Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі праз галадоўку схуднеў на 12 кг — адвакат


Міхэіл Саакашвілі, архіўнае фота
Міхэіл Саакашвілі, архіўнае фота

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі праз галадоўку страціў у турме каля 12 кг, паведаміў ягоны адвакат Бека Басілая, адведаўшы палітыка ў турме, перадае Interpressnews.

Паводле адваката, маральна Саакашвілі бадзёры.

«Па ім бачна, што чалавек схуднеў. Ён страціў прыблізна больш за 12 кг, наколькі я ведаю. З кожным днём ягоны стан здароўя паступова пачне пагаршацца, калі ўжо не пагоршыўся. Маральна ён бадзёры», — сказаў Басілая.

Міхэіл Саакашвілі трымае галадоўку ад 1 кастрычніка, калі яго затрымалі за незаконнае перасячэньне мяжы. Ён заявіў, што ня спыніць яе, пакуль сам ён «і людзі, арыштаваныя з-за мяне, ня будуць вызваленыя».

Саакашвілі вярнуўся ў Грузію напярэдадні муніцыпальных выбараў. Ён заклікаў грамадзянаў прыйсьці 2 кастрычніка на галасаваньне, а на наступны дзень сабрацца ў цэнтры Тбілісі.

Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, цяперашнія ўлады Грузіі абвінавачваюць яго ў

  • арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году,
  • уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэдзі»,
  • прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі,
  • арганізацыі нападу на дэпутата Валеры Гелашвілі ў 2005 годзе,
  • перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні,
  • растраце дзяржсродкаў у 2009–2012 гадах,
  • датычнасьці да забойства Бадры Патаркацышвілі.

Саакашвілі ўжо завочна асудзілі на тры гады зьняволеньня.

У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства паводле ўказу тагачаснага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнкі і Саакашвілі разладзіліся, і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб прадстаўленьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімер Зяленскі — пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
7 траўня 2021 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе палітык адпрацаваў менш за паўгода.

Прэзыдэнтам Грузіі Саакашвілі быў з 2004 да 2013 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG