмаўляецца рабіць гэта, бо лічыць гэта парушэньнем сваіх правоў і парушэньнем артыкула 2 Канвэнцыі аб правах чалавека і асноўных свабодах. Таму ён адмаўляецца, а ёсьць рашэньне Эўрапейскага суду па правах чалавека па справе „Неўмяржыцкі супраць Украіны“, дзе гаворыцца, што прымусовае харчаваньне — гэта катаваньні», — дадала яна.

Дзянісава таксама адзначыла, што пасьля прыбыцьця ў Тбілісі яе дапытвалі аб мэце паездкі, нягледзячы на наяўнасьць дыпляматычнага пашпарта.

  • Былы прэзыдэнт Грузіі быў затрыманы 1 кастрычніка ў Тбілісі пасьля таго, як таемна прыбыў у Грузію з Украіны. Саакашвілі лічыць сябе палітвязьнем і пасьля арышту на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.
  • У Грузіі Саакашвілі прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі за памілаваньне былых чыноўнікаў МУС, асуджаных за забойства Сандра Гіргуліяні, і да шасьці гадоў турмы за зьбіцьцё былога дэпутата Валеры Гелашвілі. У грузінскай пракуратуры таксама ёсьць пытаньні наконт незаконнага перасячэньня ім мяжы.
  • Саакашвілі лічыць абвінавачваньні супраць яго сфабрыкаванымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG