Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі напісаў з турмы ліст прэзыдэнту Ўкраіны Зяленскаму


Міхаіл Саакашвілі, архіўнае фота
Міхаіл Саакашвілі, архіўнае фота

Тэкст ліста апублікаваны на ягонай старонцы ў фэйсбуку.

Па словах Саакашвілі, ён крануты словамі Зяленскага, які заявіў пра намер дамагацца ягонага вяртаньня ва Ўкраіну, бо ў яго ёсьць украінскае грамадзянства. Палітык напісаў, што арыштавалі яго незаконна, па «сфальсыфікаваных абвінавачваньнях, якія, акрамя Расеі, не прызнае ніхто ў сьвеце».

«Я больш за жыцьцё люблю сваю Грузію, але вельмі люблю і Ўкраіну, маю другую радзіму, дзе правёў шмат гадоў свайго жыцьця і дзе ў мяне ёсьць сям’я і сябры, і грамадзянства, якое я вельмі цаню. Я ўсё жыцьцё буду ганарыцца тым, што меў магчымасьць унесьці свой сьціплы ўклад у гістарычныя зьмены і рэформы, якія вы робіце. Паколькі я фактычна зьяўляюся асабістым вязьнем Пуціна, то вельмі высока ацэньваю вашу прынцыповую пазыцыю па абароне Ўкраіны, усяго рэгіёну і ўсіх вязьняў імпэрыі», — піша Саакашвілі.

Саакашвілі вярнуўся ў Грузію напярэдадні муніцыпальных выбараў. Ён заклікаў грамадзянаў прыйсьці 2 кастрычніка на галасаваньне, а на наступны дзень сабрацца ў цэнтры Тбілісі. Ён запэўніваў, што возьме ўдзел у акцыі. Першага кастрычніка прэмʼер-міністар краіны Іраклі Гарыбашвілі паведаміў, што Саакашвілі затрымалі і зьмясьцілі ў турму ў горадзе Руставі. Палітыка абвінавацілі ў незаконным перасячэньні мяжы. Саакашвілі абвясьціў галадоўку і заявіў, што ня спыніць яе, пакуль сам ён «і людзі, арыштаваныя з-за мяне, ня будуць вызваленыя». Ён таксама падкрэсьлівае, што адмаўляецца «ад мэдычнай дапамогі ў выпадку страты прытомнасьці і любога мэдычнага ўмяшаньня».

Трэцяга кастрычніка Ўладзімер Зяленскі заявіў, што ўсе інстытуты, уключаючы Міністэрства замежных спраў і амбасады, якія працуюць у Грузіі, будуць займацца пытаньнем яго вяртаньня.

  • Саакашвілі пакінуў Грузію ў 2013 годзе, адразу пасьля гэтага супраць яго распачалі чатыры крымінальныя справы. Ён у вышуку, яму вынесены шэраг прысудаў: па абвінавачваньнях у арганізацыі расправы над удзельнікамі мітынгу 7 лістапада 2007 году, у супрацьпраўным уварваньні ў будынак тэлеканалу «Імэдзі» і незаконным прысваеньні маёмасьці бізнэсоўца Бадры Патаркацышвілі, а таксама ў арганізацыі нападу на дэпутата Валеры Гелашвілі ў 2005 годзе, у перашкодзе расьсьледаваньню забойства банкіра Сандра Гіргуліяні і растраце дзяржсродкаў у 2009–2012 гадах.
  • У 2018 годзе палітыка па частцы гэтых спраў завочна асудзілі на тры гады турмы. Пазьней у 2018 годзе Генпракуратура Грузіі таксама абвінаваціла Саакашвілі ў датычнасьці да забойства Патаркацышвілі.
  • У 2015 годзе былы прэзыдэнт Грузіі атрымаў украінскае грамадзянства паводле ўказу тагачаснага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, які прызначыў яго кіраўніком Адэскай абласной адміністрацыі. Аднак праз два гады адносіны Парашэнкі і Саакашвілі разладзіліся, і ўкраінскі прэзыдэнт прыпыніў дзеяньне ўказу аб прадстаўленьні палітыку грамадзянства. Тады ж Саакашвілі забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю да 2021 году. Украінскае грамадзянства палітыку вярнуў толькі Ўладзімер Зяленскі — пасьля таго як выйграў выбары прэзыдэнта.
  • 7 траўня 2021 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі сваім указам прызначыў Саакашвілі кіраўніком выканаўчага камітэту рэформаў. Аднак на гэтай пасадзе палітык адпрацаваў менш за паўгода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG